Лекаванне прыгажосцю. Пра тэрапеўтычны эфект Пасхальнай літургіі

Мяркую, толькі лянівы не чуў пра даволі папулярную псіхалагічную мадэль Кюблер-Рос, дзе праз адмаўленне, гнеў, торг і дэпрэсію чалавек ідзе да прыняцця. Хутчэй за ўсё, праз усе гэтыя этапы (хіба толькі без перадапошняга) праходзіў кожны сярэднестатыстычны каталіцкі душпастыр, гледзячы на несуразмернасць колькасці ўдзельнікаў Пасхальнай вігіліі з — умоўна — Літургіяй Мукі Пана. І змагаемся мы пасля з амбівалентнымі пачуццямі: ці то сардэчна вітаць тых, хто «Пану Богу не надакучвае», і рабіць паскораны керыгматычна-катэхетычны курс у межах аднаго казання, ці, наадварот, — прамаўляць да сумленняў аргументам з Ап 3,15–16. Адзінага слушнага рашэння хіба і не існуе, але і не пра яго сёння пойдзе гаворка. А што, калі паспрабуем паглядзець на рэчаіснасць вачыма чалавека, можа, не зусім практыкуючага і з адрабінаю скептыцызму адносна хрысціянскай дагматыкі, які, аднак воляй Провіду (што найхутчэй), лёсу (як яму здаецца) ці родных бацькоў, што запрасілі на Вялікдзень (і няёмка не пайсці) запрошаны, каб наступныя дзве з «хвосцікам» гадзіны правесці ў акружэнні старажытных сімвалаў, глыбокіх зместаў і фундаментальнай для хрысціянаў праўды пра Уваскрасенне. Інакш кажучы, правядзем эксперымент: што «Маці ўсіх Літургій» можа сказаць непадрыхтаванаму катэхетычна яе ўдзельніку?

Агонь, вада і... медныя трубы (аргана)

Амерыканскі біскуп-блогер Роберт Барон у публічнай дыскусіі на тэму «Хрыстос, Цуд і Прыгажосць Касцёла» агучыў цікавы тэзіс, які мае месца ў публічным дыскурсе Касцёла яшчэ з часоў святога Аўгустына, калі і не раней, а менавіта, што прыгажосць — гэта доказ і досвед прысутнасці Бога. Гаворка ідзе пра той від хараства, які ўздзейнічае на чалавека, выклікае тое пачуццё, што старажытныя грэкі называлі «катарсісам» — даслоўна, «ачышчэннем», вырашэннем унутраных канфліктаў і маральным уздымам. Добра падрыхтаваная Літургія, багатая ў дэталі, да якіх мы ставімся — можа, і без «боязі з дрыжэннем» — не без шацунку з прычыны таго, што яны азначаюць, не можа не ўздзейнічаць. Аповед, які «распавядае» нам Касцёл з дапамогай мазаікі знакаў і тэкстаў не толькі па ўсіх законах сторытэллінгу1 мае сваю завязку (Літургія Святла) з экспазіцыяй (Літургія Слова), што вядзе да кульмінацыі (Літургія Хросту і Эўхарыстыя). Адначасова ён яшчэ і вельмі асабісты праз візуальныя метафары: гэта маю ўласную цемру асвятляе прамень з пасхала; гэта мая гісторыя абмытая той самай асвечанай сёння (ці колькі гадоў таму) вадою падчас хросту… Юн Фоссэ, які атрымаў узнагароду Нобеля па літаратуры, назваў збор сваіх п’есаў «Калі анёл праходзіць па сцэне». Так нарвежцы гавораць, калі спектакль атрымаўся кранаючым. Святая Імша, безумоўна, не мастацкая дзея, але прыгажосць яе простых і глыбокіх зместаў можа растапіць нават не падрыхтаванае сэрца: з Аўгустынам жа атрымалася...

Шчаслівая віна

Не толькі эстэтычная форма, але і змястоўныя тэксты Пасхальнай вігіліі дапамагаюць дапамагаюць па-новаму паглядзець на рэчаіснасць. Ужо ў цемры перад вогнішчам, чуючы, што ў «гэтую найсвяцейшую ноч… Касцёл кліча дзяцей сваіх, рассеяных па ўсім свеце», разумееш, што не надарма і не праз выпадак ты тут апынуўся. Першая просьба, што гучыць у Літургіі, — гэта просьба пра тое, каб Бог разам з асвячэннем агню «запаліў у нас жаданне Неба», не пакідае месца ніякім ілюзіям. Усе мы, тут прысутныя, змагаемся за сваё сэрца, балансуючы паміж святлом і цемрай у ім, бы ў наладах камеры на тэлефоне. Лекам ад пачуцця страты часу і шанцаў, усведамлення, што жыццё з яго магчымасцямі ўцякае, што той пясок скрозь пальцы, могуць быць словы, пачутыя падчас пазначэння пасхала: «Хрыстус учора і сёння, Пачатак і Канец… Яму належаць час і вечнасць». Аказваецца, тваё жыццё, быццам вучэбны аўтамабіль, мае запасны камплект педаляў, і яшчэ не факт, што ўсё ў ім залежыць ад цябе. І надзея паступова набывае больш выразныя рысы, і дыхаць становіцца лягчэй...

Пра старажытны гімн «Экзультэт», радасць аматараў Літургіі і начны жах усіх дыяканаў (бо ім жа яго і спяваць) увогуле варта было б распавесці асобна, столькі там схавана скарбаў і адкрыццяў. Засяроджуся толькі на яго па-мужчынску канкрэтнай шчырасці ў апісанні плёну Ахвяры і Ўваскрасення Хрыста. «Нічога б мы не атрымалі з дару жыцця, калі б не прыйшло збаўленне». Колькі досведу ў адным сказе, быццам аўтар спрабаваў змясціць усю Кнігу Эклезіяста з яго «марнасцю марнасцяў»: усюды я быў, усё спрабаваў і цвёрда зразумеў — немагчыма ашчаслівіць сябе самога ўласнаручна. Застаецца толькі жыць, радавацца і дзякаваць Усявышняму за гэтую магчымасць. «О, якая невымоўная любоў: каб адкупіць слугаў, Ты аддаў Сына!» І ўжо нават сам сябе не здолееш пераканаць, што ты — няварты, і да цябе, як бабулі кажуць, «ніхто дзверы ў хату не адчыніць». Адкрываючы сваю каштоўнасць і важнасць, дзеля якой сам Стварыцель не цураецца парушаць (ці, хутчэй, вяртаць на месца) гармонію свету сваім прыніжэннем і Ахвяраю, як не пагадзіцца з тым, што «сапраўды абавязковым быў грэх Адама, бо яго згладзіла смерць Хрыста!» Усё не дарма, усё мае свой сэнс, час і месца, калі аддадзена ў Яго прабітыя рукі.

Айцец Яўген Голуб

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней