Месяцы «рэкалекцый» пад кіраўніцтвам Малой Тэрэзы — час заняткаў у яе школе. Тэма лекцый звычайна адна і тая ж — любоў. Менавіта на гэтую тэму яна са мной і размаўляла. 

Я зразумеў, што Тэрэзу іншыя тэмы мала цікавяць, бо ў касцёле кожны ведае, што яе пакліканне — любоў. 

«Пан Бог шукае сэрца, напоўненае любоўю да Бога і да бліжняга; вось трон, на якім Ён любіць прабываць і аб’яўляцца ва ўсёй поўні сваёй хвалы».

...Для мяне пачатак тых «рэкалекцый» быў незвычайным. Распачыналася перэгрынацыя рэліквій з мінскай архікатэдры. У гэты дзень у касцёле да мяне падышоў міністрант Максім і папрасіў дапамагчы рассыпаць пялёсткі ружаў на працэсію з рэліквіямі Тэрэзы з даху касцёла. 

Ужо праз тыдзень, калі Тэрэза наведала Чырвоны касцёл, да мяне падышла адна знаёмая, якая таксама папрасіла дапамагчы сыпаць пялёсткі ружаў з хораў касцёла на працэсію. І ўжо хутка падчас апостальскай працы ў Легіёне Марыі ці проста падчас нейкіх жыццёвых абставінаў я стаў заўважаць гэтыя «пялёсткі ружаў». Вось прыклад...

Падчас сёлетняй пешай пілігрымкі Мінск–Будслаў у мястэчку Даўгінава ў мяне адбылася цікавая размова з адным чалавекам, які жыве каля касцёла і штогод цепліць сваю лазню для пілігрымаў. Жадаючых наведаць лазню заўсёды шмат, і ў чарзе якраз і адбываецца мноства такіх цікавых размоваў.

 Я пачуў гісторыю пра тое, чаму даўгінаўскі касцёл не быў зачынены ў час савецкай атэізацыі і ў ім па-ранейшаму цэлебравалася св. Імша. Аказваецца, да вайны большую частку жыхароў мястэчка складалі габрэі. Калі прыйшлі немцы, яны ператварылі тэрыторыю мясцовай сінагогі ў гета. Усім вязням гета была наканаваная галодная смерць, але сінагога стаяла побач з касцёлам і ксёндз на ноч пакідаў адчыненымі дзверы касцёльнага свірна. Вязні, зрабіўшы лаз, ноччу прабіраліся ў гэты свіран і сілкаваліся хлебам. Адзін з ацалелых габрэяў пасля вайны стаў нават старшынёю мясцовай улады. Калі савецкае кіраўніцтва пачынала чарговы раз ціснуць на яго, каб зачыніць касцёл, ён кожны раз пярэчыў: «Як я магу гэта зрабіць, калі ксёндз уратаваў мне жыццё?».

Тады падумалася, што сатана можа знішчыць усё, але ён не мае ўлады над міласэрнай любоўю.

...Аднойчы каля Чырвонага касцёла ў Мінску да мяне падышла мусульманка і, працягнуўшы фотаапарат, папрасіла сфатаграфаваць яе каля фігуркі Пана Езуса. Мне захацелася паразмаўляць з ёю, і мы прыселі на лаўку. Калі я працягнуў ёй абразок Маці Божай Будслаў­скай, яна ахвотна яго ўзяла, а на вачах заблішчэлі слёзы. Жанчына сказала: «Я вельмі люблю Марыю».

Тады падумалася: а ці ў многіх сэрцах католікаў адшукаецца вось такая любоў да Маці Божай?

Выконваючы свае абавязкі ў Легіёне Марыі, мне даво­дзіцца хадзіць па кватэрах і размаўляць з людзьмі. Звычайна размова завязваецца, калі прапануеш людзям абразок Езуса Міласэрнага. Людзі з ахвотай яго прымаюць, слухаюць гісторыю абразка і пасланні Езуса, запісаныя сястрой Фаўстынай. Дзіўная рэч: калі звоніш у дзверы, табе адчыняе чалавек, які глядзіць на цябе з пэўным недаверам, але калі працягваеш абразок, то гэты недавер некуды знікае. Такая праца ўсё больш пераконвае ў цудадзейнасці абраза Езуса Міласэрнага.

У адной кватэры нам адчы­ніў вельмі добразычлівы мусульманін, які казаў, што шмат моліцца аб тым, каб людзі любілі адзін аднаго, каб паміж імі было як мага менш зла. Падчас размовы з ім я ўзгадаў адзін эпізод са сваёй вайсковай службы. Сярод нас служыў азербайджанец — з тых, пра каго кажуць, што ён і мухі не пакрыўдзіць. Яго звалі Гюлялы. Аднойчы ў нарадзе на кухні я спытаўся ў яго: «Гюлялы, што азначае тваё імя?». «Кветка», — так назвала мяне мама. І вось гэты мусульманін, слухаючы нас, усміхнуўся і дадаў: «Больш дакладны пераклад гэтага імя — любая кветачка...».

Тады падумалася: дабрыня гэтых мусульманскіх сэрцаў па-сапраўднаму робіць шчаслівымі тых людзей, якія іх акружаюць. Ці не пра такіх Езус гаворыць: «Недалёка ты ад Валадарства Божага».

Бог шукае ў нашых сэрцах любоў. Святы Ян ад Крыжа гаворыць: «Найменшае праяўленне чыстай любові больш карыснае для Касцёла, чым усе іншыя справы разам узятыя».

Св. Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса нагадвае: «Езус звяртае ўвагу не столькі на веліч справаў і на цяжкасць іх выканання, колькі на ажыўляючую іх любоў. Веліч схаваная не ў тым, каб многа зрабіць ці аддаць, а хутчэй у тым, каб многа прыняць і лю­біць».

І вось тут, здараецца, многія з нас робяць памылку. Вельмі часта мы выдаём сваю любоў за Любоў Бога. Колькі існуе лю­дзей, столькі існуе колераў і адценняў любові, куды вельмі часта прымешваюцца ка­рысць, пыха, эгаізм, свой уласны по­гляд на жыццё ці пэўную жыццёвую сітуацыю. І толькі адна Любоў — Любоў Езуса, бескарыслівая, не пыхлівая, па-са­праўднаму міласэрная.

Гэта значыць, што любіць бліжняга хрысціянін павінен Яго любоўю, прымаючы Езуса, і дазваляць, а лепш проста даваць Яму поўную свабоду ў сабе любіць іншых так, як Ён хоча, каго хоча і ў той ступені, у якой Ён хоча. Гэта і ёсць пакліканне кожнага хрысціяніна: жыць любоўю, Яго любоўю.

Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса гаворыць: «Даючы вучням запаведзь любові, Езус просіць любіць бліжняга ўжо не  толькі як самога сябе, але так, як Ён, Езус, яго палюбіў і як будзе любіць яго да сканчэння вякоў.

Пане, Ты добра ведаеш, што я ніколі не магла б любіць маіх сясцёр так, як любіш іх Ты, калі б Ты сам, мой Езус, не любіў іх ува мне. О, як я люблю Тваю запаведзь! Яна дае мне ўпэўненасць у тым, што Твая воля — любіць ува мне ўсіх тых, каго ты загадваеш мне любіць... Так, я адчуваю, што калі люблю бліжняга, то ўва мне дзейнічае толькі Езус, і чым больш я з’ядналася з Ім, тым больш я люблю ўсіх сваіх сясцёр».

У статуце Легіёна Марыі ёсць такія словы: «Уратаванне душаў і іх асвячэнне, як і хрысціянскае перамяненне свету, адбываецца толькі тады, калі Хрыстус пасяляецца ў душах. Па сутнасці — гэта і ёсць самае галоўнае».

...Апошняя наша сустрэча з Тэрэзай была ў Гудагаі. Туды ўжо ехаў, каб проста падзякаваць ёй за гэты дождж з ружаў. Лета было на зыходзе, у сэрца закрадваўся сум, што Тэрэза ўжо назаўсёды пакіне нашу краіну і мы з ёю ужо тут, на зямлі, не сустрэнемся... Аднак было адчуванне паўнаты выканання той місіі, з якой яна прыехала, паўнаты спаўнення і атрымання таго благаслаўлення, якое Пан Бог хацеў пакінуць праз яе...

...Цяпер згадваюцца падзеі з жыцця апосталаў. Яны таксама сумавалі, калі Езус узыходзіў на неба, пакідаючы іх на зямлі. Думаю, што ў іх было адчуванне спаўнення Езусам волі Айца і таго, што ім трэба прыняць на сябе ўсю поўню той спадчыны і благаслаўлення, якое пакінуў Езус. Праз дзевяць дзён была Пяцідзясятніца: яны атрымалі Духа Суцяшыцеля.

...Тэрэза ад’ехала, але ў сэрцы пасялілася глыбокае ўсведамленне таго, што ўжо назаўсёды на нашай зямлі застаўся яе подых — подых любові.

Уладзімір Вайцяховіч

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней