
Такога сведчання і такога пакаяння, шчыра кажучы, я даўно не чула. Людзі, якія слухалі гэтую жанчыну, перашэптваліся і казалі, што яна вельмі смелая і, магчыма, усяго не трэба было расказваць пра сябе. Потым да яе падыходзілі, дзякавалі за шчырасць, некаторыя гаварылі, што не змаглі б вось так сведчыць — было б сорамна. Яна ў адказ заўсёды гаворыць: «Мне не сорамна, бо тады гэта была не я, гэта было ў іншым жыцці, калі я не ведала Хрыста. Добры Пастыр знайшоў сваю заблукалую авечку, і яе жыццё аднавілася. А сведчу толькі для таго, каб паказаць бязмежнасць Божай любові да кожнага чалавека, нават самага вялікага грэшніка, якою была я. Бог не хоча смерці грэшніка, Ён чакае, калі той пакаецца».
Ядвіга Паўлаўна Панасевіч, як і многія з нас, дзіця савецкай эпохі з яе ваяўнічым атэізмам. Заўсёды добра вучылася. Скончыла Гродзенскі сельгасінстытут і як высокакласны аграном доўгі час працавала ў Навукова-даследчым інстытуце земляробства ў Жодзіне. Навуку пра тое, што Бога няма, таксама добра засвоіла і нават старалася запэўніваць у гэтым іншых. А калі Бога няма, то няма і Яго дзесяці запаведзяў. З лёгкасцю ішла на аборт, бо не бачыла ў гэтым нічога страшнага. Лічыла, як і многія тады, што спыніць існаванне нейкіх біялагічных клетак — гэта нармальна. Нарадзіла двух сыноў, а больш дзяцей яны з мужам не хацелі.
Пазней Ядвіга зразумела, якім жудасным з’яўляецца грэх аборту, і што гэта той грэх, які адразу выклікае Божую кару. Зразумела і тое, што міласэрны Бог таксама і ратаваў яе жыццё, не дапускаючы смерці грэшніцы. Пасля кожнага аборту смерць літаральна пераследавала яе: яна трапіла ў страшную аварыю, але засталася жыць; яе падвозіў на машыне віцебскі маньяк Міхасевіч, які загубіў шмат жанчын, але Ядвіга цудам вырвалася з яго рук ужо ў лесе. Перажыла таксама анкалагічнае захворванне і паправілася. І, самае жахлівае, яна рыхтавалася да самагубства, а перад гэтым… хацела забіць чалавека, які быў канкурэнтам па бізнесе і зруйнаваў яе бізнес. Яна перажыла некалькі судоў. Не магла ўжо ні есці, ні піць, ні спаць, ні плакаць — сэрца стала нібы каменным. Нават рыхтавалася ўчыніць расправу над крыўдзіцелем. Сама таксама жыць ужо не хацела.
Напярэдадні запланаванага злачынства ў глыбіні збалелай душы яна раптам пачула голас Бога, які абуджаў яе сумленне. Гэты ласкавы голас заклікаў яе знайсці ў сабе сілы і разгарнуць Біблію. Тут жа яна ўспомніла, што чула, як па тэлебачанні неяк сказалі, што Біблія — гэта самая папулярная кніга ў свеце. Доўга шукаць Святое Пісанне не давялося, бо на яе дачы ляжаў цэлы стос рэлігійнай літаратуры, у асноўным, Біблія і Новы Запавет: адна малазнаёмая жанчына, ад’язджаючы за мяжу, папрасіла яе на пэўны час захаваць гэтыя кнігі. Ядвіга і раней спрабавала адкрываць Святое Пісанне, але акрамя раздражнёнасці яго словы нічога не выклікалі ў яе душы.
І вось, перасіліўшы сябе, яна ўзяла ў рукі Новы Запавет, і адразу ж адбыўся цуд: словы Святога Пісання, нібы гаючы бальзам, клаліся на яе змучаную душу. Усё было зразумелым. Кожнае слова, кожны радок, кожны эпізод з жыцця Езуса Хрыста яна прымала сэрцам. Слёзы засцілалі вочы, а яна не магла ўжо адарвацца — чытала і чытала.
Паступова ў памяці ўсплывалі ўсе грахі і памылкі, за якія яна пачала вельмі шкадаваць. Аднойчы на яве пачула плач і крыкі сваіх ненароджаных дзяцей. Кожнаю клеткаю свайго цела адчувала невыносны боль ад таго, што іх няма побач. Вельмі хацела пакаяцца, скінуць з душы гэты жахлівы цяжар. Касцёл у Жодзіне тады толькі пачаў будавацца, людзі маліліся ў вагончыку. Яна падышла аднаго разу да ксяндза Марэка і папрасіла аб споведзі. Ён сказаў, што ёй спачатку трэба ўзяць шлюб са сваім сужэнцам. Прыйшоўшы дадому, яна стаяла перад мужам на каленях і са слязьмі прасіла, каб згадзіўся павянчацца, і той у рэшце рэшт саступіў. Пасля гэтага жанчына пачала практыкаваць веру, аднак сямейнае жыццё не ладзілася, муж злоўжываў алкаголем, і Ядвіга паехала на некалькі гадоў у Грэцыю працаваць у бальніцы з пажылымі людзьмі. Сёння яна ўсім гаворыць, што грэх аборту нясе разбурэнне сям’і, бо немагчыма пабудаваць шчасце на крыві сваіх ненароджаных дзяцей. Ядвіга вярнулася з Грэцыі, калі муж трапіў у аварыю і шанцаў выжыць у яго амаль што не было. Сваёю малітваю Ядвіга літаральна атакавала Неба, просячы міласэрнага Бога выратаваць душу яе мужа. Прасіла ўсіх наўкола маліцца ў гэтай інтэнцыі. І зноў здарыўся цуд Божай любові — пасля неверагодна складаных аперацый муж застаўся жыць.
У той перыяд Ядвігу запрасілі ў Баранавічы, у Школу хрысціянскага жыцця. Гэтыя рэкалекцыі вельмі шмат далі ёй. Менавіта тут яна атрымала ад Бога ласку прабачыць сабе грэх аборту і зразумець, што пасля шчырага пакаяння жыццё пачынаецца з чыстай старонкі. Сёння Ядвіга Паўлаўна мае вялікі дар малітвы: яна моліцца не проста вуснамі, а сэрцам. Мае сапраўды дзіцячы давер да Езуса, а таксама ласку жыць у Божай прысутнасці, заўсёды адчуваць Яго побач.
Вядома, што чалавек, які мае жывую веру, хоча дзяліцца ёю з іншымі, прагне быць карысным тым, хто жыве ў патрэбе. Ядвіга Паўлаўна ўступіла ў Легіён Марыі. Адно з яе апостальскіх заданняў — наведванне ў Жодзіне бальніцы сястрынскага дагляду. Легіянерка прызнаецца, што першае ўражанне было вельмі цяжкім: у гэтым прытулку знаходзяцца ў асноўным асацыяльныя людзі. Моцна здзівілася, калі ўбачыла там маладога, прыгожага мужчыну, прыкутага да ложка. Уладзімір расказаў, што працаваў на Поўначы на лесанарыхтоўках, дзе на яго ўпала дрэва і моцна прыціснула. У выніку — сур’ёзны пералом пазваночніка. Шэсць месяцаў ён ляжаў у бальніцы, і за гэты час у яго атрафіраваліся мышцы. Прызнаўся, што не мае нікога, хто б мог папрасіць, каб яго перавезлі ў Аксакаўшчыну на рэабілітацыю. Ядвіга зразумела, што чалавек гіне. Шкода стала, як свайго сына. Пачала бесперапынна прасіць у Маці Божай дапамогі для гэтага няшчаснага. Усе легіянеры таксама падключыліся: збіралі грошы, куплялі лекі, прадукты, разам маліліся ў палаце і каля кабінетаў урачоў, каб Божая ласка агарнула ўсіх, хто можа дапамагчы гэтаму чалавеку. І здарылася неверагоднае: загадчыца аддзялення рэабілітацыі жодзінскай паліклінікі Вольга Уладзіміраўна Шатэрнік за свае грошы набыла патрэбны трэнажор і падаравала яго Уладзіміру. Хутка яго накіравалі ў Аксакаўшчыну на рэабілітацыю, а потым уладкавалі ў Дом інвалідаў у Лагойску.
Перад гэтым легіянеры падрыхтавалі Уладзіміра да споведзі і хацелі прывесці праваслаўнага святара, бо ён ахрышчаны ў Царкве, але мужчына сказаў: «Я хачу быць у той веры, дзе вы...». Прыехаў ксёндз Міхаіл Цвячкоўскі і ўдзяліў Уладзіміру сакрамэнты споведзі, святой Камуніі і намашчэння хворых. У Лагойску гэтага чалавека ўзялі ў апеку ўжо мясцовыя легіянеры, а нядаўна Уладзімір ажаніўся і паехаў жыць у вёску да жонкі.
Перажыўшы постабортны сіндром, Ядвіга вельмі актыўна працуе і ў кірунку абароны жыцця. На працягу дзесяці гадоў у свята Звеставання Пана яна духоўна ўсынаўляе адно ненароджанае дзіця, якому пагражае небяспека аборту, і моліцца 9 месяцаў, каб яно нарадзілася. Пасля гэтага, вядома ж, не кідае духоўную апеку над ім, а моліцца як за сваё роднае жывое дзіця. Разам з легіянерамі Марыі сястра Ядвіга ходзіць у гінекалагічнае аддзяленне гарадской паліклінікі, каб несці людзям інфармацыю па абароне ненароджаных дзяцей (з гэтаю мэтаю легіянеры набылі для паліклінікі прыгожы стэнд і пастаянна кладуць у спецыяльныя «кішэні» ўлёткі супраць абортаў).
Падзялілася Ядвіга Паўлаўна і такім сведчаннем. Шэсць гадоў таму дзіцяці яе цяжарнай нявесткі ўрачы паставілі дыягназ: сіндром Даўна. Атака з усіх бакоў была такою моцнаю, што жанчына сабралася на аборт. Ядвіга падзялілася сваёю бядою са святаром, які праводзіў у парафіі велікапосныя рэкалекцыі. Ксёндз тады сказаў: «Дактары часта памыляюцца, а Вы маліцеся, каб Бог не дапусціў забойства дзіцяці». Ядвіга са сваім сынам нястомна малілася, і міласэрны Бог пакіраваў так, што трагедыі не здарылася. Праз пэўны час нарадзіўся здаровы і прыгожы хлопчык Максім, які прынёс у сям’ю неверагоднае шчасце.
Ядвіга з радасцю сведчыць і пра тое, што яе навяртанне, малітвы і ахвяры прыносяць вялікі плён яе родным: абодва сыны прыйшлі да шчырай веры, муж кінуў піць і пачаў хадзіць у касцёл.
Як жа тут не ўспомніць словы святых айцоў: «Ратуйся сам, і каля цябе ўратуюцца многія!».
Галіна Калевіч