Развагі пра каштоўнасць жыцця і дар Божага падабенства

«Аніводзін век не можа засланіць праўды пра вобраз і падабенства», — пісаў святы Ян Павел ІІ у дваццатым стагоддзі, сумна вядомым дзвюма сусветнымі войнамі і камунізмам. Веру, што не зробіць гэтага і дваццаты год дваццаць першага стагоддзя, якія б перадумовы не былі...


Каранавірус, бясконцыя навіны са свежай статыстыкай па колькасці хворых і памерлых, а таксама паведамленнямі ад родных і знаёмых пра тое, што захварэў і моцна церпіць чарговы блізкі і дарагі сэрцу чалавек. Нарэшце — уласная хвароба, перапоўненыя шпіталі і недахоп належнай увагі да хворых, неабачлівае стаўленне да эпідэміі з боку дзяржаўнай сістэмы. Засмучае грамадска-палітычная сітуацыя ў нашай краіне — штодня новыя лічбы гвалтоўна схопленых на вуліцы і бязвінна зняволеных людзей, несправядліва звольненых з працы і жорстка збітых, скалечаных... Я спрабую асэнсаваць навіны, якія прыносіць новы дзень, і ўдумваюся ў лічбы, бо зразумець логіку ўсяго, што адбываецца, напэўна, немагчыма. Можа, сёння статыстыка падае крыху меншыя лічбы ў параўнанні з тымі, што былі ўчора? Аднак я разумею, што за гэтымі матэматычнымі падлікамі схаваныя жыцці і лёсы людзей. І не важна, ці ў статыстыцы пацярпелых ад віруса або ад несправядлівай рукі і волі іншых людзей адзін або тысяча чалавек, бо і гэты адзін для кагосьці з’яўляецца цэлым светам, а таму, калі церпіць ён, разам з ім церпяць яго жонка або муж, дзеці або бацькі, родныя і блізкія сябры. Гэта значыць, што ўсе лічбы тых, хто церпіць, трэба памнажаць у некалькі разоў.

амнажаць у некалькі разоў. У галаве ўзнікае мноства пытанняў... Няўжо сёння, калі ва ўсім свеце ад каранавіруса штодня паміраюць тысячы людзей, жыццё чалавека стала менш каштоўным? Як не прызвычаіцца да несправядлівасці і прыніжэння годнасці чалавека, каб самой захаваць Божы вобраз і падабенства і бачыць іх у іншых людзях? І нарэшце, што я магу зрабіць, каб штодня бараніць праўду і каштоўнасць кожнага жыцця?

Годнасць, дадзеная Богам

У Святым Пісанні я шукаю адказы на свае пытанні і праўду пра каштоўнасць жыцця чалавека, якая ніколі не зменіцца і якую ніхто не можа адмяніць. У Кнізе прарока Ераміі я знаходжу такія словы: «Раней, чым сфармаваў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе, і раней, чым ты выйшаў з улоння, Я асвяціў цябе» (Ер 1, 4–5). Якія ж цудоўныя словы пра невыпадковасць ніводнага жыцця і яго каштоўнасць, бо паходзіць яно з рукі самога Нябеснага Айца! У гісторыі стварэння свету ў Кнізе Быцця чытаю: «І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго» (Быц 1, 27). Для мяне гэта словы пра веліч і годнасць кожнага чалавека, якія даў яму сам Стварыцель, таму яны не залежаць ад стану псіхічнага або фізічнага здароўя асобы, палітычных поглядаў або сацыяльнага становішча. Сам Бог Айцец сфармаваў мяне, даў жыццё, а таксама розум і свабоду, каб я выбрала любоў і цешылася дарам жыцця. Больш за тое, Усёмагутны не перастае клапаціцца пра мяне! Пацвярджэнне гэтаму я знаходжу ў словах з Кнігі прарока Ісаі: «Як пастыр, Ён будзе пасвіць статак свой; ягнятаў будзе браць на рукі і насіць на грудзях сваіх, з клопатам будзе вадзіць кормячых авечак» (Іс 40, 11). Словы Святога Пісання падбадзёрваюць мяне. Бог — адзіны Валадар і справядлівы Суддзя, які «нясе мяне на сваіх руках», таму я веру, што годнасць чалавека і каштоўнасць яго жыцця не прынізяць і не зменшаць ніякія эпідэміі або несправядлівыя адносіны іншых людзей. 

Божы вобраз ува мне і бліжніх

Зразумела, што абставіны, у якіх я жыву, уплываюць на мой светапогляд і маю асобу, таму існуе небяспека, каб у патоку сумных навінаў не прызвычаіцца і самой не паддацца разбуральнаму ўздзеянню зла і негатыву. Кожны ведае, што пустазелле ўзрастае ва ўсялякай глебе і не патрабуе спецыяльных умоваў. Аднак колькі ж трэба напрацавацца, каб вырасла добрая збажына ці гародніна! Гэтак жа і мне трэба прыкладаць намаганні, каб захоўваць і «вырошчваць» у сабе Божы вобраз і падабенства ў любові, нягледзячы на неспрыяльныя знешнія ўмовы, каб з клопатам зберагаць гэты Божы дар. Гэта няпростае заданне, але веру, што Бог дапаможа мне яго выконваць і ва ўсіх абставінах захоўваць у сэрцы любоў, добразычлівасць і салідарнасць з усімі бліжнімі, каб радавацца з тымі, хто радуецца, і плакаць з тымі, хто плача. Аднак яшчэ больш складанае заданне — гэта бачыць годнасць кожнага свайго бліжняга, абараняць каштоўнасць яго жыцця і спрабаваць разгледзець у ім, можа, ужо здэфармаваны і амаль знішчаны Божы вобраз. Складанае заданне, але не значыць, што немагчымае для выканання.

Што я магу зрабіць?

Я слабая і адчуваю сорам і крыўду ад сваёй бездапаможнасці. Я захапляюся гісторыямі пра адважныя і рашучыя ўчынкі людзей, якія ў маіх вачах, па меншай меры, здзейснілі подзвіг у няроўнай барацьбе за жыццё і здароўе чалавека, калі суткамі дапамагалі ў шпіталях цяжкахворым або суткамі стаялі пад сценамі турмы, каб дапамагчы і падтрымаць пацярпелых. У сваёй канкрэтнай сітуацыі я, на жаль, не магу зрабіць падобных мужных учынкаў. Аднак ці гэта азначае, што я асуджаная на тое, каб сядзець склаўшы рукі? Вядома, што не! Так, я не ўрач, каб ратаваць людскія жыцці ад віруса, і не суддзя, каб абараняць справядлівасць, аднак у кожнай жыццёвай сітуацыі ёсць магчымасць рабіць, здавалася б, маленькія і незаўважныя, аднак насамрэч вялікія рэчы, што будуць абараняць каштоўнасць і веліч жыцця кожнай асобы.

Калісьці ў маці Тэрэзы з Калькуты адзін чалавек запытаўся, што ён можа зрабіць для міру ва ўсім свеце, на што святая адказала: «Ідзі дадому і любі сваю сям’ю»... Думаю, што гэты адказ падыходзіць таксама і для мяне. Ва ўмовах эпідэміі я таксама магу праяўляць яшчэ большую любоў да сваіх бліжніх і адчуваць на сабе сацыяльную адказнасць, таму магу насіць медыцынскую маску, не звяртаючы ўвагі на тое, што мне нязручна, бо я павінна памятаць пра бліжніх, якіх я магуабараніць ад віруса. Зразумела, што мой тэлефонны званок знаёмаму, які захварэў на каранавірус, не вылечыць яго, аднак можа падняць настрой, што ўжо істотна на шляху выздараўлення. Замест хамскіх прэтэнзій да закладнікаў дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя — урачоў, я магу ўсміхнуцца (усмешкі праз маску, безумоўна, не відаць, але яна будзе бачная ў вачах) і сказаць звычайнае «дзякуй». Падобных варыянтаў безліч…

Я не магу прымусіць іншага чалавека паступаць добра, аднак я магу сама не памнажаць зла. Я магу пастанавіць у сваім жыцці заўсёды і ўсюды старацца быць справядлівай і паступаць згодна са сваім сумленнем нават тады, калі гэта супярэчыць маім інтарэсам і маім жаданням. Як гэта цудоўна — усведамляць веліч і годнасць кожнага чалавека, які створаны паводле Божага вобразу і падабенства і даводзіцца мне братам у Хрысце Збаўцу. Гэта многа ці мала?.. Не ведаю, аднак веру, што гэта дапаможа ўратаваць нашае дваццаць першае стагоддзе, цярпенні якога не заслоняць праўды пра вобраз Божы і Божае падабенства!


Кацярына Дурко

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней