Дзе справядлівасць?

«Вы асудзілі і забілі справядлівага. Ён не супраціўляўся вам» (Як 5, 6). Справядлівы дазволіў учыніць над сабой несправядлівасць. Канстатаваў факт: нясправядлівасць — гэта частка нашага жыцця. Як жа тады разумець Божую справядлівасць? Што думаць пра сённяшнюю беларускую рэчаіснасць?


Дзе бліжні?

Калісьці пачуў, што на Судзе мы будзем адказвать на такое пытанне: «Дзе твой бліжні?» У такім разуменні Божая справядлівасць — гэта змаганне за справядлівасць для іншага, за яго правы, свабоду, за яго шчасце. Калі бліжні церпіць несправядлівасць, задачай хрысціяніна з’яўляецца прынамсі змагацца за вяртанне справядлівасці.

У гэтым плане з Божай справядлівасцю ўсё ясна — гэта клопат пра іншых людзей. Трэба несці іншым веру ўчынкамі, неабыякавасцю і адкрытасцю.

Не чакаць справядлівасці для сябе

Ужо «на старце» Ён сказаў: «Мяне пераследавалі і вас будуць пераследаваць». Для веруючага сама вера — гэта ўжо вяршыня, ужо збаўленне, тут і цяпер. Таму ў момантах несправядлівасці адносна хрысціяніна міжволі напрошваецца просты адказ: «Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць» (Лк 17, 10).

Увогуле змаганне за Божую справядлівасць для сябе — марная справа. Прырода Божай справядлівасці, як і міласэрнасці ці любові, грунтуецца на дзяленні, здольнасці аддаваць, клапаціцца пра іншага. Калі цягнуць выключна для сябе, Божая справядлівасць губляе сэнс.

Як жа змагацца за Божую справядлівасць?

Як пісаў св. Францішак: «Веру трэба несці ўсім і паўсюль, а калі трэба, то і словамі». Нішто не прыходзіць само, аднымі малітвамі ці разважаннямі. Трэба дзейнічаць — штодзённа, паўсюдна, у меру сваіх магчымасцяў.

Вядома, у сучаснай беларускай рэчаіснасці змаганне за Божую справядлівасць «ляжыць на паверхні». Усё нібыта зразумела і ясна, хрысціяне цудоўна разумеюць сваю місію і заданне: тысячы і тысячы вернікаў выходзілі на мірныя маршы, ішлі з ружанцамі, іконамі, крыжамі, моляцца і дзейнічаюць. Цяжкі час, але гэта момант відавочнага сутыкнення дабра і зла. Парадаксальна, але гэта святы час…

Змаганне за Божую справядлівасць для хрысціяніна не скончыцца ніколі. Гэтае змаганне змяняе формы ці кірунак, але веруючаму наканавана быць соллю і саліць асяроддзе. Самім сабою і сваім жыццём. У гэтым і ёсць справядлівасць, дакладней, яе стварэнне — не знявервацца, а дзейнічаць. А спадзеў на плады трэба пакінуць Усёмагутнаму. «Зрабілі тое, што павінны былі зрабіць».


Арцём Ткачук

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней