Практычныя парады аб тым, як пераадолець стрэс.
Не памылюся, калі скажу, што надзвычай шмат людзей цяпер усё часцей і часцей перажывае страх, паніку, пачуццё бездапаможнасці — у апошнія некалькі гадоў на свет абрынулася столькі глабальных і лакальных крызісаў, што з гэтым цяжка спраўляцца, у тым ліку і таму, што на большасць падзеяў мы ў цэлым не ў стане паўплываць.
У падобнай сітуацыі, калі адсутнічае кантроль над абставінамі, які звычайна дае чалавеку спакой і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, вельмі лёгка страціць сябе, моцна папсаваць сваё псіхічнае і фізічнае здароўе і не толькі самому паддацца паніцы, а і пачаць распаўсюджваць яе, а бадай усім вядома, да чаго прыводзіць «эфект натоўпу» і лавіна калектыўнай істэрыі.
Каб вярнуць сабе ўнутраны супакой, перш за ўсё варта вярнуцца ў межы ўласнай рэальнай адказнасці — звузіць іх да сваіх сапраўдных магчымасцяў. Часцей за ўсё гэтыя межы ахопліваюць нас саміх і нашых блізкіх. Вядома, не заўсёды так: ёсць і вельмі моцныя людзі, якія праз пакліканне — душэўнае або прафесійнае — свядома пашыраюць межы сваёй адказнасці: ідуць працаваць пажарнымі, у шпіталі і хоспісы, становяцца валанцёрамі там, дзе востра патрэбная дапамога, займаюцца грамадскай дзейнасцю, у рэшце рэшт становяцца святарамі і законнымі сёстрамі і гэтак далей. Але, па-першае, падобны шлях не для кожнага, і ключавое слова тут — «свядома», бо выбар і дзеянні такіх людзей ніколі не дыктуюцца панікай і страхам. Па-другое, адказнасць у іх шырэйшая, але ўсё адно абмежаваная і таксама не распаўсюджваецца на ўвесь свет, і звычайна яны гэта разумеюць — калі займаешся нечым канкрэтным, то вымушаны ясна выбудоўваць для сябе план дзеянняў і бачыць задачы, якія перад табою стаяць.
Але незалежна ад таго, колькі ў чалавека ёсць рэальных сіл і магчымасцяў, наколькі рэальна шырокія межы яго адказнасці, амаль кожнаму з нас уласціва імкненне хаця б уяўна далучыцца да вялікіх падзеяў, зрабіць свой унёсак, не застацца ўбаку. У большасці выпадкаў, на жаль, гэтыя вялікія падзеі трагічныя, бо трагедыі значна часцей трапляюць у выпускі навінаў, таму што выклікаюць большы эмацыйны водгук і падымаюць рэйтынгі СМІ, гэта факт. Адсюль узнікае вельмі вялікая спакуса стаць часткаю так званых «канапавых войскаў» і жаданне (а часам яно ўспрымаецца амаль як абавязак, які мы самі на сябе ўскладаем або гэта робяць іншыя) адразу ж выказацца па ўсіх «гарачых пытаннях»: сёння ты «інфекцыяніст», заўтра — «сацыёлаг», паслязаўтра — «палітык», праз тыдзень — «фінансіст» і гэтак далей.
Нібыта прамаўчаць — значыць быць раўнадушным, а бесперапынна гартаць стужку навінаў або глядзець адно за адным відэа з месца падзеяў — тое самае, што прымаць актыўны ўдзел ва ўсім, што адбываецца, і нібыта дапамагаць вырашэнню праблемы. Гэта вялікая ілюзія сучаснасці — блытаць рэальную дзейнасць з бурлівай імітацыяй дзейнасці: бо ад таго, колькі мы валідолу праглынулі, начытаўшыся навінаў і расперажываўшыся, ад таго, як моцна сарвалі голас, абмяркоўваючы са знаёмымі і незнаёмымі нейкія падзеі і адстойваючы свае гледжанні, мы не становімся бліжэй да праўды і бліжэй да людзей, якія моцна церпяць, трапіўшы ў трагічныя абставіны. Хрыстус не толькі плакаў над хворым Лазарам, Ён адразу ж пайшоў ратаваць сябра, і нават Лазарава смерць Яго не спыніла. Ён ведаў, што можа зрабіць у канкрэтнай сітуацыі, варта і нам ведаць.
Неабходна разважаць аб’ектыўна, да чаго вядзе паніка, гартанне стужкі навінаў і сядзенне перад тэлевізарам, пераказванне адно аднаму дрыжачым шэптам навінаў і спачувальнае ківанне галавою: «Авой, які жах!». Што гэта ўсё ў выніку дае? Нічога. Літаральна нічога. Інфармацыя — вялікая сіла і магутны інструмент уплыву. З распаўсюджаннем сродкаў масавай інфармацыі, і асабліва інтэрнэту, што зрабіла паток інфармацыі цалкам непадкантрольным і вельмі суб’ектыўным, у чым ёсць, вядома, свае плюсы і мінусы, варта вучыцца спраўляцца з гэтым патокам і ведаць, што такое інфармацыйная вайна і як яна вядзецца. Тым больш, што вынік яе найчасцей — распальванне не дабрыні і спачування, а наадварот — нянавісці.
Ва ўсе часы адзіны рэальны спосаб на нешта паўплываць, некаму дапамагчы — гэта ўстаць з канапы і нешта для гэтага зрабіць па меры тваіх сённяшніх рэальных здольнасцяў і магчымасцяў, нават калі сёння ты здатны толькі на тое, каб стаць на калені і памаліцца за тых, каму патрэбная малітва, калі ніяк не можаш стаць з імі побач і ўзяць за руку. Пасля варта супакоіцца самім, а таксама пайсці і супакоіць сваіх дзяцей або старэнькую суседку, якая цэлымі днямі не адыходзіць ад тэлевізара і выкупіла ўжо ледзь не цэлую аптэку. Памятайма словы малітвы: «Божа, дай нам сілы змяніць тое, што мы ў стане змяніць, і прыняць тое, што не можам змяніць, а таксама мудрасць адрозніць адно ад другога».
Чалавек не можа доўга знаходзіцца ў стрэсавай сітуацыі без наступстваў для здароўя, тым больш, што стрэс выклікае не толькі эмацыйную, але і фізічную рэакцыю арганізма. Калі вы адчуваеце, што не спраўляецеся, міжволі паддаецеся паніцы і страху, бачыце, што напружанне не спадае, а вы пастаянна раздражнёныя, перасталі нармальна спаць, у вас шчыміць сэрца, міжволі цякуць слёзы, трасуцца рукі, то вось некалькі практычных парадаў, якія могуць дапамагчы прыйсці ў сябе і знізіць узровень стрэсу:
- некалькі разоў прагаварыце і прыміце тое, што аб’ектыўна межы вашай асабістай адказнасці не бясконцыя і не пашыраюцца на ўвесь свет; узгадайце метафару пра камень, які падае ў ваду, і ад яго разыходзяцца ўбакі кругі: вы — камень, а кругі на вадзе — межы вашых магчымасцяў; вы можаце паўплываць на тое, што адбываецца блізка, і амаль не ўплываеце на тое, што далёка;
- акрэсліце для сябе тыя простыя рэчы, за якія вы сапраўды нясеце адказнасць сёння, якія залежаць канкрэтна ад вас і вам па сілах: вельмі дапамагае, напрыклад, складаць спіс справаў на бліжэйшы час, каб пераадолець пачуццё бездапаможнасці і зразумець, што трэба зрабіць і ў якім парадку;
- супакойце цела: дыхайце глыбока, свядома, устаньце і паспрабуйце мацней ціснуць на зямлю, некалькі разоў пагайдайцеся з пальцаў на пяткі (калі ёсць магчымасць, здыміце абутак), каб адчуць, як вы стаіце на нагах;
- аднавіце кантакт з рэальнасцю: назавіце пяць рэчаў, якія цяпер бачыце, чуеце, адчуваеце на дотык, пах, смак;
- мы пераадольваем стрэс, калі рухаемся, таму паскачыце на месцы, растрасіце і разнявольце цела; калі моцна накрывае неспакоем, тады бегайце, хадзіце, займіцеся спортам, нагрузіце сябе фізічна;
- «фільтруйце» інфармацыйны фон, выберыце адну-дзве крыніцы інфармацыі і абмяжуйце час на чытанне навінаў, пазбягайце страшных відэа і фотаздымкаў з месца падзеяў, чуллівых інтэрв’ю з ахвярамі, адмоўцеся ад чытання каментароў пад відэа і артыкуламі ў інтэрнэце, а замест гэтага лепш выберыце сухі рэпартаж, без лішніх эмоцый, калі сапраўды хочаце мець сваё гледжанне на падзеі, а не сілкавацца сваімі і чужымі эмацыйнымі выплескамі; памятайце, што далёка не ўсё, што публікуюць і паказваюць у СМІ, — праўда, бо чым важнейшая падзея, тым больш уключаецца механізмаў прапаганды і інфармацыйнай вайны;
- цвёрда «тармазіце» ўсіх, хто прыходзіць да вас у экзальтацыі, каб вас пасадзіць на хвалю істэрыі і навязаць пачуццё віны, а таксама тых, хто звяртаецца да вас з папрокамі і абвінавачваннямі ў «недастаткова актыўнай» або «раўнадушнай» пазіцыі, бо вы не абавязаны даказваць і дэманстраваць усім і кожнаму свае ўнутраныя перажыванні; старайцеся ўвогуле не ўступаць у пустыя дыскусіі;
- няхай вашае суперажыванне і шкадаванне матэрыялізуецца не ў бясконцыя абмеркаванні і пераказванні розных жахаў, а ў шчырую малітву за церпячых і за іх крыўдзіцеляў; памятайце — вы не эгаіст, калі не жадаеце бясконца сачыць за трагічнымі падзеямі, на якія абсалютна ніяк не можаце паўплываць; вы маеце права есці, спаць, працаваць, клапаціцца пра блізкіх, смяяцца, чытаць мастацкія кнігі і хадзіць на шпацыр без пачуцця віны;
- не дапускайце над сабою псіхічнага гвалту, захоўвайце свае межы, каб у момант, калі спатрэбіцца прыняць свядомае рашэнне і дзейнічаць, вы былі ў здаровым розуме і маглі судзіць і ацэньваць сітуацыю як мага больш аб’ектыўна.
Юлія Шэдзько