Мой шлях да веры быў вельмі няпростым. Калі мне было 14 гадоў, я перайшла ў іншую школу, дзе ўпершыню сутыкнулася са сведкамі Іеговы. Гэта быў мой аднакласнік, які паводзіў сябе не так, як іншыя. Ён ніколі не наведваў школьныя сходы, ігнараваў урачыстасці. Яго не віншавалі з днём нараджэння і іншымі святамі (ён нічога гэтага не прымаў). Аднакласнікі растлумачылі мне, што ён — сведка Іеговы і трымацца ад яго трэба як мага далей. Аднак я не паслухалася. Даведалася пра асновы веры гэтага хлопца, стала паважаць яго за прынцыповыя паводзіны ў наследаванні свайго веравызнання. Для сябе тады вырашыла, што таксама буду жыць па-хрысціянску. Устала пытанне, якой хрысціянкай быць: праваслаўнай, сведкай Іеговы, каталічкай альбо пратэстанткай? Тры гады праз кнігі, часопісы і інтэрнэт я даследавала асновы розных хрысціянскіх веравучэнняў. У выніку прыйшла туды, адкуль усё і пачалося, — да сведкаў Іеговы.
Я папрасіла дапамогі ў гэтага свайго аднакласніка, які з радасцю адгукнуўся. Так пачалося маё сяброўства са сведкамі Іеговы. Веравызнаўцы гэтай рэлігійнай супольнасці імпанавалі сваёю дабрадушнасцю, добразычлівасцю, імкненнем заўсёды параіць і дапамагчы. Каля трох месяцаў мы займаліся вывучэннем Бібліі, праглядам тэматычных відэаролікаў, абмеркаваннем прачытанага. Я аказалася вельмі «нязручнай» вучаніцай, бо задавала шмат пытанняў і гэтым ставіла хлопца ў тупік. Ён маўчаў, бо не ведаў адказу, альбо гаварыў: «Гэта так, таму што так! Павер майму слову!». І я верыла.
Пазней устала пытанне аб паўнацэнным навучанні з сёстрамі, бо нашыя заняткі з тым хлопцам кампраметавалі і яго, і мяне. Я спыталася ў сваіх бацькоў, ці магу вывучаць Біблію з сёстрамі — сведкамі Іеговы і запрашаць іх дамоў. Бацькі, якія дагэтуль не ведалі, што іх дачка чатыры гады займаецца пошукам рэлігійнага шляху, былі катэгарычна супраць. Яны забаранілі бачыцца з тым хлопцам і ўвогуле з любымі прадстаўнікамі сведкаў Іеговы, выкінулі маю Біблію і ўсе сшыткі з нататкамі. Больш за тое, сказалі выбіраць, альбо яны, альбо сведкі Іеговы. Я плакала, малілася, прасіла парады. Мой аднакласнік-«настаўнік» адразу рэзка сказаў, што я павінна выбраць «сведкаў». Аднак я выбрала бацькоў і сышла з той супольнасці. Вось тады я і ўбачыла іх сапраўдны твар.
Мой «настаўнік» перастаў са мной вітацца, стаў калючым і часта гаварыў мне крыўдныя словы. У яго вачах я была адступніцай, а па законе той супольнасці на кожнага адступніка накладаўся байкот. Адносіны са мной былі забаронены! Было вельмі балюча і крыўдна. Сям’я мяне не падтрымлівала.
Цэлы месяц я жыла нібы ў падвешаным стане. Потым вырашыла: калі гэта здарылася, значыць так хацеў Бог, і пачала шукаць веру далей. Я вырашыла, што хопіць вывучаць канфесіі дыстанцыйна, і пачала наведваць усе цэрквы нашага пасёлка і горада, які быў побач. Пабывала ў адвэнтыстаў, у баптыстаў, у пяцідзясятнікаў. Наведала таксама пратэстанцкую царкву «Новае жыццё», была ў праваслаўнай царкве. Апошняй у маім спісе стаяла каталіцкая святыня. Шчыра скажу, я была амаль што ў роспачы. Католікаў я ўяўляла як людзей грозных, накшталт паслядоўнікаў інквізіцыі, а касцёл — змрочным гатычным будынкам.
Калі ж я прыехала да касцёла, гэта аказаўся маленькі блакітны будынак з крыжам на даху. Людзі, што мяне сустрэлі, былі вельмі прыветлівыя і радасныя. Яны далі мне ліст з ходам святой Імшы, паказалі, дзе сесці, які малітоўнік узяць. Я ўпершыню ў жыцці пачула малітву Ружанца, якая мяне вельмі ўразіла.
Падчас святой Імшы ў мяне пачалі развенчвацца міфы наконт католікаў і іх веравызнання, якія я чула ад сведкаў Іеговы. Напрыклад, яны гавораць, што католікі Дзеву Марыю ставяць нароўні з Богам і пакланяюцца Ёй. Аказалася, што гэта не так. Бог на першым месцы! А Марыі не пакланяюцца — Яе вельмі любяць!
Пасля святой Імшы я ўсё ж не пайшла на благаслаўленне — сведкі Іеговы не прызнаюць знака крыжа і забараняюць жагнацца. Пасля службы я сустрэлася са святаром, і мы паразмаўлялі з ім пра асновы каталіцкай веры. Пасля гэтай размовы я задумалася: няўжо усё, што я чула пра каталіцызм раней, — падман? Каму верыць: сведкам Іеговы альбо святару? Вырашыла адкласці пакуль гэтае пытанне і нічога не рабіць згарача. Увесь тыдзень да наступнай нядзелі я разважала. Некалькі разоў лавіла сябе на тым, што паўтараю малітву «Вітай, Марыя...».
Спрабавала больш даведацца пра каталіцкую веру. Сведкі Іеговы гавораць, што Святой Тройцы не існуе. Я знайшла ў Святым Пісанні канкрэтныя цытаты аб Трыадзінстве Бога, якія сцвярджаюць існаванне Тройцы. Наконт малітваў мне казалі, што ў католікаў яны строга кананічныя і што яны моляцца толькі па малітоўніку, аніякіх асабістых размоваў з Богам няма (крок улева, крок управа — пекла). Аказалася, што і гэта няпраўда. У супольнасці сведкаў Іеговы жанчыну лічаць ніжэйшай за мужчыну і яна не мае права маліцца разам з мужчынам, толькі ў выпадку яго хваробы, ды й то з пакрытаю галавою. Мяне прыемна ўразіла, што ў касцёле гэтага няма.
Развянчаўся яшчэ адзін міф наконт таго, што католікі пакланяюцца іконам і моляцца на іх. Няпраўда! У касцёле іконы шануюць, перад імі моляцца, але іх не абагаўляюць. І зусім не ставяць святых нароўні з Богам. А святая Камунія? Тое, што я бачыла на святой Імшы, змяніла маё ўяўленне пра гэты сакрамэнт. Сведкі Іеговы сцвярджаюць, што Камунію могуць прымаць толькі «памазанікі», выбраныя людзі, якія ўпэўненыя ў тым, што пойдуць на Неба (тыя, хто мае спецыяльнае пакліканне), а простым вернікам гэтага рабіць нельга. Ніхто там не задумваецца над тым, што Езус прыйшоў да ўсіх, а не да выбраных, і дае сябе ў святой Камуніі ўсім, вядома ж, праз пакаянне.
Па парадзе святара я знайшла ў Бібліі радкі, дзе гаворыцца пра знак крыжа: «У Імя Айца, і Сына, і Духа Святога...» Зразумела, як моцна Біблія была зменена сведкамі Іеговы, як шмат яны замоўчваюць і гавораць толькі тое, што ім трэба.
У наступную нядзелю я зноў паехала ў касцёл — мяне моцна туды цягнула. Упершыню я там перажагналася і малілася разам з усёй парафіяй. Я стаяла на каленях і цешылася з таго, што нарэшце знайшла тое, што так доўга шукала, — сапраўдную веру! У гэты дзень я папрасіла святара аб сакрамэнце хросту для сябе. Цяпер я належу да вернікаў каталіцкай супольнасці, за што вельмі ўдзячная міласэрнаму Богу.
Дар’я Рыбіна
пасёлак Тальмэнка, Алтайскі край