Аднаўляць і аднаўляцца...

У хрысціянскім асяроддзі пасля розных здарэнняў часта задаюцца пытаннем: «Што Бог хацеў праз гэта сказаць?» Гэты падыход падштурхоўвае да важнай рэфлексіі над Провідам, але й нараджае шмат спекуляцый. Ва ўсялякім разе ёсць яшчэ больш важнае пытанне: што ў гэтай сітуацыі правільна рабіць? Як дзейнічаць і расстаўляць акцэнты?


Чалавек важней за сцены...

Беларусь праходзіць найскладанейшыя часы ў новай гісторыі: сотні людзей знаходзяцца ў турмах несправядліва; раз’яднаныя сем’і, самотныя дзеці, стомленыя сужэнцы. Падаецца, ужо крычаць камяні. Як адбудоўваць сцены ў такой сітуацыі? Якім клопатам іх агарнуць?

Пастар «царквы без сценаў» Вячаслаў Ганчарэнка неяк сказаў, што «не варта канцэнтравацца на будаўніцтве храмаў, важна ўбачыць жніво». Беларускае жніво прагне праўды, вучыцца братэрству. Касцёлу, кожнаму католіку, трэба стацца братам і сястрой гэтаму грамадству — «маленькім каталіцкім братам», спачуваючым і родным, таму, хто бачыць больш за сваю пясочніцу. Адбудоўваючы Будслаў, вельмі важна не страціць гэты смак.

Сустрэцца на даху ў Будславе...

Пажар аб’яднаў людзей. Збор сродкаў на аднаўленне стаў самай хуткай і значнай каталіцкай акцыяй за ўсю гісторыю сучаснай Беларусі. Будаўнікі касцёлаў ведаюць, колькі часу трэба збіраць 400 тысяч рублёў, а беларусы сабралі іх за 7 дзён. Тысячы людзей, якія ніколі не былі ў Будславе, ахвяроўвалі і працягваюць ахвяроўваць на гэтую справу, таму што адчулі сябе яе часцінкай.

Будслаў — гэта месца сустрэчы: веруючых — з Богам, няверуючых — з сэнсам. Пажар відавочна нагадаў пра гэта, толькі ці скарыстаемся мы гэтай магчымасцю? Ці дапаможа аднаўленне даху аднавіцца нам самім, падумаць пра сэнс, ацаніць прыгажосць адзінства і салідарнасці. Няўжо гэта магчыма толькі ў трагічныя моманты?

Убачыць будучыню...

Відавочна, што будслаўскі пажар паставіў нам усім адно важнае пытанне: што будзе пасля рамонту? Будзе новы дах, урачыстае адкрыццё, памяць і сімвал у народнай свядомасці. Аднак Будслаў па-ранейшаму застанецца маленькай і ціхай вёсачкай, з турыстамі і штогадовым фэстам. У каталіцкім асяроддзі ўжо даўно існуе думка, што гэтага ўсё ж замала.

Ці зможа аднаўленне святыні стацца таксама сэнсавым і сутнасным аднаўленнем Нацыянальнага санктуарыя? Гэта, хутчэй, рытарычнае пытанне, і адказ на яго залежыць ад крэатыўнасці, духоўнасці і рэальных дзеянняў беларускіх католікаў. Усе разумеюць важнасць будучыні, аднак яна будзе складацца з канкрэтных рашэнняў.

Трагічнасць пажару ў Будславе неверагодна і нават містычна ўпісалася ў цяперашнюю рэчаіснасць: як быццам святыня не вытрымала і хацела штосьці пракрычаць. Але хто ўмее размаўляць на мове касцёлаў? Відавочна адно — Божы Провід штурхае католікаў і ўсіх хрысціянаў рухацца, яднацца і крэсліць наваколле. Не паддавацца, а аднаўляць і аднаўляцца.


Арцём Ткачук
Фота: Віктар Малышчыц

 

Цэтлікі: Меркаванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней