Дзякуй за добрае і чулае сэрца

Дарагая рэдакцыя! Вялікі дзякуй вам за друкаванне цікавых артыкулаў на старонках часопіса «Ave Maria». Я таксама хачу распавесці вам пра майго настаўніка і духоўнага брата — айца Вітальда Жыльветру, якога я заўсёды згадваю з удзячнасцю. Шлях да святарства ў яго быў нялёгкі, але ён цалкам даверыўся Маці Божай. У 1980 годзе Вітальд Жыльветра тайна быў прыняты ў ордэн капуцынаў. Скончыў у Рызе духоўную семінарыю і стаў святаром. У 90-я гады айца Вітальда накіравалі на пастырскую працу ў Слонім, дзе ён распачаў сваё ахвярнае святарскае служэнне. Ён адразу ж узяўся за рэлігійнае навучанне вернікаў, імкнуўся згуртаваць іх, калі бачыў, што гараджане часам пагарджаюць вяскоўцамі. У тыя гады было шмат бедных людзей, і наш ойчанька дапамагаў ім, чым мог. Дванаццаць хлопчыкаў амаль штодзённа прыслугоўвалі яму на святой Імшы, многія з іх пасля абралі святарскі шлях і таксама пайшлі служыць Богу і людзям.

Дачка мая калісьці прызналася, што пазнала Бога дзякуючы айцу Вітальду, яго катэхезам, на якіх ён часта паўтараў: «Жыві па Божых запаведзях, святкуй Божыя святы — і будзеш святым...». Наш духоўны пастыр вучыў быць справядлівымі, рабіць людзям дабро, дзяліцца лішкамі з бліжнімі. Чуткі пра лекарскія здольнасці айца Вітальда разляцеліся па ўсёй Беларусі. Ойчанька быў нашым мясцовым урачом, ён добра ведаў усе лекавыя травы, раіў, калі якую трэба збіраць і ад чаго лячыцца.

Айцец Вітальд не шкадаваў сваіх сілаў і часу, і таму дзякуючы яго намаганням было адбудавана шмат святыняў. У нялёгкі час ён заўсёды быў нашым дарадчыкам і настаўнікам малітвы. Дзе яшчэ сустрэнеш такога святара, які моліцца 4 часткі Ружанца ў дзень за навяртанне парафіянаў і іх родных!

Шчыра віншую айца Вітальда з днём нараджэння, дзякую за яго добрае і чулае сэрца, жадаю яму моцнага здароўя і Божых ласкаў для працы ў парафіі св. Казіміра ў Ліпнішках, а таксама заступніцтва яго вернай Апякункі — Маці Божай Вастрабрамскай.

Лілія Кучынская, сястра трэцяга францішканскага ордэну.

Цэтлікі: Нам пішуць

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней