Пяць этапаў ацалення пачуццяў. Этап 1: Выцясненне — што рабіць?

У мінулы раз мы з вамі размаўлялі пра формы выцяснення — першага этапа ацалення пачуццяў. Мне хочацца яшчэ раз падкрэсліць, чым выцясненне небяспечнае для чалавечай псіхікі, чаму яго неабходна пераадольваць. Калі праводзіць паралель з медыцынаю, то выцясненне для псіхікі — гэта тое самае, што імгненнае зняцце сімптомаў шоку для арганізма, якое можа прывесці да ўскладнення сітуацыі. Частковае выцясненне бывае патрэбнае тады, калі ёсць вельмі вялікія раны, вельмі цяжкія крыўды, але гэта выйсце толькі на першы час.


Аднойчы медыкі право­дзілі такое даследаванне: перад сур’ёзнымі аперацыямі хворым задавалі пытанне: «Ці вы баіцеся?». Было тры групы адказаў: «Не, нічога не баюся, медыцына цяпер на высокім узроўні, мне зусім не страшна!», «Я вельмі баюся, я проста не перажыву гэтага, не ведаю, што са мною будзе!», і «Баюся, але гэта яшчэ не канец свету. Будзе нялёгка, але я спраўлюся!». Лепш за ўсіх пераносілі аперацыі і праходзілі рэабілітацыю хворыя менавіта з трэцяй групы, у якіх выцясненне было частковае.

Цяпер варта падумаць, што рабіць з выцясненнем, як не затрымацца на гэтым этапе і йсці далей. Я распавяду пра методыкі агульнай і хрысціянскай псіхатэрапіі.

Пачнем з агульнай. Спачатку можна задаць сабе пытанні: «Магчыма, у мяне сапраўды не ўсё гладка, не ўсё ў парадку? Можа, я хоць у нечым памыляюся, хоць на 1 працэнт, думаючы, што ўсё цудоўна? Можа, нешта мне ўсё ж не падабаецца ў тым, як я жыву?», і паспрабаваць шчыра адказаць. У душы могуць узнікаць вельмі рацыянальныя адказы, вельмі разумныя апраўданні — чым адукаваней чалавек, тым небяспечней. Але чым больш такіх аргументаў, тым большая мая слабасць, чым больш апраўданняў — тым больш праблемаў я жадаю схаваць ад сябе самога. Напрыклад, я пераконваю сябе, што ў мяне ўсё добра, але не магу выйсці на вуліцу, не думаючы: «А што скажуць людзі?», бо моцна залежу ад грамад­скага меркавання. Я даказваю сабе, што я ў парадку, але мне нічога не хочацца, нішто мяне не цікавіць, я не разумею, дзе хачу працаваць, чым жадаю займацца, я ляжу на канапе і лянуюся. Гэта не­прыманне сябе і свайго жыцця. Лянота наогул — увасабленне бессэнсоўнасці жыцця. Прыроджанай ляноты не бывае, у яе заўсёды ёсць прычыны. Задаўшы сабе гэтыя пытанні, трэба паспрабаваць не збегчы ад болю, не супакойваць сябе, а пашукаць адказ: чаму так атрымліваецца?

Або іншы варыянт: не задаваць пытанні, а паразмаўляць пра свае пачуцці з блізкім чалавекам або з самім сабою. Паразмаўляць не пра думкі, не пра меркаванні, а менавіта пра пачуцці. Неабходна абавязкова прагаварыць усё ўслых, бо, вымаўляючы, можна хутчэй адчуць прыхаваны фальш. Паспрабуйце хаця б раз у жыцці ў размове з сабою звярнуцца да таго, хто вас пакрыўдзіў (можаце фотаздымак перад сабою пакласці), і выказаць, не стрымліваючыся, усё, што адчуваеце, — увесь свой гнеў, усю крыўду. Гэта і ёсць псіхатэрапія. Прагаворваючы сваю праблему, мы дазваляем сабе напоўніцу адчуць свой боль і перажыць яго, пазбаўляючыся ад выцяснення. Мы перастаем нарэшце бегчы ад саміх сябе і можам перайсці да наступных этапаў аздараўлення сваіх пачуццяў.

Разгледзім цяпер тры этапы хрысціянскай псіхатэрапіі. Першы этап — распавесці Хрысту пра свае пачуцці. Другі этап — зразумець, што адчувае Хрыстус. І трэці этап — прыняць тое, як дзейнічае ў вашым жыцці Хрыстус.

1) Распавесці Хрысту пра свае пачуцці

Можна прымаць Бога або не прымаць, хацець або не хацець з Ім размаўляць, але ў любым выпадку, калі за ўсё жыццё мы да Яго не прыйшлі, то перад смерцю ўсё адно прыйдзем, але будзе ўжо пазнавата. Вялікая просьба: не блытайце такую размову са споведдзю: споведзь — гэта сакрамэнт, а не псіхатэрапія, на споведзі мы не гаворым пра тое, што прыносіць нам боль.

З чаго пачаць размову? Што б мы ні адчувалі, пачы­наць трэба з удзячнасці: «Дзякуй Табе, Божа, што я адчуваю гнеў, нянавісць, бо гэта робіць мяне жывым чалавекам». Той, хто ўсё жыццё выцясняе свае пачуцці, — жывы мярцвяк. Часам у сваім рэлігійным жыцці мы перакручваем многія паняцці: «Як гэта можна: злавацца? Я ж хрысціянін!». Але ўзгадайце, як Езус гневаецца, калі Яму надакучыла глядзець на гандляроў у святыні, як Ён пераварочвае сталы і бізуном выганяе іх адтуль. Узгадайце Яго размовы з фарысеямі — якія бязлітасныя, жорсткія словы гучаць з вуснаў Езуса! Таму не бойцеся выказваць свой негатыў — гэта ачы­шчае нас знутры, дае свабоду. Дзякуючы гэтай свабодзе вы зможаце пазней лепш прымаць і разумець іншых людзей, перастанеце на іх злавацца —не таму, што так добра сябе кантралюеце, а таму што многія рэчы проста перастануць вас раздражняць. Я часам гавару: калі нас упершыню несправядліва паліваюць брудам, мы лічым, што гэта канец свету, а калі ў пяцідзясяты раз — мы прыходзім да крыжа і кажам: «Божа, дзякуй Табе!». Гэтаксама апосталы некалі цешыліся тым, што могуць пакутаваць у імя Хрыста.

Падзякаваўшы, паразмаўляйце з Хрыстом вельмі канкрэтна: чаго вы баіцеся, што для вас агідна, што непрыемна, што прыносіць боль? Трэба прагаварыць гэта гучна і дакладна, каб пачуць фальш ва ўласных словах. Пасля трэба папрасіць Езуса даць вам ласку спазнаць уласныя раны і крыўды і пасядзець у цішыні. Гэта можа доўжыцца 15 хвілін або 3 гадзіны, і тады з самых глыбіняў душы у вас пачне падымацца ўвесь схаваны, выцеснены вамі боль, усе крыўды і знявагі. Вам будзе дрэнна, магчыма, нават фізічна: можа забалець галава або моцна заб’ецца сэрца, але галоўнае ў гэты момант зноў не збегчы. Езус дасць вам адчуць той боль, які, магчыма, назапашваўся ўнутры доўгія гады. Ён можа дапамагчы вам спазнаць вашыя страхі і глебу, на якой яны ўзрастаюць. Не трэба баяцца, што за гэты час цішыні ў вас узнікнуць нейкія староннія думкі, бо калі са­праўды засяродзіцца на ўласных пачуццях, іншых думак не ўзнікне, пачуцці акажуцца важнейшымі за ўсё. Калі мы запытаем уласнае сэрца пра боль і знявагі, якія яно адчула, гэта будзе самым галоўным. Староннія думкі сведчаць пра тое, што вы не да канца засяродзіліся на сваіх пачуццях і трэба вярнуцца і пачаць усё нанова.

Калі ўзгадваюцца некалькі вялікіх ранаў, трэба выбраць з іх самую старую або тую, што выклікае самую вялікую фізіялагічную рэакцыю, і засяродзіцца на ёй: усё выказаць, выплакаць, выкрычаць Богу пра яе, няхай нават з ламаннем сталоў і біццём посуду. Гэткім жа чынам праз пару дзён трэба ўзяцца за наступную рану, а пасля за іншую…

2) Зразумець, што адчувае Хрыстус

Трэба адкласці свае пачуцці і перажыванні ўбок і паразважаць над пачуццямі Хрыста. Для гэтага патрэбны які-небудзь урывак з Евангелля, напрыклад, сустрэча Езуса і вучняў па дарозе ў Эмаўс (гл. Лк, 24). Памятаеце? Езус набліжаецца да іх і пытаецца, чаму яны сумуюць, а вучні адказваюць. І ў гэты момант пастаўце сябе на месца вучняў, уявіце, што можа спытаць у вас Хрыстус і што вы скажаце Яму пра сваю сітуацыю: «Ты што, не бачыў, што са мною адбылося? Ты не бачыў, як мяне крыўдзілі?»... А пасля будзе гаварыць сам Езус. Памятаеце, што Ён адказаў вучням? «О неразумныя і марудныя сэрцам…» (Лк 24, 25). Паслухайце, што Ён скажа пра вашае жыццё. Можа, гэта будзе так: «Неразумны… Я падказваў табе і тады, і пазней, ці ж ты не чуў?», «Пагля­дзі, колькі было імгненняў, калі ты магла змяніць сітуацыю, прыняць іншае рашэнне — Я даваў табе для гэтага сілы»…

Чаму Марыя не памерла ад гора, стоячы пад крыжам? Таму што ўсе словы Пісання Яна захоўвала ў сваім сэрцы і памятала словы прарокаў пра смерць і ўваскрасенне Месіі. Чаму фарысеі не паверылі, што Езус быў ад Бога? Таму што не маглі прыняць Месію, які адрозніваўся ад іх уяўленняў. Гэтак і мы — бываем занадта правільнымі і, здаецца, лепш ведаем, чаго хоча ад нас Бог, чым сам Бог. Мы маем запаведзі, катэхізіс, мноства багаслоўскіх кнігаў, але жывы Хрыстус можа прапаноўваць самыя неверагодныя вырашэнні нашых праблемаў! Таму на шляху ў Эмаўс падзяліцеся з Ім сваімі пачуццямі і пачуйце, што Ён вам скажа…

3) Прыняць тое, як дзей­нічае ў вашым жыцці Хрыстус

Далей трэба паглядзець, што робіць Хрыстус. Ён назваў вучняў «неразумнымі» і ўсё ім растлумачыў. А пасля — няўжо пакінуў адных? Не! Вось дзе Яго бясконцая любоў да чалавека! Ён застаецца разам з вучнямі і на Вячэры, падчас ламання хлеба, дапамагае ім пазнаць сябе! І калі гэта Ён, жывы Бог, гэта значыць, што ўвесь наш боль, усе крыўды, усю адзіноту Ён бярэ ў свае рукі. Усвядоміўшы гэта, разам з Ім вярніцеся ва ўсе месцы, дзе вы атрымалі свае раны: можна не толькі ў думках, а ў прамым сэнсе слова паехаць у тое ці іншае месца і пастаяць там разам з Хрыстом. Тады гэтая рана стане глебаю, на якой змогуць вырасці цудоўныя кветкі!

Напрыканцы, каб вам было лягчэй прайсці ўвесь гэты шлях, прапаную духоўнае практыкаванне. Гэтае практыкаванне, як і ўсё папярэдняе, небходна рабіць у адзіноце. Трэба зручна ўладкавацца і засяродзіцца па чарзе на ўсіх частках свайго цела, без выключэнняў. Лепш пачынаць з пальцаў ног. Напружваем кожную частку цела і расслабляем, кажучы ў гэты час: «Езус, аддаю табе гэтую сваю частку — пальцы на нагах, стопы і г.д.». Адразу хачу сказаць, што калі вы сумленна будзеце выконваць практыкаванні, то з першага разу можа не атрымацца дайсці да канца. У наступны раз ізноў пачынайце з ног. Калі нарэшце атрымаецца дайсці да галавы і цалкам расслабіцца, калі вы будзеце адчуваць, што кожная частка вашага цела належыць Езусу, тады трэба пачаць глыбока, з усведамленнем дыхаць, а на выдыху прамаўляць імя Хрыста: «Езус, Езус…», і ў гэты час думаць: «Езус, Ты патрэбны мне, як кісларод». У пэўны момант трэба затрымаць дыханне і на выдаху сказаць фразу цалкам услых: «Езус, Ты патрэбны мне, як кісларод». Гэтае маленькае практыкаванне дапаможа вам цалкам аддаць сваё жыццё Хрысту, не думаючы аб праблемах, якія ў ім існуюць, і атрымліваць толькі асалоду.

У наступны раз мы пярой­дзем да другога этапа ацалення пачуццяў — гэта гнеў.


Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле лекцый і семінараў сястры Паўлы Бобер MSF

Глядзіце яшчэ артыкулы сястры Паўлы Бобер MSF:

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней