Пілігрымка ў Ліхэнь

4 жніўня з барысаўскага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі  ў польскі горад Ліхэнь у санктуарый Маці Божай Ліхэньскай рушыла штогадовая аўтобусная пі­ліг­рымка. На пілігрымскіх шляхах свету Марыйны санктуарый у Ліхэні займае асабліва пачэснае месца. Тут у 1850 г. набыў славу цудадзейны абраз Маці Божай.  

Традыцыя наведвання санктуарыя ў Ліхэні ў барысаўскай парафіі існуе больш за 15 гадоў. Натхніцелем і добрым пастырам на шляху да святыні ўвесь гэты час з’яўляўся айцец марыянін Юзаф Пятушка, бо апекуном санктуарыя, які будаваўся літаральна на вачах нашых пілігрымаў, з’яўляецца Супольнасць Айцоў Марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, заснаваная благаслаўлёным Станіславам Папчыньскім. Мэта супольнасці — пашырэнне культу Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, апостальская дзейнасць і малітва за памерлых. Таму невыпадкова першым прыпынкам для пілігрымаў стала Гура Кальварыя — вядомы Марыйны цэнтр пад Варшавай, дзе на пачатку лета адбываліся рэкалекцыі для моладзі.

Касцёл Найсвяцейшай Марыі Панны Ліхэньскай, у якім знаходзіцца абраз, з’яўляецца найбольшым у Польшчы — ён атрымаў ад Яна Паўла ІІ ласку называцца базылікай меншай. Кожны, хто выправіўся ў дарогу, меў свой досвед Марыйнай духоўнасці, але тут Маці Божая шчодра ўдзяляла ласкі кожнаму, хто да Яе звяртаўся. 

Цяжка перадаць усе ўражанні ад двух дзён, праведзеных у Ліхэні. Пасля набажэнстваў у базыліцы адбываліся канцэрты арганнай му­зыкі, і тут не абышлося без прыемнага здарэння. Увечары, пасля заканчэння св. Імшы, праз некалькі хвілін, арган, адзін з найвялікшых у Польшчы (157 галасоў), ажыў цу­доўнай мелодыяй гукаў: у той вечар іграла ўдзельніца барысаўскай пі­лігрымкі — таленавітая скрыпачка Алена Карагіна . Гэта было радасна і неспадзявана і для самой Алены, якая атрымала такую ласку.

Для Бога няма нічога немагчымага, але без Божага благаслаўлення людскія намаганні марныя. Таму пілігрымы, а іх мільёны, шукаюць магутнага заступніцтва Марыі. Менавіта пра гэта падчас сустрэчы вёў размову з нашымі парафіянамі айцец Эўгеніюш Макульскі, які з Божай ласкі распачаў і здзейсніў будаўніцтва базылікі ў Ліхэні. Айцец Юзаф Пятушка з’яўляецца яго былым аднакурснікам, таму такія цёплыя сустрэчы сталі для нас ужо традыцыяй. 

І яшчэ аб прыемным уражанні. Ужо некалькі гадоў запар мы сустракаемся ў Ліхэні з а. Робертам Кшывіцкім (ён пэўны час працаваў у Барысаве). Дзякуючы яго намаганням сёлета ў Ліхені адбыўся 30-тысячны з’езд ананімных алкаголікаў з многіх краінаў свету, бо менавіта тут шмат гадоў працуе Цэнтр дапамогі сем’ям, якія маюць залежнасць ад алкаголю. 

 6 жніўня мы прыехалі ў Варшаву, дзе нас чакала цікавая экскурсійная праграма, арганізаваная нашым даб­радзеем і шчырым сябрам айцом Юзафам Адамам Сітнікам. Якраз гэтымі днямі Польшча адзначала 70-годдзе Варшаўскага паўстання, і а. Адам Сітнік паказаў нам гістарычную частку горада. 

Заехалі мы і на магілу благас­лаў­лёнага ксяндза Ежы Папялушкі, які займае пачэснае месца ў гісторыі сучаснай Польшчы, а потым накірава­ліся да санктуарыя Маці Божай Фа­цімскай, дзе знаходзіцца Яе ўка­ра­наваная фігура. 

Калі казаць пра нашу шчырую ўдзячнасць усім, хто апекаваўся намі, то проста гэтага пачуцця будзе мала, каб выказаць тое, што перапаўняе душу пасля кожнай такой пілігрымкі.

Тамара Маеўская.

Фота Таццяны Ляцецкай.

Цэтлікі: Пілігрымка

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней