Ці аздараўляе Езус сёння?

Маліцеся адзін за аднаго, каб быць аздароўленымі; шмат можа шчырая малітва справядлівага (пар. Як 5, 16).


Калі Езус дзве тысячы гадоў таму абвяшчаў людзям сваё Евангелле, за Ім хадзілі натоўпы людзей. Многія з іх не толькі прагнулі слухаць Добрую Вестку, але і спадзяваліся атрымаць ад Яго аздараўленне. І многія атрымлівалі. Сляпыя пачыналі бачыць, глухія — чуць, паралізаваныя падымаліся са сваіх цяжкіх пасцеляў. Ён вызваляў людзей ад шматлікіх духоўных і фізічных хваробаў.

А сёння? Ці вызваляе Ён нас сёння? Ці лечыць? Ці загойвае нашыя раны? Ці прыносіць палёгку?

...У красавіку мне пашчасціла быць на малітве праслаўлення ў касцёле святой Барбары ў Віцебску. Кажу «пашчасціла», бо даўно збіралася паехаць на гэтую малітву, паўдзельнічаць у ёй. Ведала, што ў часе яе адбываецца таксама і заступніцкая малітва, пра якую шмат чула ад маіх добрых сяброў з Віцебска. Зразумела, што нейкая сотня кіламетраў дзеля такой падзеі проста не можа быць пера­шкодай…

Малітва пачалася з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, са шчырых словаў падзякі Езусу, прызнання Яму ў любові. Заўсёды вельмі люблю гэтыя хвіліны шчырасці, адкрытасці, людскога даверу... Потым было сведчанне Вольгі Хмялеўскай:

— Месяц таму, на мінулай малітве, якая адбылася 7 сакавіка, Езус аздаравіў мяне. Незадоўга да таго дня я праходзіла абследаванне і дактары сказалі, што мне трэба выдаліць адно новаўтварэнне. Мяне не пужалі страшным дыягназам, але ўльтрагукавое абследаванне паказала, што прайсці праз аперацыю мне трэба. Не магу сказаць, што я вельмі баялася, але трывога ўсё ж была — да таго ж праз два дні я збіралася святкаваць сваё 50-годдзе. І таму, калі я наблізілася на малітве да Найсвяцейшага Сакрамэнту, я шчыра дзякавала Пану Богу за дар свайго жыцця, за ўсе атрыманыя ад Яго ласкі, словам — за ўсё… І потым неяк само сабой, зусім па-дзіцячы вырвалася з сэрца просьба: «Езу! Калі Ты хочаш, зрабі падарунак на мой дзень нараджэння — аздараві мяне…» Нада мной памаліўся святар, і я адышла, узяўшы з сабой картку са словамі са Святога Пісання, якія нам прапаноўваліся на выбар. На той «выпадковай» картцы я прачытала: «Супакойся, дачка; Пан неба і зямлі дасць табе радасць узамен на смутак твой. Супакойся, дачка мая!» (пар.Тоб 7, 17). І я паверыла! Ні кро­пелькі не сумнявалася, што Езус аздаравіў мяне! А на трэці дзень пасля гэтага, 10 сакавіка, калі я паехала класціся ў бальніцу, каб зрабіць аперацыю, гэта пацвердзілі і дактары! Аперацыя была ўжо мне не патрэбная, і я, шчаслівая ды разгубленая, вярнулася дахаты ў той жа дзень… Хвала Пану!

...Не ведаю, колькі чалавек было на той малітве, у часе якой Вольга Хмялеўская атрымала аздараўленне. На той, у якой удзельнічала я, іх было каля 50-ці. Трэба думаць, што прыкладна столькі ж брала ўдзел і тады. Падумалася вось цяпер, калі пішу гэтыя радкі, што ўсе, хто ўдзельнічаў і першы, і другі раз у малітве, спадзяваўся вырашыць нейкія свае праблемы. Не ўсе атрымалі жаданую дапамогу. Але… ні ў якім разе нельга сказаць, што іх малітва засталася нявыслуханай, безвыніковай. 

І не нам меркаваць,чаму менавіта Вольга атрымала ў той вечар такі жаданы падарунак. Ці толькі таму, што ў яе быў дзень нараджэння, юбілей? А мо таму, што, падзякаваўшы Пану Богу, вось так па-дзіцячы, як яна кажа, папрасіла, загадзя гатовая прыняць і падарунак, і адсутнасць яго, бо падарункі — рэч добраахвотная... хочуць — падараць, хочуць — не… 

Зрэшты, 2000 гадоў назад адбывалася тое ж самае. Натоў­пы хворых, калекаў, пракажоных хадзілі за Езусам. І далёка не ўсе атрымлівалі падарункі ад Яго. Прыярытэт выбару на­лежаў выключна Яму. Што праўда, часта Ён казаў пра тое, што людзей ратуе іх жа вера… Пра тое, якой яна павінна быць у нас, выразна гаворыцца ў Ягоным слове, у Евангеллі. Чытаем яго, слухаем, услухоўваемся ў святарскае тлумачэнне на Імшы, самі разважаем над ім — і ўвесь час нібы застаемся галоднымі… Бо яго ўвесь час мала, увесь час прагнем яго наноў. 

На адным з апошніх «Вінаграднікаў» у Оршы тэма так і называлася — «Голад Божага слова». Дарэчы, на кожнай сустрэчы «Вінаградніку» гэтаксама адбываецца вялікая заступніцкая малітва. На ёй таксама некалькі чалавек атрымалі і фізічнае, і духоўнае аздараўленне. І тыя некалькі чалавек у параўнанні з вялікімі натоўпамі ўдзельнікаў — гэта зусім няшмат, але адначасна і вельмі шмат! Бо калі на тваіх вачах адбываецца цуд канкрэтнага Божага дзеяння, умяшання ў нашае жыццё — гэта заўсёды ні з чым не параўнаная па сваёй велічы падзея. І мы ніколі не перастанем здзіўляцца гэтаму дзеянню, захапляцца ім, чакаць яго… Адно што, ніколі, ні пры якіх абставінах нельга зай­здросціць тым, хто ўжо атрымаў Божы падарунак. Радавацца за гэтых людзей — так, а зай­здросціць — не! І не толькі таму, што гэта грэх супраць Духа Святога (гл. Катэхізіс), а таму, што нядобра гэта — зайздросціць бліжняму свайму. Па ўсіх мерках нядобра. А тым не менш раз-пораз даводзіцца чуць: «Вось каб мне такое!», альбо: «І чаму гэта Бог адных выслухоўвае, а другіх не?». Адказ, відаць, вельмі просты. Таму, што Ён Бог і Яму вырашаць, каго, дзе, калі выслухоўваць і каму паслаць палёгку. Ён жа ведае лепш, каму карысней выпрацоўваць у сабе цярплівасць ды загартоўвацца перад больш сур’ёзнымі выпрабаваннямі. І для кагосьці прызначаныя словы Святога Пісання: «Бог усялякай ласкі, які паклікаў вас да сваёй вечнай славы ў Хрысце Езусе, пасля таго як трохі пацерпіце, сам удасканаліць, загартуе, умацуе і зробіць вас непахіснымі» 

(1 П 5, 10–11). Нам жа вельмі важна навучыцца па-сапраўднаму давяраць Яму, не стамляцца шукаць Яго, сустракаць і зноў ды зноў шукаць. Да таго ж, заўсёды вельмі важна памятаць, што час, праведзены з Богам, ніколі не бывае змарнаваным, незалежна ад таго, хто што атрымаў ад Яго. Магчыма, многія з нас даведаюцца пра свае падарункі значна пазней.

Ну а тым, хто ўжо спазнаў канкрэтнае Божае дзеянне, мабыць, найперш трэба не стамляцца дзякаваць Яму і сведчыць пра цудоўныя справы Яго. Вельмі гэта важна — сведчыць. Адкінуўшы ўсялякую надуманую сціпласць, нам трэба вучыцца сведчыць адзін перад адным і перад тымі, хто яшчэ зусім не пазнаў шляхоў Яго. Трэба сведчыць пра тое, што Бог робіць у нашым жыцці. Пра тое, як Ён змяняе нашыя сэрцы, нашыя адносіны ў сем’ях ды з іншымі людзьмі, як вызваляе ад усяго змрочнага, нядобрага, як прыносіць радасць і чыніць нас дзецьмі святла. 

У бочных навах віцебскага касцёла святой Барбары размешчаны стэнды са сведчаннямі вернікаў. Чытаеш іх — і радуецца душа за тых, хто з Божай дапамогай вызваліўся ад алкагольнай залежнасці, ад цяжкай хваробы, хто перажыў сапраўднае навяртанне, адкрыў для сябе жывога Бога, чые сямейныя адносіны былі аздароўленыя Божай ласкай, каго Бог падтрымаў у часе цяжкіх выпрабаванняў, хто адкрыў для сябе магчымасць жыць у радасці дзіцяці Божага. 

Неяк давялося пачуць: «Хо­піць казаць пра тое, які ёсць Бог. Кажы лепш, што Ён робіць у тваім жыцці».  І не варта баяцца, што ты не ўмееш гаварыць прыгожа ды гладка. Кажы, як умееш. Бог сам паклапоціцца аб прыгажосці. І Ён жа адкрые сэрца таго, каму патрэбна пачуць тваё сведчанне. А калі ты напішаш тое сведчанне і дашлеш яго ў рэдакцыю часопіса «Ave Maria», то абвяшчэн­не табою Божых справаў павялічыцца ў шмат разоў. Не лянуйся рабіць гэта, бо маеш на сабе абавязак пашыраць межы Божага Валадарства на зямлі. Калі толькі хочаш быць жывым хрысціянінам, а не проста запісаным на  паперы.

Ірына Жарнасек.

Фота Валянціны Аўсянікавай.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней