Калі я скажу вам: «Вы нават не ўяўляеце, на што вы здольныя», як вы адрэагуеце? Ці пакрыўдзіцеся вы на мяне з-за гэтых словаў? Ці будзеце ўсхваляваны тымі новымі магчымасцямі, пра якія раней ніколі не ведалі?
Праўда заключаецца ў тым, што мы нават не ўяўляем, на што мы сапраўды здольныя, пакуль не ўвойдзем у дзейснае супрацоўніцтва з Богам. Каб увайсці ў такое супрацоўніцтва, мы павінны ўступіць у асабістую размову з Ім. Мы павінны гаварыць з Ім, быць з Ім, правесці з Ім час. Мы павінны Яго пазнаць, дазволіць Яму дапамагчы нам пазнаць саміх сябе, каб змагчы ўбачыць неверагодныя магчымасці, якія ў нас ёсць, таму што ў большасці выпадкаў мы іх не бачым.
Уявіце сабе такую сітуацыю: вы зайшлі ў краму купіць зубную пасту, ідзяце да паліцаў з зубной пастай, і бачыце тую пасту, якую вы заўсёды купляеце. Але вы не бачыце шмат іншых. Паспрабуйце назваць усе зубныя пасты, якія вы бачылі ў краме. Хутчэй за ўсё, вы не зможаце назваць нават 20 адсоткаў усёй зубной пасты…
Атрымліваецца, што мы засяроджаныя толькі на нашай уласнай рэчаіснасці. І таму Бог пастаянна спрабуе зрабіць так, каб вярнуць нас трошкі назад, сказаць:
«Слухай, зрабі, калі ласка, крок назад»...
Гэтак, як робіць мастак: ён ступае крок назад,
каб убачыць перспектыву,
убачыць сваю карціну цалкам.
І тое ж самае з малітвай: Бог заўсёды запрашае нас зрабіць крок назад, каб атрымаць больш шырокую перспектыву.
Адвэнт з’яўляецца інтэнсіўным перыядам малітвы. Гэта такі момант у нашым жыцці, у гэтым часе, калі мы адступаем назад, каб атрымаць новы погляд на сябе, на Бога і бачыць новую перспектыву…
Мы ўсе прымаем пэўныя рашэнні ў розныя перыяды нашага жыцця. У большасці выпадкаў мы не бачым усіх даступных нам магчымасцяў. І таму я вельмі хачу заахвоціць вас: наступны раз, калі вам трэба будзе зрабіць выбар, выкажыце гэты выбар у малітве, «пакладзіце» яго перад Богам і скажыце: «Божа, вось магчымасці, якія я бачу. Пакажы мне тыя, якіх я не маю, ці сёння ў малітве, ці на гэтым тыдні падчас малітвы, альбо праз сяброў, з якімі я размаўляў на гэтым тыдні, або ў перажываннях, якія ў мяне будуць на гэтым тыдні, адкрый маё сэрца, душу і розум, каб я ўбачыў усе дзівосныя магчымасці — магчымасці, якіх я не бачу, таму што знаходжуся ў сваім маленькім і цесным свеце».
Мэцью Кэлі — заснавальнік і генеральны дырэктар Dynamic Catholic,
сусветна вядомы спікер, аўтар бэстсэлераў і бізнес-кансультант,
які прысвяціў сваё жыццё, каб дапамагаць людзям і арганізацыям
«стаць-лепшым-варыянтам-самога-сябе».
Яго кнігі былі перакладзеныя больш чым на 25 моваў.
Пераклад Э. Палінеўскай
Паводле dynamiccatholic.com