Працягваем серыю духоўных практыкаванняў на тэму мацярынскай любові. Мы разважаем над ёю ў форме хрысціянскай медытацыі, як на рэкалекцыях. Кожнае разважанне пачынаецца з малітвы і абапіраецца на Божае слова. Матэрыял падрыхтаваны паводле рэкалекцый сястры Паўлы Бобер MSF.
Сястра Паўла Бобер MSF —тэолаг, выкладчык, псіхолаг, псіхатэрапеўт са шматгадовай практыкай.
Для гэтага духоўнага практыкавання спатрэбіцца прыблізна 50 хвілін: 45 хвілін для разважання, і 5–7 хвілін, каб запісаць свае думкі. Пастарайцеся дакладна прытрымлівацца гэтага часу.
Пачніце медытацыю са знака крыжа і малітвы «Тваёй абароне аддёмся…», папрасіце Пана Бога аб дары еднасці з Ім. Пасля, як і раней, выберыце спакойнае месца, дзе вас ніхто не патрывожыць, сядзьце зручна, вазьміце Біблію і папрасіце Бога: «Божа, адкрый маё сэрца да таго, як я адкрыю кнігу, каб яно было чулае да таго, што Ты жадаеш мне сказаць». Адкрыйце Біблію і вельмі павольна прачытайце ўрывак.
Мы працягнем разважаць пра жыццё Ганны з Першай Кнігі Валадарстваў. Прачытайце фрагмент, пачынаючы з 21-га верша 1-га раздзела, да 10-га верша 2-га раздзела. Найперш звярніце ўвагу на ўдзячную малітву Ганны, якая ўрэшце нарадзіла сына. Прамаўляючы яе, жанчына яшчэ не ведала, кім стане дзіця, а яе сын стаў адным з найбольшых прарокаў Ізраэля. Імя Самуэль азначае «выпрашаны ў Бога». Ганна назвала яго так, бо літаральна выпрасіла ў Бога. Дарэчы, яе ўласнае імя, Ганна, азначае «ласка, благаслаўленне». Ганна засталася верная Богу і сабе: молячыся аб нараджэнні дзіцяці, яна паабяцала ахвяраваць яго Богу і выканала абяцанне, калі прыйшоў адпаведны час. Дзіця было аднятае ад грудзей, і Ганна не стала супраціўляцца, а прывяла сына ў святыню — адпусціла яго, аддала Богу. Яна зрабіла гэта вельмі годна і прыгожа, вельмі па-жаноцку: прынесла ў святыню ахвяру, паразмаўляла са святаром, які раней стаў сведкам яе малітвы аб дзіцяці, а пасля стала маліцца. Пачытайце, як гэта адбылося, і паразважайце, што ў дзеяннях Ганны вас найбольш кранае.
Праўда, словы яе малітвы нешта нагадваюць? Малітву Багародзіцы, «Велічае душа Мая Пана…», і малітву Захарыі, «Благаслаўлёны Пан Бог Ізраэля…» Узгадайце, калі прамаўляліся ўсе гэтыя малітвы: ва ўдзячнасць за атрыманы ад Бога дар — дзіця. Марыя сустрэлася з Альжбетай, і ўзвесяліліся сыны ў іх улоннях. Ганна прывяла ў святыню свайго сына, атрыманага ў дар, аддала яго на служэнне Пану і стала маліцца. Захарыя ўзнёс да Бога гімн падзякі за тое, што ў яго нарадзіўся сын. Заўважце, што і ў Захарыі, і ў Ганны — доўгачаканыя дзеці, адзіныя. Больш за тое, гэта дзеці, якія не павінны былі нарадзіцца, бо жанчыны былі бясплодныя.
Уважліва ўчытайцеся ў малітву Ганны: яна прасякнутая глыбокім усведамленнем таго, што яе сын — гэта Божы дар, і ён не належыць ёй, не з’яўляецца яе ўласнасцю. Па-другое, яе малітва прасякнута ўдзячнасцю за Божую справядлівасць, якая нарэшце здзейснілася. Бог падняў яе з глыбокай бездані, і Ганна ўсклікае: «Пан чыніць бедным і ўзбагачае, прыніжае і ўзвялічвае, падымае ўбогага з пылу…» (гл. 1 Вал 2, 7–8). Ганна ведае, пра што гаворыць, яна шмат гадоў жыла ў гэтай бяздзетнай беднасці і ўдзячная Богу за ўчыненую справядлівасць.
І вось яшчэ адна рэч, не адразу заўважная ў паводзінах Ганны: яна была ў адчаі, але не чыніла Божую справядлівасць сама, сваімі рукамі, бо гэта была б яе, а не Яго справядлівасць. Нам часта хочацца хутчэй упарадкаваць сваё жыццё і навакольны свет паводле сваёй справядліваці. Узгадайце размову вучняў з Хрыстом пра дабро і зло і іх абурэнне тым, што Бог не знішчыць адразу ўсю несправядлівасць. Але Езус сказаў у прыпавесці пра пшаніцу і каласоўнік: «Пакіньце расці разам тое і другое аж да жніва; а ў час жніва Я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збярыце ў засекі мае» (Мц 13, 30). Нам складана гэта зразумець, бо мы ўпэўненыя, што пустазелле трэба выдаляць адразу. Але карані пустазелля пад зямлёю сплецены з каранямі карысных раслінаў, мы гэтага не бачым і, вырываючы пустазелле, можам знішчыць і ўраджай. Складана бывае гэта прыняць і чакаць. Аднак прыйшоў час, калі нашыя героі заспявалі свае гімны пра Божую справядлівасць, якая здзейснілася менавіта тады, калі Пан Бог гэтага хацеў.
Цяпер паразважайце і адкажыце на наступныя пытанні. Ці «аддала» вас вашая мама, ці адпусціла, як Ганна аддала свайго сына Богу? Ці дапамагла яна вам развівацца, ці, наадварот, падаўляла? Можа і тое, і другое? Ці адчуваеце вы, што павінны ёй? Ці адчуваеце перад маці неадплатны доўг? Ці лічыце, што мусіце выканаць усе яе чаканні, жаданні, задаволіць усе патрэбы? Ці знаёмае вам пачуццё віны за тое, што гэта не атрымліваецца? Ці знаёмы вам такі стан, калі лічыцца, што вы павінны заўжды думаць толькі пра яе, любіць толькі яе, а больш нікога і нічога? А можа, вы неаднойчы адчувалі сябе нібы мячык, які перакідваюць туды-сюды, ад бацькі да маці і назад? Ці бывалі вы «буферам» паміж бацькамі, якім складана кантактаваць між сабою, і таму яны выкарыстоўваюць для гэтага дзіця, маўляў, схадзі, спытай у яе, або ідзі і скажы яму? Ці адкрытая ваша мама на новае ў вас? Ці яна ведае вас, ці ўяўляе, што ў вас унутры? Ці адкрытая мама на вашую творчасць, ці яна сама дазваляла сабе творчы падыход у выхаванні дзіцяці? Ці дазваляе мама вам памыляцца? Ці не асуджае? Ці моцна кантралюе?
Узгадваю такую сітуацыю. Я знаёмая з чалавекам, які займае вельмі высокую службовую пасаду. Калі ён з’язджае на міжнародныя канферэнцыі, мама падчас перамоваў можа пазваніць яму разоў 15, каб даведацца, дзе ён, што робіць, чым абедае, у што апрануты і г.д. Гэтаму мужчыну ўжо 50 гадоў. Аднойчы яго шукалі два міністры, бо мама не магла дазваніцца да яго, але дазванілася да канцылярыі гэтых людзей і паведаміла, што сын знік, бо не бярэ трубку ўжо паўтары гадзіны. Ці траплялі вы ў падобныя сітуацыі? Як мама выхоўвае або выхоўвала вас? Ці яна рабіла ўсе справы сама або дазваляла і вам нешта зрабіць самастойна? Ці вучыла, як правільна выконваць тую ці іншую працу, або злавалася, калі нешта не атрымліваецца, маўляў, чаго ты валтузішся, я сама зраблю лепш і хутчэй? Ці дазваляла вам мама рабіць спробы, эксперыментаваць, калі гэта не пагражала здароўю і жыццю? Ці ўзгадваюцца вам нейкія маміны словы, ад якіх дагэтуль апускаюцца рукі і знікае ўвесь імпэт? А можа яны нават сняцца па начах? Ці самі вы «аддалі» маму? Можа, вы ўсё чакаеце, калі яна вас зразумее, заўважыць і палюбіць? Можа, вы робіце ўсё, каб вас нарэшце палюбілі? Можа, вы самі кантралюеце ўсіх вакол сябе аж да таго, што блізкія людзі задыхаюцца пад вашым кантролем? Можа, вы вечна нечым незадаволеныя? Можа, выкарыстоўваеце ўласных дзяцей, каб задаволіць маму хаця б праз унукаў? Можа, і вы бывалі ў ролі такіх унукаў, і вас выкарыстоўвалі, каб задаволіць бабулю?
Паразважаўшы пра ўсе гэтыя складаныя пытанні, напрыканцы медытацыі памаліцеся да Божай Маці. Выберыце любую кароткую малітву, якая вам падабаецца: «Вітай, Марыя...» ці «Тваёй абароне...», а можа, нейкую іншую. І ў малітве папрасіце Божую Маці апекавацца вашым жыццём, вашымі думкамі і перажываннямі. Напэўна, вам узгадаецца многае, і добрае, і не вельмі, але не бойцеся гэтых тэмаў. Калі страшна, балюча, аддавайце ўсё Богу і не бойцеся ўваходзіць у гэтыя куткі сваёй душы. Таму скажыце Марыі: «Божая Маці і мая Маці, прашу, займіся гэтым». І няхай Дух Святы вас накіроўвае.
Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле матэрыялаў рэкалекцый сястры Паўлы Бобер MSF
Чытайце яшчэ артыкулы з гэтай серыі:
- Мацярынская любоў. Духоўныя практыкаванні. Частка 1
- Мацярынская любоў. Духоўныя практыкаванні. Частка 2