Божая міласэрнасць у маім жыцці

Ірына — вельмі светлы, пазітыўны чалавек. Прыгожая і мудрая маладая жанчына. Клапатлівая, любячая маці і дачка. Шчырая каталічка, якая многіх уражвае сваёю жывою вераю. Усе хваробы, пакуты і выпрабаванні, якіх нямала выпала на яе долю, пераносіць без наракання. Наадварот, дзякуе Пану Богу за ўсё і гаворыць, што без іх не было б у яе жыцці і столькі Божых ласкаў. Сёння мы друкуем сведчанне Ірыны.


— Дзейнасць Божай міласэрнасці ў маім лёсе пачалася ўжо ў момант  майго нараджэння, калі на працягу месяца ішла барацьба за маё жыццё. Хутка пасля нараджэння мяне ахрысцілі ў невялікім камайскім касцёле, што ў Пастаўскім раёне, — адтуль родам мае бабуля і дзядуля. Мы ж з бацькамі жылі ў прыгожым старажытным Полацку, дзе прайшлі мае дзіцячыя і юнацкія гады. На жаль, касцёла ў той час там не было і я амаль нічога не ведала пра Бога і каталіцкую веру.

Прыйшлі 90-я гады — час адра­джэння веры і духоўнага жыцця. Аднойчы ў цягніку, калі я ехала да брата ў Латвію, малады мужчына вельмі цікава расказваў пра Бога і Біблію. Ён гаварыў пра Усявышняга як пра любячага міласэрнага Айца. Расказаў таксама, што яго брат, дзякуючы веры і малітве, ацаліўся ад наркаманіі. Менавіта тады я ўпершыню задумалася пра Бога.

У 1991 годзе я сустрэла свайго будучага мужа, які вучыўся ў педінстытуце ў Мінску. Мы хутка ажаніліся, а праз год у нас нара­дзіўся сын. Калі дзіцяці было паўтара гады, у мужа з’явілася магчымасць уладкавацца на працу і зняць кватэру ў Мінску. Так мы пераехалі ў сталіцу. Бабуля мужа падаравала нам невялікі абразок «Сэрца Марыі», перад якім вечарамі мы разам маліліся. Нам удалося таксама набыць і Біблію. Паступова ў мяне ўзнікла жаданне пайсці на споведзь. У касцёле мне сказалі, што спачатку нам з мужам трэба ўзяць шлюб. Мы пачалі хадзіць на катэхізацыю у касцёл святых Сымона і Алены. Там у кіёску я набыла ўлётку пра малітву на ружанцы і маленькую кніжачку «Иисус, уповаю на Тебя». Я хутка навучылася гэтым малітвам.

Шлюб быў прызначаны на свята Маці Божай Будслаўскай — 2 ліпеня, а 1-га мы паспавядаліся і падчас святой Імшы прынялі першую ў сваім жыцці святую Камунію. У гэтую ж ноч у сне я ўбачыла Езуса, вельмі падобнага да таго, што на абразе Езуса Міласэрнага. Ён стаяў у белым адзенні пасярод невялікага белага касцёла, і ад Яго галавы сыходзіла яркае святло. Правай рукой Ён благаслаўляў невялікую групу людзей, якая Яго акружала. Я ж стаяла на каленях усяго толькі на парозе святыні, але адчувала вялікую ласку, якая сыходзіла ад Міласэрнага Бога.

Першы час пасля шлюбу мы ўсёй сям’ёй у нядзелю хадзілі ў касцёл. Аднак сярод нашага акру­жэння не было практыкуючых ка­толікаў, не было і таго, хто мог бы адказаць на пытанні, якія так ці інакш узнікалі, таму духоўна мы не ўзрасталі. Да таго ж муж пасля першай споведзі сказаў, што больш ніколі не прыступіць да гэтага сакрамэнту. Чаму гэта здарылася, я да сённяшняга дня не ведаю.

Як правіла, д’ябал не спіць і ўвесь час прадпрымае ўсялякія хітрыя захады, каб разбіць сужэн­ствы, асвечаныя сакрамэнтам шлюбу. Нам прыйшлося развесціся для таго, каб прапісацца ў Мінску. Развод быў фіктыўным, аднак ён адыграў негатыўную ролю ў нашай сям’і, бо на падмане нічога добрага не можа быць...

Калі сыну было 8 гадоў, я запісала яго на  ўрокі рэлігіі, каб рых­тавацца да Першай святой Камуніі. Аднак муж быў катэгарычна супраць, больш за тое, сказаў, што хоча пажыць асобна, і з’ехаў ад нас. Падчас болю і пакутаў, якія агарнулі маю душу, я неверагодным чынам адчувала блізкасць Бога і тады сказала Яму: «Люблю Цябе, Езус, і давяраю ўсё, што я не ў сілах змяніць!».

Праз нейкі час муж вярнуўся, аднак неўзабаве сабраў усе свае рэчы і пайшоў — не змог жыць двайным жыццём, бо меў каханку. Я ж не ведала, як мне цяпер жыць, як выхоўваць сына ў няпоўнай сям’і! Я разумела, што павінна, нягледзячы ні на што, захаваць чысціню і вернасць у першую чаргу Пану Богу, бо менавіта Яму я абяцала вернасць мужу да канца сваіх дзён і ў радасці, і ў горы. Забягаючы наперад, скажу, што я прайшла ў гэтым сэнсе свое­асаблівае выпрабаванне. Малады чалавек, да якога я адносілася як да сябра, аднойчы зрабіў мне прапанову стаць яго жонкай. Я адказала яму словамі з Бібліі: «А Я кажу вам: ... хто ажэніцца з разве­дзенаю, той чужаложыць» (Мц 5, 32). Растлумачыла яму таксама, што жыць у граху, парушаючы Божыя запаведзі, вельмі небяспечна — наступствы будуць цяжкімі. Ён сказаў, што я мудрая жанчына, а пры расставанні шчыра пажадаў мне захоўваць чысціню.

Я шукала паратунак у Богу. Паехала ў пілігрымку ў Чэнстахову, дзе Пан Бог паслаў мне святара, які прыняў мой боль як свой. Ён сказаў, што пойдзе ў пілігрымку да Маці Божай Тракельскай у маёй інтэнцыі. Я тады яшчэ не разумела, што азначае ісці ў пілігрымку за кагосьці, а гэты святар даў мне прыклад сапраўднай ахвярнай любові да бліжняга. Пасля яго пілі­грымкі я заўважыла, што спакойна, без істэрыкі магу сустракацца з маім мужам, я таксама змагла яму прабачыць і захаваць з ім добразычлівыя адносіны, да таго ж пачала рэгулярна спавядацца і прымаць святую Камунію. А яшчэ праз нейкі час прыняла сакрамэнт бежмавання, узяўшы імя Фаўстына, імя святой, якая  адыграла вялікую ролю ў маім духоўным станаўленні.

Божыя ласкі — што гэта такое? Багацце, здароўе, прызнанне, высокааплатная праца? Не! Наадварот, гэта — пакута і выпрабаванні, праз якія ты ачышчаешся і вучышся любіць; вучышся прызнаваць сваю грахоўнасць і мізэрнасць, і праз усё гэта здабываеш здольнасць цалкам давярацца Хрысту.

У 2005 годзе я перажыла аперацыю па выдаленні пухліны з грудзі. У бальніцы доктар, якая давала накіраванне на шпіталізацыю, сказала, што я павінна даць хірургу грошы, так званы хабар. Але мне прасцей было афіцыйна заплаціць у касу, чым даваць грошы чалавеку, які мне нават не намякаў на гэта. Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту я адчула жаданне напісаць верш свайму хірургу. Я папрасіла ў Езуса здольнасці на гэта і благаслаўленне. І ўпершыню ў жыцці напісала верш-падзяку! Калі я падаравала яго доктару,  той узрадаваўся, нібы дзіця, якое атрымала доўгачаканую цацку.

Наступны верш я напісала як падзяку Маці Божай Беззаганнага Зачацця, абраз якой быў укаранаваны ў мінскай архікатэдры ў 2005 годзе. Гэты абраз — падарунак Святога Айца Яна Паўла II нашай катэдры. Праз гэтую цудатворную ікону я атрымала ласку аздараўлення, калі мела сур’ёзныя праблемы з сэрцам. Так праз вершы я пачала выказваць Езусу і Най­свяцейшай Маці сваю ўдзячнасць, любоў і вернасць.

Наслуханыя пра цуды фігуркі Езуса Журботнага, што знаходзіцца ў пасёлку Рось, мы з сынам паехалі туды на рэкалекцыі, якія праводзіў айцец Руфус Перэйра. Рось для мяне стала вельмі дарагім месцам. Там я ўступіла ў малітоўную групу Бога Айца. Хачу пацвердзіць, што ружанцовая малітва сэрцам перамяняе чалавека, дае ласку ахвярнасці, узаемадапамогі, здольнасці цярпліва несці свой крыж.

На пачатку 2011 года міласэрны Бог дапускае чарговае для мяне выпрабаванне — хваробу рассеянага склерозу. Мяне паклалі ў бальніцу і там растлумачылі, што хвароба гэта невылечная і патрабуе пастаяннага прыняцця лекаў.

У бальніцы я з новай сілай адчувала, як любіць мяне Бог. Праяўлялася гэта асабліва тады, калі святар прыносіў мне Езуса ў святой Камуніі. Сапраўды незабыўныя моманты жыцця!

Праз нейкі час пасля бальніцы я зноў паехала ў Рось на рэкалекцыі з айцом Джэймсам, дзе атрымала як духоўную, так і фізічную падтрымку. Працяглы час адчувала сябе вельмі добра. Аднойчы зімою я паслізнулася і ўпала на спіну. Мяне зноў паклалі ў бальніцу. Лячэнне справакавала абвастрэнне, і мне прызначылі 3-ю групу інваліднасці. Я не хацела хадзіць з кійком і вырашыла, што буду лепш кагосьці прасіць, каб мяне суправаджалі. Не заўсёды так атрымлівалася, і я аднойчы зноў павалілася і моцна пабілася. Тады я зразумела, што трэба быць пакорнай і ўзяць у рукі кіёк. Праз гэты жэст пакоры Бог паказаў, як шмат вакол мяне добрых і ахвярных людзей. Мне шчыра дапамагалі ўсюды, дзе б я ні паяўлялася.

У Рэспубліканскім цэнтры неў­ралогіі і нейрахірургіі, сярод ня­многіх, мяне выбралі для ўдзелу ў дзяржаўнай праграме па даследаванні прэпарата для хворых на рассеяны склероз. Пасля гэтага ў мяне яшчэ здараліся абвастрэнні хваробы, але яны пераносіліся ўжо лягчэй. Я нават змагла дапамагаць сваёй маці даглядаць тату — ён інвалід 1-й групы і ляжыць шмат гадоў нерухома. Адкінула я і свой кіёк. І вось ужо больш за год у мяне няма абвастрэння хваробы. Хутка заканчваецца мой удзел у навуковым даследаванні, аднак я найперш давяраю міласэрнаму і любячаму Айцу і ведаю, што ўсё ў маім лёсе будзе так, як таго хоча Пан Бог.

У чарговы раз хачу засведчыць: калі б не было ў маім жыцці пакутаў, напэўна, Бог не падараваў бы мне так шмат сваіх ласкаў — патрэбнага святара (духоўнага кіраўніка), адданых сяброў, любоў да малітвы, здольнасці пісаць вершы, малітоўную групу і самае галоўнае — жывую веру. У гэтым і праяўляецца Божая міласэрнасць.


Ірына, г. Мінск.

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней