Ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла публікуем урывак з кнігі Яна Паўла ІІ «Пераступіць парог надзеі», якая складаецца з пытанняў журналіста Вітторыё Мэссоры і адказаў на іх Святога Айца.
Святы Ойча, Вы самі нагадалі ў часе нашай размовы, што невыпадкова свой пантыфікат распачалі заклікам, які адазваўся і надалей адзываецца ў свеце разлеглым рэхам: «Не бойцеся!»
Ці не думаеце Вы, Ваша Святасць, што сярод магчымых яго тлумачэнняў магло б быць і наступнае: шмат людзей сёння адчувае патрэбу ў пачуцці бяспекі, яны хочуць, каб іх заклікалі «не баяцца» Евангелля, бо многія асцерагаюцца, што, набліжаючыся да Евангелля, яны ўскладняюць сабе жыццё ягонымі вымаганнямі, у якіх бачаць не столькі вызваленне, колькі гнятлівы цяжар?
— Калі 22 кастрычніка 1978 года на плошчы святога Пятра я вымаўляў словы «Не бойцеся», я не мог ва ўсёй паўнаце ўявіць, як далёка павядуць мяне і ўвесь Касцёл гэтыя словы. Тое, што было ў іх, сыходзіла, хутчэй, ад Духа Святога, Якога Пан Езус абяцаў апосталам як Суцяшыцеля, чым ад чалавека, які іх прамаўляў. Аднак з гадамі я прыгадваў сабе гэтыя словы ў розных абставінах.
Заклік «Не бойцеся!» мы павінны разумець вельмі шырока. У пэўным сэнсе, гэта быў заклік, адрасаваны ўсім людзям, заклік перамагчы страх у глабальнай сітуацыі сучаснага свету: як на Усходзе, так і на Захадзе, на Поўначы і на Поўдні. Не бойцеся таго, што самі стварылі, не бойцеся свету ўсіх гэтых чалавечых тварэнняў, якія становяцца ўсё большаю пагрозаю для чалавека! Не бойцеся, нарэшце, сябе саміх!
Чаму мы не павінны баяцца? Таму што чалавек быў адкуплены Богам. Калі я прамаўляў гэтыя словы на плошчы святога Пятра, я ўжо ўсведамляў, што першая энцыкліка і ўвесь пантыфікат павінны быць звязаны з праўдаю аб Адкупленні. У гэтай праўдзе - найглыбейшае пацвярджэнне таго самага «Не бойцеся!»: «Бог палюбіў свет - так палюбіў, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага» (пар. Ян 3, 16). Гэты Сын прабывае ў гісторыі чалавецтва як Адкупіцель. Адкупленне пранізвае ўсю гісторыю чалавека, таксама і дахрысціянскую, і падрыхтоўвае яго эсхаталагічнае будучае. Яно - тое святло, якое «ў цемры свеціць, і ніякая цемра не здолее яго агарнуць» (пар. Ян 1, 5).
Моц Хрыстовага крыжа і змёртвыхпаўстання заўсёды большая за ўсялякае зло, якога чалавек можа і павінен баяцца.
<...> «Не бойцеся!» - гаварыў Хрыстус апосталам (пар. Лк 24, 36) і жанчынам (пар. Мц 28, 10) пасля Змёртвыхпаўстання. З тэкстаў Евангелля вынікае, што не было пры гэтым Яго Маці. Моцная ў веры, Яна «не баялася». Якім чынам Марыя ўдзельнічае ў гэтай Хрыстовай перамозе, я ведаў перш за ўсё з досведу майго народу. Я ведаў таксама ад кардынала Стэфана Вышынскага, што яго папярэднік, кардынал Аўгуст Хлёнд, паміраючы, прамовіў прарочыя словы: «Перамога, калі яна прыйдзе, прыйдзе праз Марыю»... На працягу некалькіх дзесяткаў гадоў майго пастырскага служэння ў Польшчы, я быў сведкам таго, якім чынам ажыццяўляліся гэтыя словы.
Адразу ж пасля абрання мяне Папам, уваходзячы ў справы паўсюднага Касцёла, я адчуваў у сабе ўпэўненасць, што і ў гэтым універсальным вымярэнні перамогу, калі яна прыйдзе, атрымае Марыя. Хрыстус пераможа праз Яе, бо хоча, каб перамога Касцёла ў сучасным і будучым свеце была звязана з Ёю.
Такім чынам, я меў такую ўпэўненасць, хоць у той час яшчэ вельмі мала ведаў пра Фаціму. Я прадчуваў толькі, што ёсць якаясь пераемнасць, пачынаючы ад Ля Салетт, Люрда аж да Фацімы, а ў глыбокай мінуўшчыне - наша польская Ясная Гара.
І вось - 13 мая 1981 года. Калі я быў паранены куляю тэрарыста на плошчы святога Пятра, таксама не ўсведамляў сабе, што гэта - менавіта той дзень, у які Марыя аб'явілася траім дзецям у партугальскай Фаціме, каб прамовіць да іх словы, што напрыканцы стагоддзя, здаецца, блізкія да спаўнення.
Хіба ўсёю гэтаю падзеяй Хрыстус не прамовіў яшчэ раз свайго «Не бойцеся!»? Хіба не сказаў гэтых пасхальных словаў і Папу, і Касцёлу, а праз іх усёй чалавечай сям'і?
Словы ўваскрослага Хрыста «Не бойцеся!» патрэбныя нам напрыканцы другога тысячагоддзя, магчыма, больш, чым калі-небудзь. Яны патрэбныя чалавеку, які і пасля падзення камунізму не перастаў баяцца і мае на тое шмат прычынаў. Словы гэтыя патрэбныя народам, тым народам, якія адрадзіліся пасля падзення камуністычнай імперыі, але і тым народам, якія маюць, хутчэй, ускоснае дачыненне да гэтага вопыту.
Словы гэтыя патрэбныя ўсім людзям і народам усяго свету. Трэба, каб вярталася ў іх свядомасць і ўпэўненасць, што існуе Хтосьці, Хто трымае лёсы гэтага прамінальнага свету, Хтосьці, Хто мае ключы ад смерці і ад пекла (пар. Адкр 1, 18), Хтосьці, Хто ёсць Альфа і Амега чалавечай гісторыі (пар. Адкр. 22, 13), як індывідуальнай, так і ўсеагульнай.
А гэты Хтосьці ёсць Любоў (пар. 1 Ян 4, 8.16), Любоў учалавечаная, Любоў укрыжаваная і ўваскрослая, Любоў бесперапынна прысутная сярод людзей. Любоў - эўхарыстычная, невычэрпная крыніца камуніі. Ён адзін мае поўную гарантыю для гэтых слоў: «Не бойцеся!»
Вы кажаце, што сучасны чалавек з цяжкасцю навяртаецца, бо яго палохаюць маральныя вымаганні, якія ставіць перад ім вера. І гэта ў пэўнай меры праўда. Несумненна, Евангелле патрабавальнае. Вядома, што Хрыстус ніколі не падманваў наконт гэтага сваіх вучняў і слухачоў. Наадварот, Ён вельмі рашуча рыхтаваў іх да ўсялякіх знешніх і ўнутраных цяжкасцяў, заўсёды лічыўся з тым, што яны могуць адысці. Калі ўжо Хрыстус гаворыць «Не бойцеся!», то, безумоўна, не дзеля таго, каб нейкім чынам адмяніць свае патрабаванні. Наадварот, гэтымі словамі пацвярджае ўсю праўду Евангелля і ўсе патрабаванні, змешчаныя ў ім. Але разам з тым Ён паказвае, што патрабаванні гэтыя не перавышаюць меру магчымасцяў чалавека. І калі чалавек іх прымае ў духу веры, то тады знаходзіць у Богу і таемныя сілы для таго, каб з імі справіцца. Свет поўны доказаў гэтае збаўчае і адкупленчае сілы, пра якую ў Евангеллі гаворыцца яшчэ больш, чым аб патрабаваннях. Колькі ж на свеце людзей, якія даказваюць гэта ўласным жыццём. Больш таго, жыццё чалавечае менавіта так і ўсталявана.
Прыняць патрабаванні Евангелля - гэта значыць, цалкам прызнаць сваю чалавечую прыроду, убачыць яе прыгажосць, задуманую самім Богам, убачыць праўду ўсіх чалавечых слабасцяў у святле моцы самога Бога: «Немагчымае ў людзей магчыма ў Бога» (Лк 18, 27).
Гэтых двух вымярэнняў нельга раздзяляць: маральных патрабаванняў, якія Бог прад'яўляе чалавеку, і патрабаванняў збаўчай любові ці ласкі, якія Бог паставіў, у пэўным сэнсе, сабе самому, бо што ж такое Хрыстова адкупленне, калі менавіта не гэта? Бог жадае збаўлення чалавека, хоча, каб чалавек адбыўся ў той меры, якую Ён сам для яго задумаў. Хрыстус меў права сказаць, што ярмо, якое Ён ускладае, салодкае, а цяжар, па сутнасці - лёгкі (пар. Мц 11, 30).
Вельмі важна пераступіць парог надзеі, не затрымлівацца перад ім, дазволіць сябе весці. Думаю, што пра тое ж і словы Цыпрыяна Норвіда, які так вызначаў найглыбейшую аснову хрысціянскага існавання: «І... калі б гэта не з крыжам Збавіцеля за сабою, але са сваім за Збавіцелем ішлося...» (Ліст да Я.Б.Залескага, Парыж 6.01.1851). Такім чынам, ёсць усе падставы, каб праўду аб Крыжы называць Добраю Весткаю.
Урывак з кнігі Яна Паўла ІІ
«Пераступіць парог надзеі» (Про Хрысто, 1997)
Пераклад Крыстыны Лялько
Ілюстрацыя: «Мучанікі ў катакомбах». Жуль Эжэн Леневё, 1855 г.