
Вы адчувалі калі-небудзь, што нібыта ходзіце па лабірынце і пастаянна ўпіраецеся ў каменную сцяну? Яна паўсюль, куды б вы ні пайшлі, заўсёды чакае вас за паваротам, і хоць біся галавою аб гэтую сцяну — выйсця з лабірынту проста няма. Мы так і гаворым — безнадзейна, безвыходна. І гэтаксама часта кажам, што безнадзейных сітуацый не бывае. Аднак, вядома, лёгка разважаць, калі ты звонку лабірынта, і цяжка прымусіць сябе нешта зрабіць, калі ты ўнутры.
Калі мне было гадоў 11 або 12, мы з сяброўкамі пайшлі ў дальні лес у ягады. У дзяцінстве кожнае лета я праводзіла на вёсцы, і хадзіць у лес і на возера было самай звычайнай справай. Былі мясціны блізка вёскі, дзе зусім не страшна, лес быў светлы і не вельмі вялікі, а ў некаторыя месцы нам забаранялі хадзіць без дарослых, каб не заблукалі і не прапалі. Але тым разам у знаёмых мясцінах мы амаль нічога не знайшлі і пайшлі ў дальні лес. Думалі, што пройдзем па самым краі, не заходзячы ўглыб, і хутка вернемся — ніхто і не даведаецца, што мы туды пайшлі. Але праз пару гадзінаў мы зразумелі, што заблукалі канчаткова. За вершалінамі высокіх цёмных хвояў было не відаць, у якім баку сонца, мы пачалі шукаць радзейшы падлесак і выйшлі проста ў багну. Не магу сказаць, чаму мы туды палезлі, але здавалася, што вось яшчэ крыху — і выйдзем на сухое месца. У нейкі момант стала зразумела — не выйдзем. Сонца пачынала пакрысе хіліцца на захад, а ў цемры мы, вядома, загінулі б. Горш за ўсё было тое, што ніхто не ведаў, куды мы пайшлі, ніхто не мог адшукаць нас у багне…
Мы стаялі ў смярдзючай вадзе, бо сесці не было як, і, плачучы, гаварылі пацеры, як вучылі бабулі. Невядома, колькі часу прайшло, можа і няшмат, але нам здавалася, што хвіліны цякуць бясконца. Памятаю, як мяне нібы маланкай працяла раптоўная думка: калі наперад ісці нельга, трэба проста пайсці назад! І мы пайшлі — так, каб сонца стаяла за спінаю. Нікуды не паварочвалі, абдзіралі рукі і твары ў зарасніку, прадзіраліся праз цёмны страшны гушчар, дапамагалі адна адной і, збіваючыся, працягвалі, як маглі, гаварыць пацеры.
Вядома, тады мы выйшлі з лесу, раз у мяне ёсць магчымасць апісаць гэтую гісторыю, але дагэтуль я жыва памятаю пачуццё безнадзейнасці, што перажыла тады, страх і злосць на сябе, якія на нейкі час цалкам мяне паралізавалі. І цяпер я лёгка іх пазнаю, бо яны вяртаюцца ў складаных абставінах. Але я памятаю таксама іншае: бывае, што каб выбрацца, трэба спачатку спыніцца і пастаяць па калена ў бруднай жыжы; бывае, што трэба развярнуцца і пайсці назад, праз страшны цёмны лес, ведаючы, што да крыві абдзярэш твар. І, безумоўна, яшчэ адно — малітва дапамагае вярнуць розуму спакой і ўпэўненасць, пазбыцца страху і ажывіць надзею. Ні разу ў жыцці не бывала, каб мне гэта не дапамагло.
Гэтая гісторыя — пра страшныя безнадзейныя сітуацыі. Не хачу гаварыць «безвыходныя», таму што выйсце сапраўды ёсць заўсёды. Магчыма, не такое, як нам хацелася б, але ёсць. Безнадзейнасць — больш адпаведнае слова. Безнадзейнасць пужае, паралізуе, не дае бачыць выйсця — цалкам засціць вочы. Гэта, напэўна, адно з самых страшных пачуццяў у жыцці. Варта вярнуць хаця б спадзяванне на надзею, як адразу дыхаць становіцца лягчэй. Мне думаецца, што малітва Хрыста ў Аліўным садзе таксама была пра гэта — вярнуць спакой і надзею. Які ж страх, якую цемру безвыходнасці Ён перажываў перад сваім пакутным шляхам, з якога не меў як збочыць?..
Іншая справа, калі мы самі заганяем сябе ў лабірынты безвыходнасці, раз за разам выбіраючы сцежку, якая гарантавана нікуды не вядзе. Часта з такога бяздумнага выбару «растуць ногі» ў нашых залежнасцяў і сузалежнасцяў. Мы блукаем сярод іх, як у гушчары, але не маем сілаў або смеласці вярнуцца назад. Безвыходнасць, як бы дзіўна ні гучала, здаецца нам найлепшым апраўданнем ва ўсіх выпадках. Усё што заўгодна — ляноту, падступнасць, мярзотныя ўчынкі, мы імкнемся растлумачыць тым, што «няма выйсця, не мы такія, а жыццё такое». Але грэх ніколі не апраўдваецца абставінамі. Мы далёка не заўжды можам паўплываць на сітуацыю, але заўсёды адказваем за ўласныя рашэнні.
Выбар бывае вельмі складаны. Справа ў тым, што немагчыма ўваскрэснуць, пакуль не памрэш. Нешта ў табе павінна памерці, каб адрадзіцца ў новай якасці. Евангелле гаворыць нават больш радыкальна (і ў нас няма прычынў яму не верыць) — ты сам павінен памерці, як зерне, кінутае ў зямлю, каб стаць калоссем і даць плён. Іншага выйсця няма: стары чалавек у нас аджыў сваё. Уваскрослы Хрыстус разбіў магільны камень, каб выйсці ў свет, але перад гэтым Ён не меў іншага выйсця, як перажыць пакуты і смерць. У тым ліку і смерць сваёй надзеі. І ў выніку Яго Уваскрасенне стала надзеяй для кожнага з нас.
Юлія Шэдзько