Ці заўсёды гэта дарэчы? Хрысціянская сімволіка ў сучаснай модзе

 

Якое дачыненне хрысціянства мае да моды ў адзенні? Ці можам мы, хрысціяне, заставацца самімі сабою і адначасова ісці ў нагу з модаю? Ці павінны мы (і якім чынам) праз адзенне выяўляць свае рэлігійныя перакананні? Зразумела, што знешні воблік можа вельмі шмат расказаць пра чалавека. І большасць з нас прыбіраецца ў тое, што прапануе рынак, які намагаецца адлюстроўваць сучасныя тэндэнцыі ў модзе.  У гэтым матэрыяле я хацела б паразважаць пра трэнд, які ў апошнія гады ўсё мацней пранікае ва ўсе сегменты моднай індустрыі, а менавіта — пра выкарыстанне хрысціянскай сімволікі ў стварэнні модных калекцый. Для таго, каб гэтыя разважанні не былі галаслоўнымі, спынюся на дзвюх канкрэтных калекцыях сусветна знакамітых брэндаў — італьянскага Дома моды Dolce&Gabbana i аўстрыйскай дызайнеркі Лены Хошак (Lena Hoschek). 

Для лініі Dolce&Gabbana ў асноўным характэрны строгі, стрыманы стыль. Аднак калекцыя «Восень-зіма 2013–2014» выклікала самыя супярэчлівыя меркаванні адносна таго, ці не з’яўляецца яна блюзнерскаю. У ёй дызайнеры працягваюць сучасную традыцыю пераймання ў модзе візантыйскіх матываў. Аднак калі іх папярэднікі чэрпалі і працягваюць чэрпаць натхненне ва ўсходніх шыкоўных тканінах, насычаных колерах (пурпуровы, залаты, сіні), масіўных упрыгожваннях і мудрагелістых узорах, то Даменіка Дольчэ і Стэфана Габана стварылі сваю калекцыю пад уражаннем ад візантыйскіх фрэскаў і мазаікаў. У іх мадэлях выкарыстаны выявы Маці Божай, святых, арханёла Міхала, а таксама розныя хрысціянскія сімвалы. На паказе калекцыі манекен­шчыцы праходзілі па подыуме, нібы абгорнутыя бліскучымі, шыкоўнымі мазаічнымі абразамі. Выявы святых — на сукенках і туніках, пашытых з дарагіх тканінаў, на абцасах, упрыгожаных каштоўнымі камянямі... У якасці завушніцаў — масіўныя крыжы, замест упрыгожвання на шыі — таксама вялізны крыж, які сваімі памерамі нагадвае пектарал. Асноўныя колеры адзення супадаюць з колерамі святарскіх арнатаў: белы, залаты, чырвоны...

Некаторыя знаўцы моды вітаюць такое нестандартнае выкарыстанне хрысціянскай сімволікі і бачаць у ім апяванне прыгажосці рэлігіі, якое нібыта павінна прыцягнуць увагу да яе. Калі звяртаць увагу на саму ідэю, то з такім меркаваннем часткова можна пагадзіцца. Чаму б не апрануць на сябе сукенку з выяваю якога-небудзь святога? Напэўна, амаль у кожнага беларускага пілігрыма ёсць майка з выяваю Маці Божай Будслаўскай. Мы таксама носім крыжыкі на грудзях і нават на пярсцёнках, а некаторыя — нават бранзалеткі з мноствам маленькіх выяваў розных нябесных заступнікаў. І гэта не абражае рэлігійныя пачуцці іншых вернікаў. Больш за тое, у Візантыі сапраўды існавала традыцыя змяшчаць выявы абразоў на адзенні. Спецыялісты сцвяр­джаюць, што захаваліся старажытныя адлюстраванні свя­тых на вопратцы не толь­кі духоўных асобаў, але і свец­кіх людзей. Аднак ці апраўдвае гэта дызайнерскі ход Dolce&Gabbana? На праваслаўным сайце Matrony.ru мастацтвазнаўца і візантолаг Аляксей Лідаў каментуе сітуацыю наступным чынам: «У Візантыі абразы на адзенні заўсёды мелі сімвалічны і духоўны сэнс. Яны заставаліся абразамі. Тое, што зроблена Dolce&Gabbana, <...> — дэкаратыўныя прывіды абразоў, спалучэнне геаметрычных формаў, колеравых плямаў і ліній, не больш. Золата там — не вобраз боскага асяроддзя, як у Візантыі, а менавіта тое матэрыяльнае золата — сімвал зямнога багацця, якое кіруе сучасным светам». Сапраўды, калі разглядаеш мадэлі калекцыі, адразу кідаецца ў вочы неверагодная раскоша, асляпляльнае багацце камянёў, вышыўкі і іншых упрыгожванняў, што робіць выяву абраза на адзенні проста дадатковым дэкорам, значэнне якога сярод усёй шыкоўнасці ўбрання адыходзіць на далёкі план. Калі бачыш дзяўчыну ў суперкароткіх шортах (якія і шортамі назваць складана), празрыстай карункавай блузцы ды з «пектаралам», які з «лёгкай неахайнасцю» матляецца на грудзях, узнікае, мякка кажучы, збянтэжанасць і непрыемнае адчуванне, быццам святыя для цябе рэчы хтосьці зрабіў элементам прасоўвання свайго тавару ці нават самім таварам. А якую функцыю мае размяшчэнне аздобленых шыкоўнымі камянямі і аплікацыямі святых выяваў на абцасах? Прывабіць увагу да зграбных жаночых ножак? Паказаць, што іх уласніцы не шкада нават на пантофлях займець такі багаты «дэкор», нягледзячы на тое, што ён будзе пакрывацца вулічным пылам? Такім чынам святыя выявы проста трапляюць у сферу побытавага ўжывання, і становіцца відавочным, што гэтай калекцыі далекавата да сакральнасці, у ёй пераважае асляпляльная раскоша, якая павінна зрабіць уражанне на спажыўца.

Крыху іншую сітуацыю можна назіраць у калекцыі «Вясна-лета 2013» Лены Хошак. Прызнаюся, што многія калекцыі гэтай дызайнеркі ў мяне выклікаюць вялікае захапленне — у іх паказваецца сапраўдная жаноцкасць, вытанчанасць, кволасць і нават сціпласць, хоць сустракаюцца і такія мадэлі, якія супярэчаць усім гэтым крытэрыям. Адзенне з калекцыі «Вясна-лета 2013» само па сабе таксама вельмі густоўнае і прыстойнае. Калі б мы сустрэлі на вуліцы жанчыну ў сукенцы з гэтай калекцыі, то, хутчэй за ўсё, залюбаваліся б ёю. Іншая справа, што калекцыя Лены Хошак мае вельмі цікавую «агранку», што праявілася на яе паказе і ў арыгінальным лукбуку — серыі фотаздымкаў, на якіх дэманструюцца мадэлі калекцыі ў адмысловым антуражы. Калекцыя «Вясна-лета 2013» створана пад натхненнем ад мексіканскага «Свята мёртвых», што адзначаецца 1–2 лістапада. У мексіканцаў гэта вельмі вясёлае свята, у гонар якога ладзяцца бурныя фестывалі. Хрысціян­скія традыцыі, прынесеныя іспанцамі (у тым ліку, час святкавання), у ім зацьміліся язычніцкім культам, што развіваўся на працягу некалькіх тысячагоддзяў. У наш час сімвал «Свята мёртвых» — шкілет, апрануты ў жаночае адзенне, які з’яўляецца ўвасабленнем індзейскай багіні смерці Міктлансіуатль. Мексіканцы вераць, што ў гэтыя дні душы памерлых наведваюць сваіх родных, таму на могілках і ў дамах для іх рыхтуюцца спецыяльныя «алтарыкі», дзе змяшчаюцца рэчы, знаёмыя нябожчыку: фотаздымкі, адзенне, упрыгожванні, розныя іншыя дробязі, з якімі былі звязаны шчаслівыя моманты з яго жыцця.

Лена Хошак пераняла каларыстыку гэтага свята ў афармленні сваёй калекцыі. Мадэлі на фотаздымках лукбука (цяпер я маю на ўвазе не адзенне, а макіяж і антураж) нібы іграюць ролю паўсталых з магілаў нябожчыцаў, якія прыйшлі да сваіх сямейных «алтарыкаў». На гэтых «алтарыках» у адным шэрагу змешчаныя багата аздобленыя крыжы, выявы і фігуркі Маці Божай, анёлаў, а таксама розныя іншыя рэчы: палаючыя сэрцы, кветкі, люстэркі... Ствараецца ўражанне, што Лена Хошак праз гэтыя сімвалы-дэталі заўважна «ахрысціяніла» атмасферу свята ў сваёй калекцыі. З аднаго боку, гэта працуе на карысць хрысціянству. З другога боку, святыя знакі і выявы ў лукбуку Лены Хошак выступаюць у якасці дэкору — шыкоўнага, яркага, уражваючага. Хтосьці можа сказаць: гэта проста адлюстраванне атмасферы іншай культуры. Яна ёсць, мае права быць і служыць крыніцаю натхнення. Аднак цяжка прыняць тое, што хрысціянская сімволіка ў калекцыі адыгрывае тую ж ролю, што і пейзаж на іншых фотаздымках серыі, і мусіць падкрэсліваць хараство створанага дызайнерам вобраза. Мы ўсё ж прызвычаіліся, што крыжы і выявы святых выкарыстоўваюцца для паглыблення малітоўнай сувязі з Богам, а не для прапаганды індустрыі моды. А можа, гэта адзін са сродкаў прыцягнуць увагу спажыўцоў да хрысціянскіх каштоўнасцяў? Можа, не трэба яго адназначна асуджаць і адкідваць? Напрыклад, калі хлопец ці дзяўчына апранаюць майку з выяваю нейкага спартсмена, акцёра, спевака, гэта значыць, што яны з’яўляюцца іх фанатамі або проста па­дзяляюць іх погляды. Ці можам і мы, хрысціяне, дазволіць сабе выяўляць свае погляды падобным чынам? 

Відаць, ва ўсім важна пачуццё меры і месца, і, жадаючы дадаць да сваёй вопраткі хрысціянскую пазнаку, неабходна адказаць самому сабе на пытанні: для чаго я гэта раблю? што я гэтым хачу паказаць іншым? якое дачыненне я асабіста маю да гэтага сімвала (выявы)? Думаецца, што менавіта гэтыя нюансы вызначаюць мяжу, якую нельга пераступаць, каб гэта не было святатацтвам. Урэшце, вопратка хоць і з’яўляецца толькі знешнім атрыбутам, усё ж павінна быць часткаю гарманічнага вобраза чалавека, створанага на Божае падабенства.

 

Ганна Шаўчэнка

 

Цэтлікі: Разважанні

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней