Ёсць сярод маіх знаёмых адна жанчына, якую я ніколі не бачыла без усмешкі. Аднойчы, сустрэўшы яе на тлумным прыпынку, я разгадала яе «сакрэт»: у вулічным шуме, у мітусні яна раз-пораз ускідвае вочы ў неба і нібыта адтуль, як батарэйкаю, падтрымліваюцца яе ўсмешка, спакой, яе ціхая радасць. Яна і птушак чуе ў гарадскім гомане...
Што для вас радасць? Якая радасць у вашым жыцці была найбольшаю? Чаму яна помніцца? — з гэтымі пытаннямі я звярнулася да сваіх знаёмых і сяброў у Мінску.
Лідзія Шагойка — супрацоўніца Літаратурнага музея
— Радасць, шчасце, задавальненне — гэта амаль сінонімы. Мне падабаецца выразнае значэнне слова «шчасце» — тое, што мы маем «шчас», зараз, цяпер. Гэта так многа: проста дыхаць, бачыць, ісці, бегчы, смяяцца, радавацца, плакаць і нават хварэць, бо ты жывы, чалавеча! Мне і сёння прыносіць радасць тое, што я раблю, бо я люблю добрыя вершы, кнігі, людзей, якім дадзены Божы дар нешта ствараць, рассвятляць словам, музыкай, мастацтвам наша будзённае жыццё. Люблю радасць падарожжаў, якія амаль кожны раз дораць маленькія адкрыцці, радасць ад Калядаў і ад Пасхі. Аглядаючыся назад, магу сказаць, што найбольшаю радасцю для мяне было нараджэнне дачкі. Я чакала хлопчыка, а нарадзілася дачушка. Памятаю, як я ўзяла яе на рукі і, разглядаючы, падняла, і з гэтым рухам нешта ўзнялося, узнеслася і ў маім целе, і ў маёй душы. Было радасна да слёз, і была невымоўная ўдзячнасць Богу за гэты маленькі (вялікі!) цуд — цёплы, ружовы, бездапаможны, народжаны і з майго цела, і аднекуль з космасу, з Божай волі — я і імя ёй дала Вольга, Воля, Волечка. Ніякія абдымкі не параўнаюцца з абдымкамі дзіцячых ручак, з чыстым даверам дзіцячых вачэй і лёгкім дзіцячым дыханнем — яны сапраўды, нібы анёлкі, таму не бойцеся нараджаць, жанчыны, наўрад ці ёсць большая радасць на свеце, і ў гэтым наша жаночая перавага перад мужчынамі. Дзіўным чынам, геніяльна, адчуваў гэта шчасце Максім Багдановіч:
Як хораша, калі дзіцё
Пад сэрцам ціха зварухнецца,
І ўраз па целу разліецца
Яшчэ нязвычнае чуццё.
Душа — ў салодкім палусне,
І кажуць знакі чалавечка:
«Я пценчык, ты — маё гняздзечка,
Не руш, не руш, не руш мяне!»
Я рада, калі проста здаровыя мае родныя і я сама — гэта таксама важна, бо цела і душа ўзаемазвязаныя: без здароўя няма радасці.
Святлана Кузьміч — лабарантка кафедры псіхалогіі і педагогікі Універсітэта культуры і мастацтваў
— На жаль, з узростам радасць становіцца ўсё больш кароткаю, імгненнаю. Прачнулася раніцаю, нічога не баліць — вось табе і радасць. У дзяцінстве і маладосці нагодаў для радасці, вядома ж, было значна больш, і гэта былі не толькі новыя цацкі і цукеркі, не толькі Новы год. Гэта было і далучэнне, уваходжанне ў незразумелыя тады, таямнічыя для нас, малых, рэлігійныя святы. Не разумеючы сэнсу Пасхі, мы чакалі яе і шчыра радаваліся, бо ў хаце пахла булкамі, пірагамі, а на стале ляжалі прыгожыя чырвоныя яйкі. Дарэчы, маё дзявочае прозвішча Кулічык, і я па-свойму ім ганарылася, бо адчувала сябе далучанаю праз яго больш, чым хтосьці, да свята Пасхі. Я і цяпер яго люблю дзякуючы гэтай памяці з маленства, хоць я і не практыкуючая верніца.
Радасць бывае такою рознаю! Часам я з усмешкаю згадваю, як аднойчы, стаміўшыся ад зімовых святаў, мы з сяброўкаю пайшлі на Кастрычніцкую плошчу ў Мінску, каб проста пахадзіць каля самай прыгожай і высокай у горадзе ёлкі і паглядзець на ілюмінацыю. Каля ёлкі быў каток, і людзі, умеючы і не ўмеючы, адважна слізгалі па ім — хто на каньках, хто на падэшвах, і быў паміж імі кудлаты чорны сабака, які таксама, аглядаючыся на людзей, разганяўся і ехаў на лапах. Усім было весела. Было гэта пару гадоў таму, а мы і цяпер згадваем той вечар і таго сабаку. Пасля коўзанкі мы зайшлі ў катэдру, а потым і ў Петра-Паўлаўскую царкву — і там была свая радасць, але іншая: ціхая, мудрая, спакойная, узвышаная. Хацелася не растрэсці, давезці да хаты гэты свой душэўны стан. І як жа добра, што цяпер гэтая радасць жыве ва ўспамінах!..
Лідзія Мацееўна Салавей — фалькларыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі
— Добра запомніла сваю першую радасць ад закаханасці ў сёмым класе, але яшчэ больш помніцца, як раптам згасла, зжухла гэтая радасць, калі я зразумела, што ўсё сабе прыдумала, і тады, таксама раптам, зямля стала зямною, дарога — пыльнаю, платы — пакрыўленымі, хаты — абшарпанымі. Увесь свет змяніўся…
А сапраўднаю радасцю для мяне на ўсё жыццё стаў беларускі фальклор — вось дзе невычэрпнае багацце, святло і хараство! Памятаю сваё радаснае здзіўленне, калі ўпершыню ў фальклорнай экспедыцыі пачула ад селяніна прымаўку: «Ішоў Бог па балоце — пакалоў ногі на чароце». Прычым тут Бог? — думала я. — Гэта ж ён пра сябе кажа! Так, як адкрыццё, адбывалася радаснае паглыбленне ў жывое ўспрыманне вёскаю свайго існавання ў свеце, у непасрэднасць разумення Яго вобразу і свайго падабенства да Яго. Гэта наш мудры народ кажа: «Як здароў, то сем цароў, а як занямог — адзін Бог»; «Дай Божа спажыць, што ў сваёй кішэні ляжыць»; «Дома і салома ядома»; «На чужыне і камар гіне».
На жаль, я не была глыбока далучаная да рэлігіі з дзяцінства, таму заўсёды з павагаю, з піэтэтам стаўлюся да людзей, нефармальна далучаных да прыгожай таямніцы фарбаванага яйка і велікоднай булкі, бо яны ведаюць, адчуваюць нешта большае, чым дадзена мне. Я найбольш адчуваю радасць ад абуджэння прыроды, і для мяне Пасха — гэта і сімвал вясны, шанец на працяг жыцця, у якім не так ужо шмат радасці, калі табе за 80 гадоў...
Валянціна Анатольеўна Ціханавецкая — навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Янкі Купалы
— Радавацца — гэта і ўменне штодзённа цаніць тое, што табе дадзена. Ідучы на працу ў музей, я міжволі кожны раз радуюся хараству парку, заўважаючы, што ён заўсёды трошкі змяняецца, быццам хоча сказаць: «Глядзі, глядзі!» Інакш падаюць сонечныя промні, змяняюцца абрысы дрэваў — пад ветрам, дажджом ці снегам. А якое мноства фарбаў і колькі гарэзлівай радасці ў мілых пухнатых вавёрках, што адчуваюць сябе тут гаспадынькамі! Гэта штодзённая радасць, якую Бог дорыць нам проста так — толькі трэба вучыцца яе прымаць, заўважаць, улагоджваць ёю сваё сэрца.
На ўсё жыццё ў маёй душы засталася радасць ад таго дня, калі на свет з’явіўся мой унук Ромачка. Калі нараджала сама, было неяк шмат трывогі, страху — можа, з-за маладосці, а калі я ўбачыла сваю дачку Свету з дзіцем на руках, я ўпершыню радасна зразумела, што такое зямная мадонна — мая Света была такою ў той дзень светлаю, шчасліва-спакойнаю! У такія хвіліны сапраўды разумееш, што найвялікшы цуд на свеце — гэта нараджэнне дзіцяці і што гэта і ёсць Божая ласка, Божы падарунак, Яго ўсмешка, Яго благаслаўленне, Яго дазвол далучыцца да таямніцы жыцця і цешыцца ёю. На вялікі жаль, жыццё маёй дачкі было злачынна абарванае, і мне давялося пакорліва, цярпліва прыняць таямніцу яе жудаснай смерці — дапамагае найперш вера, разуменне, што кожны мусіць несці свой крыж. Вядома ж, прасцей радавацца і быць удзячнаю Богу, калі ў цябе ўсё добра, і вельмі складана не тое што радавацца, а проста выжыць у самыя чорныя дні і не даць счарнець сваёй душы, не азлобіцца, бясконца пытаючыся «за што?». Не на ўсе пытанні ёсць адказы. У народзе кажуць: «Не той прапаў, хто ў бяду папаў, а той прапаў, хто духам упаў», — вось такія мае трохі сумныя развагі пра радасць… Зрэшты, як пісаў паэт, яны заўсёды «ходзяць разам, заўсёды разам — боль і радасць…»
Алесь Гібок-Гібкоўскі — паэт, журналіст
— Думаю, што большасць мужчынаў трохі маняць, калі, нават паміж сабою, сцвярджаюць, што для іх найбольшая радасць у паляванні, рыбалцы, матэрыяльных і кар’ерных дасягненнях, бо пра асабістае, інтымнае, сваё самае дарагое гучна ніхто гаварыць не будзе, хіба што ў вельмі шчырых, даўніх, сапраўдных сяброўскіх адносінах. Для мяне найбольшая радасць — знайсці сугучча, супадзенне з тым, што прынята называць другою паловаю — з толькі тваёю жанчынаю. У 28 гадоў, калі здарылася так, што я апынуўся на мяжы быцця і небыцця, я найбольш шкадаваў пра тое, што недакахаў, але не ў эгаістычным плане: адчуваў, што мог яшчэ шмат аддаць, напоўніць, прадоўжыць. І вось мне ўжо за 60, і радасць ад сугучча, супадзення засталася ў мінулым, а хочацца, каб яна была і цяпер. На жаль, у адносінах дваіх не абое аднолькава разумеюць, што ўсялякія адносіны — сяброўскія, сямейныя, сваяцкія, інтымныя — гэта ўзаемная праца, як будаванне дома, калі цярпліва, акуратна, з любоўю кожны «будаўнік» кладзе, умацоўвае сваю цаглінку, ідучы да радаснага выніку — агульнага агню, які трэба падтрымліваць кожны дзень і ўласным цяплом, каб ён не згасаў, але робіцца гэта ўзаемна. А калі няма ўзаемнай радасці, трэба развітвацца — годна, прыстойна, зноў-такі — з удзячнасцю за набыты вопыт, за нядоўгую, але ўсё-такі радасць. Перафразуючы вядомыя радкі: «І можна коней гнаць, зшалеўшы, над абрывам, а можна быць шчаслівым, схіліўшы галаву…»
Схіліўшы галаву, што мне неўласціва, я ў 55 гадоў прыйшоў да Бога і спазнаў іншую радасць — у храмах яна ціхая, таемная, гаючая, але там жа гучыць і ўзнеслае аллелюя! Чалавеку патрэбны гэтыя хвіліны, каб абуджаць у сабе і падтрымліваць у сабе простую радасць ад простых рэчаў. Бог даў кожнаму з нас радасць сумоўя з Ім, радасць размовы з Ім, і абавязкова знойдзецца выйсце, бо кожную раніцу для ўсіх нас аднаўляецца Божая міласэрнасць — мы прачынаемся жывымі, а значыць усё яшчэ магчыма, і пасхальная радасць — таксама.
А што радуе вас, дарагія чытачы? Можа, камусьці стане святлей ад вашай радасці? Пішыце, дзяліцеся сваёю радасцю, і яна абавязкова памножыцца ў свеце.
Зося Бараноўская