Справы цемры

Іх шмат, гэтых справаў цемры. Адны з іх навідавоку, і тыя, хто ў іх бярэ ўдзел, не хаваюцца ды не затойваюцца. З імі ўсё нібыта зразумела. Такі іхні выбар. Але ёсць іншыя справы цемры, якія адразу і не распазнаеш — гэтак яны замаскіраваныя.


Фальшывыя сведкі, даносчыкі, падхалімы, паклёпнікі, ананімшчыкі — агромністае войска на службе князя цемры. Яны спрычыніліся амаль да кожнага сталінскага арышту, да тых ганебных судоў, якія і судамі нельга назваць, бо на іх паўсюдна былі ілжывыя, фальшывыя сведкі.

Так сталася, што ў 90-я гады мне давялося працаваць з рознымі матэрыяламі пра сталінскія рэпрэсіі каталіцкага святарства. У мае рукі трапілі тады лісты некаторых святароў са сталінскіх лагераў, якія збераглі тыя, хто іх атрымліваў. Вязні пісалі да сваіх родных, да парафіянаў, якія падтрымлівалі іх у гэты час пакутаў. Тых, хто не згадзіўся з «правам» сталінскага рэжыму бязлітасна распараджацца чужымі жыццямі, было шмат. Яны не заяўлялі пра сябе гучна, не крытыкавалі ўладу, а проста збіралі харчы, цёплую вопратку, эканомілі са сваіх мізэрных заробкаў грошы і пасылалі ўсё гэта тым, хто апынуўся ў зняволенні. Немагчыма раўнадушна чытаць лісты ўдзячнасці, што час ад часу прыляталі ў хаты з Варкуты, Караганды, Калымы, Арла, са станцыі Верхатур’е, з Краснаярскага краю, з Кемераўскай, Новасібірскай абласцей… Але тады ўпершыню да мяне прыйшло таксама і ўсведамленне таго, што былі ж і іншыя людзі, тыя, што даносілі на сваіх суседзяў, аднавяскоўцаў, нават часам на сваякоў, на настаўнікаў, дактароў і на святароў… Тады і прыйшла думка пра гэтае агромністае войска служак цемры.

Ксёндз Юзаф Барадзюля прабыў у сталінскім зняволенні 25 гадоў. У сваім дзённіку «25 гадоў турмы, лагераў і ссылкі» ён піша і пра тое, як пачынаўся ягоны шлях пакутніцтва па сталінскіх турмах ды ссылках у 1926 годзе, як заявіўся да яго падазронага выгляду чалавек і намагаўся справакаваць святара — сказаў, што ён прыбыў з Польшчы па важнай справе. Ды ўсё гэта было настолькі шыта белымі ніткамі, што ксёндз Юзаф адразу распазнаў правакатара. Адказаў яму, што не мае ніякіх справаў з палякамі, а тое, чым займаецца ў касцёле, усё навідавоку. Госць знік, а ксёндз Юзаф на другі дзень папрасіў у АГПУ, каб больш яму гэткіх «сяброў» не прысылалі. За няўмелую працу той правакатар атрымаў пяць гадоў «Соловецкого лагеря особого назначения» (СЛОН). Праз некалькі гадоў ксёндз Юзаф таксама трапіў на Салаўкі, і яны там сустрэліся. Пры сустрэчы няўдалы служка сталінскага рэжыму злосна прашыпеў: «Мяне пасадзіў і сам сеў». Як кажуць, было б гэта смешна, калі б не было так сумна...

Да 37-га года было яшчэ цэлае дзесяцігоддзе, а войска служак цемры ўжо рупліва працавала для яго надыходу…

На тэрыторыі Заходняй Беларусі сталінскі тэрор пачаўся пасля вайны. Адны цешыліся, што вайна скончылася і можна нарэшце адбудоўваць мірнае жыццё, а іншыя ўсё гэтак жа працягвалі свой удзел у справах цемры.

Вязень Гулагу ксёндз Францішак Більша пісаў да сваёй маці на Браслаўшчыну: «Ты — жывы сведка, як не даражыў я ні здароўем, ні жыццём дзеля дабра маёй любімай сям’і (маецца на ўвазе парафія. — І.Ж.). А якая плата? За любоў — нянавісць, за навуку праўды — падман, за нябесны хлеб — камень, за суцяшэнне — смутак і горыч, за сяброўскі пацалунак — пацалунак Юды.

Мой лёс вельмі падобны да лёсу майго дарагога Прыяцеля з горада Назарэт. Бо не было ніводнага сведкі, які б любіў праўду... Лёсу не зменіш. Таму што іншы раз падман бывае мацней за праўду... Зразумей, як соладка і лёгка пакутаваць невінаватаму. Таму ганарыся і прасі Бога, каб мая ахвяра была прынятая Айцом і прынесла карысць усім, за каго я ахвярую яе».

І праз два гады зноў жа да маці: «Ты павінна жыць, каб расказаць, што я быў нявіннай ахвярай людской подласці…».

Маці не дачакалася сына — адышла, збалелая, у вечнасць. Не дачакалася яго і сястра, якую ён моцна любіў і называў не іначай як ласкава — Марысенька. Парафіянка касцёла ў Плюсах Марыя Высоўская распавядала, як яны з сястрой ксяндза Францішка ездзілі на суд у Полацк. У само памяшканне суду іх не пусцілі, але нягеглыя сталінскія служкі няшчыльна зачынілі дзверы, і жанчыны чулі ўсё, што адбывалася за дзвярыма, седзячы ў калідоры. Чулі, як ксёндз Францішак адмаўляў сваю віну, не згаджаўся з тым, што яму прад’яўлялі абвінаваўцы. І чулі таксама, як падстаўны сведка, які раней час ад часу заходзіў у касцёл, гаварыў, блытаючыся, што вось ксёндз іхні ў часе казанняў заклікаў не падначальвацца савецкай уладзе, калгасным начальнікам, як ён нібыта заклікаў з амбоны: «Бярыце нажы і рэжце камуністаў».

Суд прыгаварыў ксяндза Францішка Більшу да 25-ці гадоў зняволення. Пані Марыя распавядала, як сястра святара сядзела ўвесь час, пакуль доўжыўся суд, у адной позе, моцна скруціўшы пальцы рук на каленях, і пагойдвалася. Яна ўсё чула. Не плакала, не скардзілася — маўчала. І нават не злавалася на словы гэтак званага парафіяніна, які подла сведчыў супраць яе брата. Суд яна вытрымала. А доўгіх гадоў зняволення любімага брата — не… Яна пайшла ў вечнасць неўзабаве за маці — не змагла вытрымаць жудаснай адзіноты й болю.

Арыштаваныя ведалі, хто браў на сябе гэты цяжкі грэх — фальшыва, подла сведчыў супраць іх. Ксёндз Часлаў Барвіцкі ў лісце з Гулагу да сваіх парафіянаў лучайскай парафіі, што на Пастаўшчыне, пісаў пра тое, што яму давялося выцерпець у «чатырох мокрых сценах падвала, без акна, без паветра…» полацкай турмы. «На першым жа допыце, — піша ён, — адразу даведаўся, хто на мяне нагаварыў…».

Яны гэта ведалі. Тыя прозвішчы і іх «паказанні» засталіся ў грудах папер, паводле якіх вырашаліся людскія лёсы. Хтосьці з тых фальшывых сведкаў, магчыма, мог бы запярэчыць у сваё апраўданне: «Ну калі б не я, то другі альбо трэці — хтосьці ўсё роўна знайшоўся б». Так, магчыма, знайшоўся б. Але гэта быў бы не ты! Правільна сказаў прафесар Дзмітрый Ліхачоў: «Ніводзін Сталін не змог бы валадарыць, калі б не было падхалімаў». Гэты чалавек, маючы за спінай Салавецкі лагер, ведаў, што казаў. А напрыканцы ён дадаў па-ліхачоўску проста і мудра: «У старасці будзем думаць пра маладосць, пра свае ўчынкі… Трэба нам імкнуцца жыць так, каб потым не раскайвацца за зробленае».

Ці мучыліся тыя фальшывыя сведкі і даносчыкі потым? Ці спавядаліся са сваіх цяжкіх грахоў? Ці сніліся ім крыжовыя дарогі нявінных ахвяраў, да якіх спрычыніліся іхнія фальшывыя сведчанні?

У сваім дзённіку ксёндз Юзаф Барадзюля змясціў ліст аднаго свайго былога парафіяніна, арганіста Ігната Шчарбака. Яго запалохалі следчыя, прыгразіўшы, што згніе разам з ксяндзом у Сібіры, і той даў фальшывыя паказанні. Апусціўшы долу вочы, ён пацвердзіў гэта і на вочнай стаўцы. А праз некалькі гадоў, калі ксёндз Барадзюля вярнуўся на нейкі час са сталінскага лагера, ён атрымаў ліст ад свайго былога арганіста: «Паважаны Іосіф Іосіфавіч! Я вельмі ўзрадаваўся, калі даведаўся, што Вы вярнуліся з Сібіру. Узгадваючы мінулае, мне вельмі страшна, што пакрыўдзіў Вас у 1927 годзе… Следчы мяне спачатку запужаў, што я згнію ў турме з-за Вас. Быццам гэта Вы ўцягваеце мяне ў гэтую справу .

Цяпер, калі набліжаецца смерць, мяне вельмі мучае сумленне, што я, як той Юда, прадаў Вас. Прашу прабачыць мне і прызначыць якую заўгодна пакуту.

20 лютага 1947 года, в. Тарасёнкі, І. Шчарбак».

Такое вось жыццё…

Не маем права асуджаць іх, бо самі не траплялі на іхняе месца. І няхай Пан Бог ратуе, каб ні нам, ні нашым дзецям ды ўнукам не давялося апынуцца паміж молатам і кавадлам бесчалавечнага рэжыму, які бязлітасна перамолвае людскія лёсы.

І ўсё ж выснову з такіх вось гісторый мусім для сябе зра біць. Яна простая, гэтая выснова: «Не бярыце ўдзел у справах цемры!» А ў Дэкалогу, які даў нам наш Айцец Нябесны, яна гучыць так: «Не сведчы фальшыва супраць бліжняга свайго».


Ірына Жарнасек
Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

 

Цэтлікі: Успаміны

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней