Канкрэтыка хрысціянскай любові

Разважаючы пра канкрэтыку хрысціянскай любові, я адразу ўзгадваю два выслоўі. Першае — гэта словы са Святога Пісання: «Вера без учынкаў мёртвая» (Як 2, 17). Другое належыць маці Тэрэзе: «Калі вы лічыце, што свет навокал дрэнны, пачніце з сябе, змяніце сябе, і тады навакольны свет стане лепшым хаця б на аднаго чалавека».


Усё пачынаецца з канкрэтнай любові да сябе. Аднак гэта спрэчная тэма: у нас любяць гаварыць, што любоў да сябе — гэта эгаізм. Аднак па сутнасці эгаізм — гэта нелюбоў да сябе, гэта або празмернае самалюбаванне, або недахоп любові наогул, і да сябе, і да бліжніх. Калі мы не любім сябе, як жа зможам любіць іншых?

У чым жа гэта выяўляецца? Любоў да сябе — гэта ўважлівае стаўленне да свайго здароўя, сваіх унутраных рэсурсаў, духоўнага жыцця. Звярніце ўвагу на тое, колькі вы спіце, ці клапоціцеся, каб, апроч працы, хапала часу і на адпачынак і на аднаўленне сілаў. Ці клапоціцеся вы аб правільным і своечасовым харчаванні? Любоў да сябе — гэта ўменне правільна адпачываць, так, каб адпачынак сапраўды прыносіў карысць целу, душы, псіхіцы. Ці ведаем мы, што будзе для нас адпачынкам, які дасць сілы для далейшай працы? Для некага адпачынак — гэта, напрыклад, марафонскі бег, для некага — наведванне мастацкай галерэі, канцэрта, цішыня з кнігаю, пледам і гарбатаю.

Неабходна ўважліва ставіцца да свайго цела,
бо цялесная слабасць патрабуе занадта шмат сілаў ад душы,
і духоўнага росту не будзе.

Любоў да сябе — гэта клопат пра сваю прыгажосць: і духоўную, і знешнюю. Фізічныя практыкаванні, масаж — прыклад не эгаізму, а клопату пра сваё здароўе. Касметычныя працэдуры, манікюр, прафесійная стрыжка — клопат пра сябе як пра Божы вобраз, таму што Бог стварыў нас прыгожымі. Іншае пытанне — празмернасць або недахоп гэтага клопату, але праўда — у залатой сярэдзіне.

Аддаваць любоў можна толькі тады, калі гэтая любоў ёсць унутры. Якія рэсурсы  мы маем, адкуль бяром сілы займацца працаю, сям’ёю, сваёю душою? Што напаўняе нас, каб мы маглі далей любіць іншых людзей? Гэтым рэсурсам часта бывае і прырода, і нейкі мудры чалавек, да якога можна звярнуцца па параду. Найбольшая крыніца сілы і духоўнага росту — зносіны з Богам. Істотна, колькі часу мы даем сабе для гэтага, як выглядаюць гэтыя адносіны кожны дзень, як змяняюцца на працягу жыцця. Уся практычная хрысціянская любоў мёртвая, калі няма зносінаў з Богам.

Дзеці вучацца практыцы любові ў сям’і, на прыкладзе бацькоў. Гэта самыя простыя рэчы: важна не тое, што мама і тата гавораць, а што яны робяць, як мама ставіцца да бацькоў таты, як будуе з імі адносіны, як размаўляе з маці мужа і сваёй маці, як у сям’і адзначаюцца святы і хто прыходзіць у госці, як тата ставіцца да мамы. Канкрэтыка хрысціянскай любові — ва ўзаемадапамозе і падтрымцы ў што­дзённых справах. Ці ёсць у сям’і строгае раздзяленне абавязкаў, і, калі ёсць, ці гатовы тата дзеля любові да мамы выйсці за межы строгіх традыцыйных роляў і зрабіць тое, што «мужчына не павінен рабіць»: ці памые ён посуд, ці прыгатуе ежу, ці памые дзіця, ці зменіць малому падгузнік? Ці яго любоў — гэта толькі паказальнае «выступленне» перад іншымі, ці ён сапраўды практыкуе такую дапамогу сваёй сям’і?

Як часта дзеці бачаць, што бацькі дзякуюць адно аднаму?
Ці прымае жонка мужа як галаву сям’і, які яе забяспечвае,
як часта шчыра яму дзякуе? А ці дзякуе муж жонцы за працу,
якую яна робіць?

Без прыняцця і падтрымкі ўсялякая праца становіцца руцінаю і пачынае абцяжарваць, а крыніца любові паступова высыхае, калі мы перастаем бачыць адзін аднаго.

З сям’і канкрэтныя праявы любові выходзяць за яе межы. Дзеці бачаць, ці выяўляецца практычная любоў толькі ў сям’і, заўважаюць, як сям’я праяўляе любоў да іншых людзей, напрыклад, да суседзяў, як будуе з імі адносіны. Ад бацькоў дзеці вучацца ветлівасці да іншых людзей. Гэта неабавязкова людзі аднолькавай з намі веры, колеру скуры, менталітэту. Побач могуць жыць зусім іншыя людзі, іншага сацыяльнага кола, дастатку, выхавання. Напрыклад, каля дома можа бадзяцца чалавек без канкрэтнага месца жыхарства. Калі бацькі выказваюць да яго пагарду, дзіця засвойвае гэта і ўсё жыццё, магчыма, будзе пагардліва ставіцца да тых, хто ніжэй за яго, хто менш зарабляе, горш апранаецца, не мае тонкага густу… Іншы прыклад, калі мама і тата кожную раніцу выносяць гэтаму чалавеку гарачую ежу, узімку даюць цёплыя рэчы.

Часта праявы спачування да іншага чалавека,
канкрэтныя праявы хрысціянскай любові прыводзяць іх да веры.

Узгадваю выпадак са сваёй практыкі: дзяўчына, якая жыла ў інтэрнаце, ужо мела адно дзіця і зацяжарыла другім. Муж кінуў яе, і яна думала пра аборт. Але не адважылася, а замест гэтага вырашыла пакінуць малое ў раддоме. Ёй дапамагла суседка каталічка: яна сядзела са старэйшым дзіцем, арганізавала збор рэчаў, знайшла дзіцячы вазок, ложак, падтрымлівала маладую адзінокую маму псіхічна і духоўна, малілася за яе. Яна амаль не гаварыла пра сваю веру, а проста дапамагала. Цяпер у гэтай дзяўчыны ўсё ў парадку, яе дзіцяці ўжо 1,5 гады. Яна гаворыць, што не ведае, што тады з ёю адбывалася: нейкае зацьменне розуму, бо здавалася, што няма выйсця. Але яе падтрымалі канкрэтнаю хрысціянскаю любоўю. Пазней яна і сама прыйшла да Бога, па прыкладзе сваёй суседкі. 

Мы — хрысціяне, і важна, як выяўляецца нашая практычная любоў у парафіі, наколькі мы гатовы ўсіх прымаць там. У касцёл прыходзяць зусім розныя па ўзросце, статусе, адукацыі, светапоглядзе людзі. Прыклад канкрэтнай любові да іх — праца парафіяльнага «Карытаса», калі ў парафіі не застаецца ананімных абяздоленых людзей, калі клопатам і практычным дабром ахопленыя ўсе. Праява канкрэтнай любові — тое, з якою мэтаю мы прыводзім на заняткі рэлігіі сваіх дзяцей. Цягнуць іх сілаю — гэта прымус да любові, а не любоў, і ў пэўны момант дзіця адмовіцца на іх хадзіць. Аднак недахоп увагі і прыкладу, калі мы вядзем дзяцей у касцёл, а самі застаемся ўбаку, таксама небяспечны, бо дзеці пачынаюць лічыць рэлігію проста зборам рытуалаў. Праява канкрэтнай любові — нашыя ахвяраванні ў касцёле. Важна, ці мы даем грошы ад таго, што не шкада, ці гэта дзейсная любоў, бо нашыя грошы дапамагаюць усёй супольнасці.

Вельмі добры прыклад канкрэтнай любові і дапамогі іншым — гэта валанцёрства. Колькі хрысціянаў пастаянна прымае ўдзел у дабрачынных мерапрыемствах? Няшмат… Многім падабаюцца гэтыя ініцыятывы ў юнацтве, а пасля яны выгара­юць і цалкам пераключаюцца на ўласную сям’ю. Цяпер у Беларусі практыка такога роду дабрачыннасці больш распаўсюджаная ў пратэстантаў, і яны даюць нам добры прыклад. Напрыклад, пратэстанцкая суполь­насць можа ўзяць усіх дзяцей з Дзіцячага дому да сябе на вакацыі. Вельмі распаўсюджаная практыка ўсынаўлення: многім вядомы цудоўны прыклад акцёраў купалаўскага тэатра Паўла і Ганны Харланчукоў, у якіх трое сваіх дзяцей і двое ўсыноўленых. Вялікую працу робіць каталіцкі валанцёрскі «Рух святога Мікалая»: яны ходзяць у сацыяльныя прытулкі, дамы немаўляці, робяць святы для сіротаў. Напрыклад, дзякуючы ім маленькія інваліды з Дома дзіцяці ўсё лета маглі быць на свежым паветры. Выхавацелі часам не здольныя вывесці на шпацыр усіх дзяцей, бо многім з іх патрэбна асаблівая апека, бо яны не могуць ха­дзіць. Вялікую працу робіць гэты рух, падтрымліваючы прытулак для бяздомных у вёсцы Аляксандраўка. Вялікае значэнне маюць дабрачынныя ініцыятывы беларускага «Карытаса». Напрыклад, сталоўкі з гарачаю ежаю для бедных, арганізаваныя ўжо ў некалькіх беларускіх гарадах. Дабрачынныя праекты для дзяцей сіротаў і складаных падлеткаў ладзіць місія «Чыстае сэрца».

Аднак да валанцёрства трэба прыходзіць свядома — гэта не проста душэўны парыў, а адказнасць. Нельга проста так, ад «няма чаго рабіць», схадзіць, напрыклад, у Дзіцячы дом: важна, з чым мы туды ідзем, важна прыносіць любоў тым, хто яе не мае, і рабіць гэта рэгулярна. Гэта праца любові. Толькі адказныя людзі могуць быць валанцёрамі, нельга кіравацца жаданнем паказаць, «які я харошы», або жаданнем супакоіць уласнае сумленне.

Не кожны па стане здароўя і псіхічным складзе можа ісці ў прытулкі,
бальніцы, да бедных. Важная праява канкрэтнай любові —
малітва за валанцёраў, іх духоўная падтрымка.

Наколькі мы наогул гатовыя падтрымліваць дабрачынныя ініцыятывы? Як мы адносімся да збору сродкаў, які праводзіцца тым жа «Карытасам»? Ці не ўспрымаем гэта так, што з нас «цягнуць грошы», ці жадаем мы з чыстым сэрцам дапамагчы лю­дзям? Як мы ставімся да збору рэчаў для бедных, які часта арганізоўваецца пры касцёлах? Прынесці ў касцёл дзіравае, пабітае моллю, дрэннай якасці адзен­не, якое дваццаць гадоў праляжала ў шафе і якое мы самі ні за што не апранем больш — гэта не праява любові да бліжняга.

Я захапляюся нашай хрысціянскай моладдзю — тым, колькі ў іх узнікае цудоўных ініцыятываў і ідэяў, і заклікаю Касцёл і касцёльныя супольнасці не гасіць, а падтрымліваць гэтыя ініцыятывы! Добры прыклад — праца «Радыё Марыя» ў Беларусі, якая будуецца ў многім на энтузіязме маладых людзей і іх жаданні рабіць дабро. Яны робяць мноства цікавых перадачаў, падымаюць вельмі важныя тэмы ў прамым эфіры. Неабходна, каб найперш бацькі, а пасля таксама святары, законніцы, катэхеты і катэхеткі знаходзілі час гаварыць з дзецьмі і моладдзю, фармавалі ў іх актыўную пазіцыю любові да людзей, падтрымлівалі гэтае жаданне ў юнацтве, калі яно яшчэ толькі фармуецца. Тады замацаванае ў чалавеку імкненне практыкаваць любоў застанецца прывычкаю на ўсё жыццё.

Канкрэтная хрысціянская любоў — гэта нашая жыццёвая пазіцыя,
стаўленне да бліжніх, і не вельмі бліжніх, у грамадстве.

У больш шырокім сэнсе — гэта таксама падтрымка сацыяльнай сферы, напрыклад, калі мы сумленна плацім падаткі, з якіх фармуецца заробак дактароў і настаўнікаў у краіне. Маючы ўласную фірму, ці плачу я падаткі за супрацоўнікаў? А з якім настроем я саступаю месца ў транспарце? Ці дапамагаю на вуліцы жанчыне з малым дзіцем? Ці дапамагу чалавеку, які раптам адчуў сябе дрэнна? Гэта штодзённыя праявы любові хрысціяніна. Узгадваецца жудасны выпадак мінулаю зімою ў Мінску, калі ніхто не дапамог бездапаможнаму мужчыну, які ўпаў у тралейбусе з інсультам і цудам выжыў... І тут прывяду іншы, супрацьлеглы прыклад. У грамадстве ёсць катэгорыі абяздоленых, якія не так заўважныя, як дзеці сіроты, але патрабуюць не меншай увагі. Маладая жанчына, Дыяна Сівіцкая з Мінска, звярнула ўвагу на бабуляў, якія ў метро прадаюць вязаныя шкарпэткі, і заснавала маленькае дабрачыннае прадпрыемства «Шкарпэткі ад бабулі». Справа не толькі ў тым, што бабулі атрымалі магчымасць зарабіць, а ў тым, што ў сваёй адзіноце яны адчулі сябе патрэбнымі: да іх прыхо­дзяць, з імі размаўляюць, праяўляюць увагу, яны не паміраюць у адзіноце. Цудоўная ініцыятыва!

Яшчэ адзін прыклад хрысціянскай любові, які вельмі мяне ўразіў: мінулаю вясною падчас акцый пратэсту маладая каталічка Людміла стала перад узброенымі людзьмі на калені з ружанцам, каб маліцца за ўсіх, і за пратэстоўцаў, і за міліцыянтаў. Гэта — канкрэтыка хрысціянства.
Канкрэтная практыка любові не мае нічога агульнага з міфічным «збіраннем плюсікаў у карму». Набралі дзясятак добрых учынкаў, і гэтага дастаткова? Хрысціянін не можа спыняцца, бо практыкаванне любові — нашая актыўная свядомая пазіцыя ў жыцці, якая з дзяцінства і юнацтва з уласнай сям’і распаўсюджваецца на нашае атачэнне ў касцёле і ў грамадстве. Менавіта гэтым павінны вылучацца хрысціяне.


Ірына Шмак — псіхолаг, кіраўнік сацыяльнага цэнтра
«Шчаслівы малы» SOS Дзіцячай вёскі ў Бараўлянах

 

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней