А што рабіць далей? Разважанне пра сённяшні дзень

За сваё жыццё чалавек неаднойчы задаецца пытаннем «і што далей?», распачынаючы іншы этап, здзейсніўшы мару або апынаючыся перад складаным пытаннем, у разгубленасці. Нібы само, гэтае пытанне ўзнікла ў маёй галаве нядаўна па дарозе на нядзельную святую Імшу. Не разлічваючы знайсці адказ, усё ж паўтарала пра сябе слоўца «далей». Што асабіста мне рабіць далей у цяперашніх умовах?..


А ў адказ узнік не вобраз, не слова, але, у пэўным сэнсе, выпрабавальнае пытанне: «Любіць тых, хто любіць, і ненавідзець тых, хто ненавідзіць?». Розум адразу ж выдаў правільную цытату з Евангелля пра любоў да ворагаў. Тут няма аб чым спрачацца, і відавочны напрамак руху...

Толькі пазней я зразумела, што гэта быў не адказ, а больш праўдзівае ўдакладненне майго пытання: хіба я не спрабавала даведацца, як мне «больш эфектыўна» і канкрэтна любіць тых, каго люблю, і… так, на жаль, ненавідзець, пазбаўляць любові тых, хто, на маю думку, ненавідзіць мяне (і тых, каго я люблю)? Трэба прызнаць, што ніякага «далей» не атрымаецца пры такім падыходзе да рэчаіснасці. Будзе толькі рух па заведзеным коле, па вытаптанай многімі пакаленнямі шырокай дарозе «ўзаемнасці»: як ты да мяне, так і я да цябе. Якая карысць на памяць ведаць Хрыстовыя словы, калі ўнутры прагнеш ведаць адказ на іншае пытанне і мець сродкі паспяхова ажыццявіць яго?

«Але кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць» (Лк 6, 27).

А ці я слухаю, Пане? Акордам да гэтага звароту («хто слухае») гучыць старазапаветны заклік, які ізраільцяне штодзённа паўтаралі ў малітве: «Слухай, Ізраэль!» (Дрг 6, 4). Уменне слухаць уласціва сталасці, а няўважлівасць — дзяціннасці. Больш за тое, дзіця, якое поруч з натуральнымі абмежаваннямі ўзросту, перажывае няшчасце, крыўду, голад, тым больш не патрапіць слухаць, пакуль не будуць заспакоеныя прагненні і не суцішыцца боль. І ўсё ж народ Ізраэля пачуў гэты заклік яшчэ ў пустыні, каб ужо сярод недахопу пачаць сталенне.

У тым жа Евангеллі паводле Лукі, літаральна за некалькі вершаў да словаў аб любові да ворагаў, Езус менавіта ўбогіх, засмучаных, галодных і пакінутых называе шчаслівымі! Бо менавіта з імі ёсць Бог, які падзяляе іх цярпенне і прымае ў сваё Валадарства. Ён дае гэтую магчымасць слухаць, здольнасць адарваць вочы ад сваёй бяды і паглядзець на Яго, пачуць, што больш няма патрэбы хадзіць па коле помсты.

Езус прапануе свабоду, а гучыць гэта як пройгрыш, прынамсі цяпер і асабіста для мяне. Зрэшты, і будзе гучаць, пакуль прага поспеху і страх паразы не застануцца ў дзяцінстве.

Напэўна, ніхто не палічыць колькасць разважанняў і тлумачэнняў закліку любові да ворагаў, чытай — не хачу, аднак кожнаму прыходзіцца разбірацца з ім самому ва ўласных абставінах, перадумовах і абмежаваннях. Паглядзіш з аднаго боку, убачыш адну праблему, паглядзіш з іншага — яшчэ адзін ракурс, новыя пытанні. Што для мяне азначае поспех, калі тут мне бачыцца паражэнне, якое немагчыма стрываць? Адкуль гэты страх, што Бог сапраўды «ласкавы да няўдзячных і да злых» (Лк 6, 35)? І шмат іншых няўтульных пытанняў, толькі ўсвядоміўшы якія і можна шчыра спытаць: «То што ж рабіць далей?».

Паводле структуры гэтага шостага раздзела, рух да любові пачынаецца з усведамлення шчасця. Вось жа, «шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі <…> з-за Сына Чалавечага» (Лк 6, 22). І гэта поспех, кажа Езус. «Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў небе» (Лк 6, 23). Не ваш уплыў на паводзіны іншых людзей, не дасканала зробленая праца, не доўгі спіс дасягненняў, але толькі факт, што хтосьці выразна ідэнтыфікуецца з Хрыстом і за гэта атрымлівае знявагі, насмешкі і адчужэнне, з’яўляецца непрамінальнай каштоўнасцю.

Затым неабходна адпусціць багацце, сытасць, самазадаволены смех і пахвалы, не хадзіць за імі, як за падманлівымі агнямі, нават бегчы ад іх, як ад гора (гл. Лк 6, 24–26). Зноў жа, гэта ўсё насуперак таму, што лічыцца паспяховасцю.

Але вось тады — у цішыні, убаку ад вялікіх дарог — і пачынаецца слуханне, і Божае слова становіцца хлебам жыцця: любіце ворагаў, рабіце ім дабро, благаслаўляйце, маліцеся, давайце, пазычайце, «не чакаючы нічога ўзамен» (гл. Лк 6, 27–35).

Такім дадзена быць сынамі Найвышэйшага (Лк 6, 35) і вучнямі (Лк 6, 40), прыносіць добрыя плады (Лк 6, 43), будаваць трывалыя дамы на скалах (Лк 6, 48)…

Усё гэта сапраўды цудоўна і прыцягальна, толькі не магу зразумець, як у такіх «коцікаў» знаходзяцца ворагі? Евангелле не пакідае сумневаў, і жыццё паказвае — ёсць ворагі ў вучняў Хрыста, а значыць штосьці блытаецца ў галаве і дамешваецца памылковае або няшчырае ўспрыманне, і трэба адважыцца зноў і зноў слухаць уважлівей і глядзець глыбей.


Тэрэса Клімовіч

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней