Сёння мы пераходзім з вамі, дарагія чытачы, да такой важнай і складанай тэмы, як ацаленне пачуццяў. Мы будзем гаварыць пра 5 этапаў ацалення, або 5 этапаў памірання, бо, як кажа нам Езус, калі зерне, пасаджанае ў зямлю, не памрэ, то яно не дасць плёну, застанецца адно. А аднаму заставацца не вельмі хочацца, ні ў духоўным плане, ні ў псіхалагічным.
Першы этап памірання, або ацалення пачуццяў — гэта выцісканне негатыву.
Трэба ўдакладніць: для таго, каб пачуцці атрымалі ацаленне, каб мы змаглі прабачыць, трэба прайсці 5 этапаў. Само прабачэнне адбываецца толькі на апошнім, пятым этапе, раней гэта немагчыма, унутры толькі будуць узрастаць агрэсія і крыўда. Для таго, каб пачаць духоўнае і псіхалагічнае ацаленне, патрэбны моцны падмурак.
Ён будуецца, па-першае, на разуменні, што Бог любіць нас безумоўна. Сапраўдны Бог, а не той вобраз, які можна сабе намаляваць, прымае нас незалежна ад таго, як мы выглядаем, які ў нас унутраны стан, што мы адчуваем...
Па-другое, мы можам падзяліцца сваімі пачуццямі з нашым Богам. Увага: усімі сваімі пачуццямі! Станоўчымі, адмоўнымі, прыгожымі, непрыгожымі, якіх мы саромеемся (гэта найчасцей розныя сексуальныя пачуцці і перажыванні). Пра сексуальную сферу хачу дадаць асобна: гэта самая інтымная сфера чалавечых пачуццяў, але паколькі Бог яе стварыў у нас, Ён і мусіць таксама з ёю разабрацца. Такім чынам, можна спакойна гаварыць з Ім пра ўсё.
Які ж мой сапраўдны вобраз у вачах Божых, заснаваны на гэтым падмурку?
Я — чалавек, якога любяць усялякім, у любым стане, у любой сітуацыі. Гэта зусім не так, як часам здараецца ў адносінах паміж людзьмі: пакуль ты шчаслівы, прыгожы, разумны, багаты, у цябе мноства «сяброў», а калі ўсё гэта заканчваецца, «сябры» знікаюць. У адносінах з Богам, калі нас любяць і безумоўна прымаюць усялякімі, мы шчыра можам дзяліцца сваімі перажываннямі.
Здараецца, што ўнутранае жыццё чалавека знаходзіцца ў такім стане, што нават з гэтым падмуркам даводзіцца доўга працаваць, каб перайсці да першага этапу ацалення пачуццяў. Гэта, як я ўжо адзначыла, этап выціскання негатыву, або ацаленне свайго стану, усіх сваіх пачуццяў. Гэта ўключэнне розных псіхалагічных абарончых механізмаў для таго, каб чалавек мог больш-менш нармальна функцыянаваць. Напрыклад, з самай раніцы мяне нехта пакрыўдзіў. Мне трэба ісці на працу і добра выглядаць, а я плакала. Што ж мне рабіць? Я мыю твар, бяру касметыку і хаваю сляды слёз, а па дарозе думаю абы пра што, толькі не пра крыўду, бо інакш я не змагу нармальна жыць. Я бягу ад гэтай крыўды, і ў гэтым нічога дзіўнага, гэта бывае нават неабходна. Але калі я такім чынам бягу ад болю адзін год, другі, трэці, то праблемы назапашваюцца і ў пэўны момант я ўжо не змагу ўцякаць ад сябе. Калі ўрэшце не дазволіць сабе напоўніцу перажыць боль, які мне прычынілі, аднойчы ўцёкі стануць маёй вялікай праблемай.
Выцісканне негатыву можа мець розныя формы, і, мне здаецца, кожны пазнае свае ўласныя перажыванні ў яго механізме.
Першая форма, самая цяжкая, гэта прыгнятанне.
Напрыклад, з чалавекам у дзяцінстве адбылося што-небудзь вельмі страшнае, і гэта так моцна ўплывае на яго існаванне, што ён ужо не можа пра гэта памятаць, бо інакш не зможа жыць, і таму выціскае з памяці. Часта такія рэчы належаць да вельмі інтымнай сферы жыцця дзіцяці або падлетка (сексуальны гвалт і здзекі, інцэст) або да сферы поўнага непрымання дзіцяці адным з бацькоў, аднаго з ім полу: калі, напрыклад, маці вельмі сур’ёзна даводзіць дачцэ, што яна нікчэмнасць, вырадак, і тая верыць. Гэта тыя памежныя псіхалагічыя моманты, якія вельмі цяжка перажыць без поўнага іх выціскання.
Наступная форма: «мне падалося».
Чалавек пачынае ўгаворваць сябе, што крыўды не было, што гэта была недарэчнасць або яго ўласная фантазія. Гэтая форма падобная да яшчэ адной: «бывае і горш». Чалавек гаворыць сабе, што ў іншых бываюць і страшнейшыя сітуацыі, і за гэтымі «іншымі» хавае свой уласны боль: «У іншых таксама бацькі алкаголікі, у іншых таксама бацькі здраджваюць, не толькі ў мяне».
Яшчэ адна форма выціскання негатыву: «я вытрываю».
Чалавек пераконвае сябе ў тым, што страшнае здарэнне можна перажыць, толькі трэба ўзяць сябе ў рукі і працягваць спакойна функцыянаваць: гэта ж не смерць, і зямны шар ад гэтага не перастане круціцца…
Выцісканне негатыву вельмі часта можа адбывацца праз кампенсацыю і гратыфікацыю.
Напрыклад: «Я пайду пасплю і забудуся пра тое, што адбылося са мною ўчора; я пайду з’ем што-небудзь смачненькае і супакоюся». Некаторыя кампенсуюць свой боль праз вандроўкі, дарагія курорты — гэта толькі пытанне фінансавых магчымасцяў, але яно не змяняе праблемы. Часта чалавек думае: «Гэта ж проста шакаладка, дробязь, можна сабе гэта дазволіць», а пасля раптам заўважае, што заядае ўсе свае клопаты і праблемы. Мы ўпэўненыя, што з’есці торцік — невялікі грэх, нічога не адбудзецца, калі проста пасядзець пару вечароў перад тэлевізарам, пагуляць у камп’ютарную гульню, каб забыцца аб праблемах, патраціць якую сотню на аўтаматы ў бліжэйшым забаўляльным цэнтры… А можа, для зняцця стрэсу я пачну паліць, выпіваць лішнюю чарку, падсяду на наркотыкі. Адсюль бяруць свае вытокі самыя цяжкія залежнасці. Асобна я хацела б сказаць пра папулярны цяпер нават сярод медыкаў міф: «секс для псіхічнага і фізічнага здароўя», каб расслабіцца. Нават калі доктар кажа вам, што для здароўя трэба рэгулярна «з кім-небудзь спаць», ведайце — гэта хлусня і таксама свайго роду кампенсацыя!
Яшчэ адна форма выціскання негатыву — кар’ера.
Чалавек кажа сабе: «Падумаеш, мяне паранілі, пакрыўдзілі! Я вось усім вам пакажу: атрымаю чырвоны дыплом, абараню кандыдацкую, зраблю кар’еру!». Зразумела, у сумленнай працы нічога дрэннага няма, але калі гэта форма выціскання негатыву, тады імкненне да дасканаласці становіцца фетышам — нібыта чалавек такі добры, такі перфекцыяніст у працы, але ад яго ідзе такі ўнутраны холад, што хочацца бегчы як мага далей...
Сродкі масавай інфармацыі «падаравалі» нам такую форму выціскання негатыву: «як у рэкламе».
Адусюль мы чуем: чысціце зубы нашай пастай, карыстайцеся нашай касметыкай і бытавой тэхнікай, апранайцеся ў нашае адзенне і будзеце шчаслівыя. І чалавек у складанай сітуацыі часам пачынае шукаць для сябе выйсце ў рэкламных абяцаннях.
Распаўсюджаная форма выціскання негатыву — гэта канфармізм.
Чалавек паводзіць сябе з веруючымі — як вернік, з атэістамі — як атэіст, з камуністамі — як камуніст і г.д., і робіць гэта вельмі шчыра… Здавалася б, усё амаль па-біблейску: радавацца з тымі, хто радуецца, і плакаць з тымі, хто плача. Розніца ў тым, што ў сапраўдных вернікаў, атэістаў, камуністаў заўжды ёсць свае пытанні і сумненні, яны заўжды ў пошуку. А чалавек, які нешта выціскае, амаль ніколі не сумняваецца, гэтак яму ўдаецца спакойна жыць і адчуваць як мага менш, і сапраўдных яго пачуццяў і меркаванняў ніхто не ведае.
Часта сустракаецца такая форма выціскання негатыву, як вечны пошук пахвалы і прыняцця, кампліментаў.
Чалавек можа вельмі залежаць ад таго, каб яго пахвалілі, і адсутнасць такой увагі можа прыводзіць яго ў раздражненне, выклікаць гнеў. Усё робіцца дзеля таго, каб абавязкова атрымаць пахвалу.
Існуюць яшчэ дзве супрацьлеглыя формы выціскання негатыву: «ганарысты і правільны» і «цалкам бездапаможны».
Каб спраўляцца са складанай, балючай сітуацыяй, чалавек або імкнецца цалкам кантраляваць сваё жыццё, трымаць яго ў руках, ствараючы для сябе ілюзію ўсемагутнасці, або наадварот: пачынае вырошчваць і песціць уласную бездапаможнасць і маліцца на ўласныя комплексы.
Выцісканне негатыву можа праяўляцца праз пазіцыю «бачу і чую толькі тое, што хачу бачыць і чуць». Гэта абыякавасць чалавека да сапраўднага стану рэчаў, да сябе і да іншых, выбарачнае ўспрыманне таго, што адбываецца. Яно можа праяўляцца таксама праз пазіцыю «ў мяне на ўсё ёсць тлумачэнне»: чалавек ніколі не прызнае сваёй памылкі, бо заўжды вінаватае надвор’е, начальнік, муж, дзеці і г.д. Гэта часам перарастае ў стан «вечнай ахвяры»: «Канешне, мяне ж пакрыўдзілі, паранілі 50 гадоў таму, і гэта зрабіла мяне такім, які я ёсць»… Зразумела, у гэтым ёсць свая праўда, але ж і ад самога чалавека залежыць, як рэагаваць на крыўду. Толькі зусім неразумны чалавек жыве паводле прыцыпу «куды пхні, туды і павалюся», але калі проста паразважаць (я не кажу пра глыбокае духоўнае жыццё), чалавек сам можа вырашаць, як паводзіць сябе ў адказ на крыўду…
Вы даведаліся сёння пра асноўныя формы выціскання негатыву. У наступным артыкуле мы разгледзім спосабы змагання з імі. Трэба адзначыць, што выцісканне негатыву, уцёкі ад болю — вельмі небяспечныя для псіхікі. Гэта бяспечна і патрэбна толькі ў самы першы момант, калі чалавеку проста трэба працягваць функцыянаваць. Але далей з болем трэба разбірацца, рану трэба лячыць, бо інакш яна разрастаецца, і сам чалавек пачынае раніць, грызці, штурхаць, труціць і сябе самога, і іншых.
Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле лекцый і семінараў сястры Паўлы Бобер MSF