Хрысціянін і сацыяльная актыўнасць

Калі я была студэнткаю, жыць было не тое каб проста, але нашмат лягчэй, чым цяпер. Апроч сціплага фінансавага жыцця, у астатнім была лёгкасць і бесклапотнасць. Але чаму са сталасцю прыходзіць абцяжаранасць? Людзі часам ледзь ногі валакуць, з’яўляецца шмат праблемаў, трывогі, клопатаў… Думаецца: жыві ў еднасці з Богам, радуйся, служы людзям, бо ўсё роўна нашая Айчына ў Небе, а жыццё марнае, хутка мінае...


А цяпер, калі прайшоў пэўны час пасля студэнцтва, з’явілася разуменне: жыць толькі Айчынай у Небе не атрымаецца. Абстрагавацца ад цяжкай рэальнасці не выйдзе. Узнікае пытанне: як тады адначасова жыць Уваскрасеннем і не ўцякаць ад праблемаў гэтага свету? Наколькі глыбока ў іх пагружацца ці, можа, наогул проста маліцца, абстрагаваўшыся, бо ўсё роўна ж праблемы нікуды не дзенуцца ў гэтым свеце, у гэтай «даліне слёз»?

З такім роздумам я з невялікай групай моладзі з Мінска ехала ў Росіцу, дзе цяпер служыць а. Аляксандр Жарнасек MIC. Паспрабую перадаць самае галоўнае, што для сябе пачарпнула падчас нашых міні-рэкалекцый на тэму, якую а. Аляксандр акрэсліў як «Хрысціянін і сацыяльная актыўнасць».

Соцыум ― гэта любы чалавек побач

Сацыяльнае жыццё пачынаецца тады, калі ты пачынаеш бачыць бліжняга каля сябе, а сацыяльная актыўнасць нараджаецца тады, калі ты хочаш дапамагчы гэтаму бліжняму.

Можна прывесці такі прыклад. У сям’і нараджаюцца дзеці, іх трэба адвесці ў садок ― узнікае пытанне, чаму туды цяжка трапіць, чаму амаль няма прыватных дзіцячых садкоў у дзяржаве і г.д.? Дзіця падрастае, ідзе ў школу, тады ў бацькоў можа ўзікнуць пытанне наконт праграмы: чаму іх дзіця вучаць часам нейкім незразумелым рэчам? Як можна на гэта паўплываць? Бацькі старэюць, пачынаюць хварэць, яны сутыкаюцца з хібамі медыцынскай сістэмы, сацыяльнага абслугоўвання. І такіх прыкладаў можна прыводзіць безліч.

Клопат пра бліжняга

Безумоўна, хрысціянін павінен быць сацыяльна актыўным, бо пакліканы дапамагаць бліжняму: спачатку — сваім родным, сябрам, потым нават незнаёмым людзям, і дапамога пачынае перарастаць у пэўную дзейнасць, рух, цэлую сістэму дапамогі. Вельмі яркім прыкладам з’яўляецца слуга Божая Дораці Дэй, амерыканская журналістка, якая заснавала Рух каталіцкіх рабочых і актыўна працавала на ніве паляпшэння ўмоваў працы.

Цікава, што ў прыпавесці пра добрага самараніна фарысей пытаецца: «А хто мой бліжні?» Але Езус, расказаўшы прыпавесць, задае сустрэчнае пытанне: «Хто быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?» Езус звяртае ўвагу не на тое, хто мой бліжні, а на тое, каму я магу стаць бліжнім. Гэта ўжо крыху іншае, чым проста пытанне пра бліжняга. Пытанне Езуса міжволі штурхае да дзейнасці.

Сацыяльная актыўнасць у нашым жыцці

З разважаннямі ўсё больш-менш зразумела, пакуль не даходзіць да лагічнай паралелі са сваім рэальным жыццём.

Далёка хадзіць не трэба: возьмем жыццё нашага мясцовага Касцёла. Ці ёсць у нашых парафіях сацыяльная сфера? Давайце не будзем адразу гаварыць пра «Карытас»… Згадаем сваю парафію і ўспомнім, якія ж у нас актыўныя суполкі? «Маці ў малітве», «Легіён Марыі», моладзевыя групы… Але чалавек у патрэбе ці знойдзе пры парафіі, дзе «галаву схіліць»? Бяздомны? Удава? Чалавек у дэпрэсіі? Былы вязень? Вядома, ёсць парафіі, пры якіх існуюць жывыя і добрыя ініцыятывы, але гэта адзінкі, згадзіцеся. Праўду кажучы, амаль няма ў нас, парафіянаў, сацыяльнай сферы, ёсць пабожная, але не сацыяльная.

Мы часам здзіўляемся, што людзі часта трапляюць у пратэстанцкія суполкі, але гэта здараецца па прычыне ўвагі да іх, падтрымкі ў цяжкую хвіліну. Вядома, у многіх краінах, наадварот: толькі на Касцёле сацыяльная сфера і трымаецца... Вельмі хачу, каб гэтыя разважанні не сталі папрокам і не выклікалі рэакцыю абароны. Гэтыя разважанні — выклік. Прынамсі, слухаючы а. Аляксандра, я ўспрымала гэта так: задумацца і штосьці з гэтым рабіць.

Менавіта з нізоў усё пачынаецца. Змяняючы сітуацыю з нашымі бліжнімі, а потым і дальнімі, мы змяняем і аблічча нашай вёскі, горада, краіны. Вядома, людзі, якія арганізоўваюць сацыяльнае служэнне, часта сутыкаюцца з перашкодамі ў заканадаўстве, у канкрэтных людзях пры пасадах, якія лепш бы спрыялі, а не перашкаджалі. Але ўсё роўна неабходна засяроджвацца на патрэбах канкрэтных людзей, нашых бліжніх. Бо згадзіцеся: калі зверху спускаюць дзяржаўныя «планы» па любові да бліжняга, вельмі часта гэта неэфектыўна, і наадварот, спараджае абыякавасць і зусім не дасягае сэрца чалавека. Толькі калі мы будзем уваходзіць у неабыякавыя адносіны са сваімі бліжнімі, мы зможам даведацца, чаго сапраўды ім не хапае, і дапамагчы. Бо абстрагавацца ад гэтага «марнага» свету для хрысціяніна — не выйсце.


Вольга Адамовіч

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней