Сёння тэма нашай размовы — гнеў, другі этап працэсу ацалення пачуццяў. Усіх нас вучылі, што гнеў — гэта вельмі дрэнна, як розныя адмоўныя пачуцці, а таксама пачуцці, звязаныя з сексуальнасцю. Гэта ўсё дрэнна, гэта трэба выцясняць, падобныя рэчы — табу. Цяпер, калі моладзь пачынае ўсё больш адкрыта абмяркоўваць тэмы сексуальнасці, старэйшае пакаленне часам нервуецца: «Як гэта так, яны такія маладыя, а ўжо пра гэта размаўляюць! Гэта няправільна!». Але часцей за гэтым гневам хаваецца нейкая асабістая крыўда. Я не хачу сказаць, што ўсе падобныя абмеркаванні — добрая рэч, справа не ў гэтым, а ў тым, што нас навучылі ўспрымаць гнеў як грэх, які неабходна ў сабе хаваць і заглушаць.
Заглушаны гнеў часта становіцца прычынаю многіх хваробаў. Мігрэнь, язвы, гіпертанія, алергіі, хваробы сэрца і шчытападобнай залозы — гэта частыя праявы заглушанага гневу. Ён выклікае нелюбоў да сябе і дэпрэсію, бо мы хаваем яго не толькі ад іншых, але і ад сябе, і таму цяжка бывае знайсці яго прычыну.
Часта мы асацыюем гнеў з жаданнем помсты, але гэта памылка, бо гнеў — нармальная эмацыйная рэакцыя на несправядлівасць, як фізічны боль — нармальная рэакцыя на рану. Уявіце, у чалавека цячэ кроў, ён моцна парэзаўся, але кажа, што ўсё нармальна. Так не бывае. І падобнае «нармальна» ад крыўды, якую нам нанеслі, забівае нас знутры, таму гнеў неабходна выяўляць. Гнеў як эмацыйная рэакцыя на зло — гэта не грэх. Адкуль жа бярэцца грэх? Часта гэта варожасць, якая вырастае на глебе нявылечанага, заглушанага гневу. Калі гнеў усвядоміць, прыняць і выявіць, ён пераходзіць у паразуменне, у любоў.
Як умацоўваюцца ў нас нявылечаны гнеў і варожасць?
Звычайна праз крытыку, праз заглушэнне, праз знешнюю «правільнасць» паводзінаў. Гнеў пераходзіць глыбока ў свядомасць і там пачынае нас раз’ядаць. У нас, хрысціянаў, на жаль, гэта распаўсюджаная сітуацыя. Напрыклад, заходзіць у касцёл дзяўчына ў кароткай спадніцы, і тут жа на яе з крыкам налятае дзяжурная бабуля. А дзяўчыне, магчыма, вельмі дрэнна і яна ўпершыню па дарозе дамоў з універсітэта зайшла ў святыню, каб хоць крыху палягчэла. Адкуль такая злосць у дзяжурнай? Хутчэй за ўсё, гэта не проста рэакцыя на неадпаведнае адзенне, а даўні заглушаны гнеў, які прарываецца ў адказ на нейкія свае крыўды. З гэтай прычыны настаўніца, якую жорстка пакрытыкаваў дырэктар, ставіць мноства двоек вучням. З гэтай прычыны, маючы праблемы на працы, муж і жонка сварацца дома.
Біблія вучыць нас рабіць інакш.
Святы Павел кажа: «Гневайцеся, але не грашыце» (Эф 4, 26). У Старым Запавеце Бог часта гневаецца на чалавека. Чаму? Таму што хвалюецца за яго, і чым большая любоў — тым большы гнеў. У Новым Запавеце Езус таксама не раз гневаецца. А вось знакаміты ўрывак з Евангелля паводле Мацвея: «Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю» (Мц 5, 5). Па-грэцку замест слова «лагодныя» выкарыстоўваецца слова «прасотэс», што літаральна азначае «тыя, хто гневаецца правільна». Наогул, у грэцкай мове існуюць тры словы, якія азначаюць розныя ўзроўні гневу. Першае слова, «ааргаз’е», азначае залішнюю пакору. Другое слова, «аргілётас», азначае страшны нястрымны гнеў. Трэцяе слова, «прасотэс», азначае правільны, своечасовы гнеў.
Важна перажываць, выяўляць гнеў канструктыўна.
Гнеў патрэбны нам для таго, каб нешта змяніць, ён павінен прымусіць нас змагацца. Без змагання немагчыма прыйсці да праўды, і адпаведна — да свабоды. Гнеў дапамагае зразумець, дзе насамрэч баліць, дапамагае вызначыць месца крыўды, крытыкі, іншых адмоўных перажыванняў. Гнеў дапамагае прыняць пазіцыю: «Мне надакучыла гэтая сітуацыя, я хачу пачаць з пачатку, хачу нешта змяніць і ацаліцца».
Значыць, па-першае, трэба ўсвядоміць свой гнеў, прызнаць, што ён ёсць унутры і можа нават выклікаць нейкія праблемы са здароўем (часта цела сігналізуе нам пра душэўныя праблемы, але мы яго не слухаем). Па-другое, неабходна вучыцца канструктыўна выходзіць з гэтага гневу, каб гэта прыносіла добры плён. Гнеў — гэта напружанне, а значыць, каб пазбавіцца ад яго, трэба расслабіцца. Можна пашпацыраваць, прабегчыся, заняцца спортам — каму што падабаецца. Галоўнае, не здымаць напружанне напружаннем — напрыклад, гучная музыка мала дапамагае ў такім выпадку. Калі гнеў даўні, заглушаны, усё адно пэўныя сігналы пра яго сведчаць. Калі нейкія дробязі цалкам выводзяць чалавека з сябе, значыць для гэтага ёсць глыбокія прычыны. Пачуццё гневу трэба выявіць, прагаварыць, каб надаць яму аб’ектыўны памер, бо даўні гнеў, выходзячы з нас, бывае незвычайна вялікім, неадпаведным рэальнай крыўдзе. Толькі выказвайце гнеў не таму чалавеку, які прымусіў вас гневацца (іначай будзе бойка), а каму-небудзь іншаму: можна пайсці ў групу псіхалагічнай падтрымкі, можна проста сказаць усё ўслых самому сабе, можна проста паразмаўляць з Богам. Не бойцеся гаварыць з Богам пра такія рэчы, Ён не чакае, каб мы прыходзілі да Яго з німбам на галаве, і прымае нас такімі, якімі мы ёсць, а німб у пэўны момант дае нам сам, пра гэта не варта хвалявацца. Усім вернікам я настойліва прапаную размаўляць з Богам пра гнеў, Бог даволі хутка прыводзіць чалавека да яго першапрычыны.
Вельмі раю вам чытаць кнігу Ёва. Ёў напрамую гнеўна гаворыць Богу: «Чаму Ты мяне не слухаеш, чаму схаваўся ад мяне і не хочаш паказаць мне свой твар? Ты павінен прыйсці і стаць на суд разам са мною, бо я не вінаваты. Для чаго Ты паслаў мне такія пакуты?». Сябры Ёва маюць наконт гэтага зусім іншае меркаванне, а ўся культура таго часу гаворыць, што Бог карае менавіта грэшнікаў. Ёў не становіцца залежным або сузалежным ад людзей і сітуацыі, ён напрамую звяртаецца да Бога і просіць Яго прыйсці, бо ў сваёй слабасці не можа вырашыць сваю праблему. І Бог прыходзіць.
Такім чынам, прызнаўшы ў сабе гнеў, трэба прызнаць і сваю слабасць: не толькі «мяне давялі», але і я «давяла саму сябе», «давёў самога сябе».
Выяўляць гнеў канструктыўна перашкаджаюць
дзве супрацьлеглыя пазіцыі:
пазіцыя поўнай варожасці да крыўдзіцеля,
калі мы лічым яго абсалютным злом,
і, наадварот: калі мы лічым саміх сябе вінаватымі ва ўсім.
Гэтых крайнасцяў трэба пазбягаць.
Выказаўшы гнеў і прызнаўшы сваю слабасць, мы ўжо не станем пераносіць гнеў на іншыя аб’екты, на іншых людзей.
Наступны этап, які вядзе ад гневу да ўзаемапаразумення, — паспрабаваць аб’ектыўна паглядзець на крыўдзіцеля.
У ім ёсць дрэнныя рысы, але ёсць і добрыя. Трэба імкнуцца ўбачыць чалавека са станоўчага боку: так, ён прычыніў мне боль, але гэта не робіць яго на сто адсоткаў злым і дрэнным, у ім ёсць і нешта добрае. Гэта дапаможа канструктыўна перажыць свой гнеў. Трэба памятаць, што Бог ніколі не ставіць чалавека ў сітуацыю, якая яго знішчыць. Калі гэта сітуацыя болю, прыніжэння, крытыкі, знявагі, значыць і з яе можна нешта ўзяць для асабістага росту. Але з Богам у нас бываюць складаныя адносіны, бо часта мы просім у Яго здароўя, грошай, поспеху, а Ён хоча даць свабоду, праўду, любоў.
І апошняе: на этапе перажывання гневу добра дапамогуць тыя ж этапы хрысціянскай псіхатэрапіі, пра якія я распавядала ў мінулы раз.
Па-першае: трэба распавесці пра свой гнеў Езусу. Толькі не спрабуйце падбіраць для гэтага прыгожыя словы, бо, калі мы ў гневе, прыгожых словаў не можа быць. Калі малітва сапраўдная, чалавек ніколі не паспявае падабраць прыгожыя словы — так можа маліцца толькі нашая «маска», а сапраўдная сустрэча з Богам наўрад ці атрымаецца, Яго любоў мы не адчуем.
Па-другое: трэба зразумець, як гневаецца сам Езус. У гэтым дапамогуць наступныя ўрыўкі з Евангелля: Лк 11, 37–44; Мк 3, 1–6; а таксама ўрывак пра тое, як Езус выганяў гандляроў са святыні: Мц 21, 12–17; Мк 11, 15–17; Лк 19, 45–46; Ян 2, 14–17.
Па-трэцяе: трэба пайсці разам з Езусам туды, дзе вас мучыць гнеў, у канкрэтную геаграфічную кропку або ў нейкае месца ў глыбіні вашай душы. Калі незразумела, што гэта за месца, трэба проста памаліцца і папрасіць Езуса паказаць гэтае месца ў вас і ацаліць яго.
Вельмі раю вам зрабіць гэтыя практыкаванні. У наступны раз нас чакае трэці этап ацалення пачуццяў: гандаль.
Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле лекцый і семінараў сястры Паўлы Бобер MSF