Калі ў Беларусі не было зарэгістравана ніводнага хворага на COVID-19, а ў Еўропе зачыняліся святыні, некаторыя з нас з абурэннем і неразуменнем казалі, што трэба ж, наадварот, збірацца, больш маліцца, адпраўляць набажэнствы Крыжовага шляху, а не зачыняць дзверы касцёлаў! Трэба, трэба... Мы ж ведаем… Нам жа лепш бачна… А потым вірус даляцеў і да нас.
Пасля першых жа зарэгістраваных выпадкаў, прынамсі ў нашай парафіі, стала заўважна менш людзей на нядзельнай святой Імшы. «Вірус стаў лакмусавай паперкай нашай веры. Цяпер паглядзім, хто прыходзіў толькі хлеб есці, а хто — да Бога», — транслявалі некаторыя святары і вернікі. «Цяпер убачым, які ваш давер да Бога». Калі хтосьці адчуваў у сабе страх заражэння, то чамусьці павінен быў адчуваць яшчэ і сорам за свой страх.
Калі ў сям’і здараецца няшчасце, вельмі часта, якія б ні былі адносіны паміж яе членамі, гора іх яднае. Чаму ж нас, пакліканых быць як адно, няшчасце падзяліла?
Так заўсёды было…
«Так заўсёды было, што дзве тысячы гадоў хрысціянства падчас эпідэміяў вернікі збіраліся разам, ішлі працэсіяй з іконай, ніхто ніколі не зачыняў святыні. Ніхто ніколі не баяўся». Так, але людзі не заўсёды ведалі, як распаўсюджваецца вірус, не заўсёды была магчымасць удзелу ў Імшы анлайн ці праз радыё, не ўсе пасля працэсій выжывалі. І калі сёння мы маем магчымасць не бавіцца ў «мучаніцтва» і, ведаючы, як перадаецца вірус, можам свядома ўзяць на сябе адказнасць за свае паводзіны, каб не падвяргаць небяспецы сваякоў, калегаў і проста выпадковых мінакоў, чаму б нам гэта не зрабіць?
Ці стаю я ў праўдзе?
Калі хтосьці адчувае ў сабе страх, але прымушае сябе ісці ў касцёл, бо «як жа я не пайду», а тут яшчэ далятаюць кінутыя фразы пра «лакмусавую паперку» і «давер да Бога», то, канешне ж, недзе падсвядома чалавек будзе прымушаць і іншых рабіць так, як робіць ён. Калі я не іду на святую Імшу, кажучы, што «баюся заразіць», ужо два тыдні седзячы дома на ізаляцыі, у гэтым таксама ёсць пэўная няпраўда. Калі я баюся заразіцца, то трэба сабе ў гэтым шчыра прызнацца. Я баюся. А потым вырашыць для сябе (для сябе!), што я са сваім страхам раблю. Калі я не баюся і іду ў касцёл, то гэта я не баюся і гэта я іду ў касцёл. Дзякуй Богу, удзеленая дыспэнса дазваляе нам зрабіць свабодны выбар. Але давайце быць шчырымі, у першую чаргу, з самімі сабою.
«Я ж у дом Божы іду…»
Яшчэ адзін аргумент для ўзаемных абвінавачванняў — гэта «магічнасць» прасторы касцёла, дзе «нічога дрэннага здарыцца не можа». Тут, канешне, ўзнікае пытанне, што мы разумеем пад «дрэнным». Хваробу, смерць? Не, гэта не самае страшнае. Ува мне, напрыклад, бывае, менавіта там нараджаецца спакуса і часам менавіта ў касцёле я грашу ў думках. Што ж тады ўжо казаць пра хваробу? Але ж Бог не заражае?.. Я задавалася ўсімі гэтымі пытаннямі, шукала адказы. Людзі, абазнаныя ў тэалогіі, казалі, што магіі ніякай няма: нягледзячы на тое, што хлеб і віно становяцца Целам і Крывёю Хрыста, яны застаюцца ў сваёй субстанцыі хлебам і віном, а значыць падлягаюць тым жа законам прыроды, што і раней. Я ніякім чынам не адпрэчваю цудаў, якія, я ўпэўнена, здарыліся падчас пандэміі, але факт застаецца фактам: калі святар, нават удзяляючы Камунію, дакранецца да вуснаў заражонага чалавека, то існуе вялікая верагоднасць таго, што наступныя асобы, якія прыступаюць да сакрамэнту, таксама заразяцца.
А можа, спытаць у Бога?
Яшчэ перад Вялікаднем я доўгі час думала, ці ісці мне ў касцёл на Пасхальны Трыдуум. Я не ведала, і таму пыталася ў Бога Айца. Аднойчы вечарам я села маліцца, адкрыла 22 раздзел Евангелля паводле Лукі, дзе Езус загадвае вучням падрыхтаваць пасху. Седзячы ў пакоі з Апосталамі, Хрыстус сказаў ім: «Я вельмі хацеў спажыць з вамі гэтую пасху…» (Лк 22, 15). Са Старога Запавету мы ведаем, што Сэдэр-Песах (вячэра ў ноч перад Пасхаю) святкуецца ў сямейным коле. Езус жа быў у гэты асаблівы вечар са сваімі вучнямі — Яго сям’ёю. «Я вельмі хацеў спажыць з вамі гэтую пасху…» Для мяне было відавочна, што Езус запрашае мяне, і я пайшла. Запрашае мяне. І гэта мая гісторыя. Можа, камусьці Ён загадаў, як у часы Майсея, сабрацца для святкавання Пасхі ўсім домам, дзе мужчына, галава сям’і, зойме месца галавы, дзе ён, а не сястра катэхетка раскажа дзецям пра нашае збаўленне, пра Езуса, пра Яго Ахвяру і перамогу. І да чагосьці Бог запрашае нас кожны дзень. Хоча, каб замест «трэба», «заўсёды» ці «ніколі» ў нас былі іншыя пытанні. І мне здаецца, у гэтым няма нічога дзіўнага, што на адно і тое ж пытанне мы можам атрымаць розныя адказы. Як, напрыклад, у гэты час на пытанне, хадзіць ці не хадзіць у касцёл.
Дар’я Ахламёнак