На свеце няма ніводнага чалавека, які б раней ці пазней не спазнаў цяжару хваробы. Большасць людзей пры гэтым наракаюць, не хочуць змірыцца і лічаць пакуты вялікай перашкодай у жыцці. На самай жа справе, як вучаць святыя айцы, нашы пакуты надаюць жыццю... паўнату. Кожная старонка Бібліі гаворыць нам пра гэта: «Вам дадзена дзеля Хрыста не толькі верыць у Яго, але і цярпець за Яго» (Флп 1, 29). «Калі мы разам з Ім памерлі, то з Ім і ажывём; калі церпім, то разам з Ім валадарыць будзем» (2 Цім 2, 11–12).
Вось сведчанні людзей, якія захацелі падзяліцца тым, як яны пераносяць свае хваробы і пакуты.
Марыя Казлоўская, легіянерка Марыі, г. Мінск
— Сем гадоў таму мне паставілі страшны дыягназ: саркома косці. Я не адразу згадзілася на ампутацыю нагі ў сваім 70-гадовым узросце. Спрабавала лячыцца народнымі метадамі і сродкамі, але хвароба прагрэсіравала, і я пайшла на аперацыю. Дактары не давалі ніякіх гарантый. Я спадзявалася толькі на Бога і згадзілася цалкам з Яго воляю. І здарыўся цуд майго аздараўлення! Мне нават страшна ўявіць, як можна весці барацьбу з сур’ёзнаю хваробаю без Бога. Я пастаянна малілася, практычна не выпускала з рук ружанец. Не саромелася прасіць аб малітве ўсіх, каго ведала. Вельмі шмат людзей за мяне тады малілася, у тым ліку легіянеры Марыі.
Вельмі важна ў цяжкай хваробе не ўпасці ў паніку і адчай. Пажадана не засяроджвацца на сваёй хваробе і не рабіць з яе ідала, не рабіць з сябе пакутніка, не шкадаваць сябе і не дазваляць рабіць гэта іншым. Вядома ж, вельмі важныя аптымізм і добры настрой. Для гэтага я часта спявала пабожныя песні, якія мне вельмі падабаюцца. Калі зусім было цяжка і сумна, гадзінамі паўтарала словы са Святога Пісання: «Усё магу ў Хрысце, які ўзмацняе мяне» (Флп 4, 13); «Ранамі Яго мы ацаліліся» (Іс 53, 5). Вельмі важна таксама чытаць духоўную літаратуру, у тым ліку пра святых. Шмат сілы даў мне прыклад слугі Божай Адэль Куін, легіянеркі Марыі з Ірландыі. У свае 29 гадоў, хворая на сухоты, яна паехала ў Афрыку, дзе за 8 гадоў самаахвярнага служэння арганізавала супольнасці Легіёну Марыіі амаль ва ўсіх краінах гэтага кантынента. Там яна памерла ва ўзросце 37-мі гадоў. Я бясконца дзякую Пану Богу за дар веры, які пераўзыходзіць дар жыцця, бо жыццё без веры нават страшна ўявіць.
Тэрэза Шчарбінская, г. Мінск
— Колькі сябе памятаю, увесь час хварэю, напэўна, нарадзілася з аслабленым імунітэтам. З 10-ці гадоў — сірочая доля, дзіцячы дом і гэтак далей. Памятаю, калі мне было 28 гадоў, адзін урач сказаў, ці то жартам, ці то ўсур’ёз, што мне засталося жыць два панядзелкі. Гэты чорны гумар доктара давёў мяне да дэпрэсіі. Паміраць не хацелася, да таго ж я адна гадавала дачку, якой было 8 гадоў. Дактарам давярала ўсё менш, а паратунку пачала шукаць у Бога, пра якога амаль што нічога не ведала (гэта былі 80-я гады). Сваячка дала мне пацеры на польскай мове, і я, нічога не разумеючы, пачала іх чытаць кожны дзень. Сваімі словамі прасіла ў Бога дапамогі, каб толькі не пакінуў маё дзіця сіратою.
Сёння мне ўжо 60 гадоў. Паступова я прыйшла да веры і пачала пастаянна хадзіць у касцёл. Праблемы са здароўем не скончыліся, наадварот, з гадамі яны прыбаўляюцца. Аднак адносіны да іх у веруючага чалавека зусім іншыя. Памятаю, што я доўга не магла дзякаваць Пану Богу за дар свайго жыцця (ксёндз на споведзі сказаў гэта рабіць часцей). У мяне язык не паварочваўся, бо ў душы было шмат болю і крыўды. А сёння я шчыра дзякую Богу не толькі за дар жыцця, але за дар цяжкага жыцця, а таксама дзякую Усявышняму за дар здароўя і за дар хваробы. Пакуты і хваробы, сапраўды, вялікая Божая ласка! Гэта вельмі цяжка зразумець, але ахвяра Езуса Хрыста дапамагае гэта зрабіць, як і зразумець таксама жыццё святых, сярод якіх няма тых, хто б не пакутаваў.
Зінаіда Зелянкевіч, г. Жодзіна
— Усё ў жыцці мае свой сэнс, хвароба — таксама. Я гэта вельмі добра зразумела два гады таму, калі перажыла інфаркт міякарда. Я, практыкуючая каталічка, заўсёды адчувала, што чамусьці не магу да канца давяраць Богу. Пасля хваробы я вельмі змянілася. Маё сэрца стала іншым, яно цяпер цалкам належыць Хрысту. Мая малітва стала іншай. Калі раней у малітве я круцілася вакол сваіх праблемаў, то цяпер я гэтыя праблемы аддала ў рукі Бога і ўжо цалкам Яму давяраю. Ведаю, што маё жыццё залежыць толькі ад Усявышняга. Я дзякую міласэрнаму Богу за тое, што не забраў мяне падчас інфаркту і даў мне вельмі добра зразумець, што я яшчэ не падрыхтаваная да Нябеснага Валадарства.
Людміла, пацыентка кардыялагічнага аддзялення 1-й бальніцы г. Мінска
— Я хварэю цяжка і ўжо даўно, але добра ведаю, што ніхто мне не дапаможа, калі я сама сабе не дапамагу. Як той барон Мюнхгаўзен, бяру сябе за валасы і выцягваю з багны хваробы. Аптымізм, прага жыцця дапамагаюць мне пакуль што спраўляцца. Ні ў якую дапамогу звыш я не веру! Мяне нават раздражняе тое, што адукаваныя людзі вераць у нешта звышнатуральнае. Толькі дактары і я сама змагаемся з хваробаю. Можа, веруючым людзям лягчэй пераносіць хваробы, але я няверуючая і, думаю, што нічога ад гэтага не губляю.
Ганна Цітовіч, г. Мінск
— Як бы цяжка ў жыцці ні было, я заўсёды памятаю словы мудрых людзей пра тое, што Бог не дапускае крыжа, які б пераўзыходзіў сілы чалавека. А яшчэ я стараюся не забываць, што цяпер камусьці ў шмат разоў цяжэй, чым мне. Я шмат гадоў хаджу на працу міма пяціпавярховага дома, дзе каля аднаго з пад’ездаў у інваліднай калясцы сядзіць прыгожая дзяўчына. Яна з усмешкай глядзіць на птушак, якія шчабечуць на дрэвах, свеціцца ад шчасця, калі маладыя мамы даручаюць ёй пакалыхаць у калясках сваіх немаўлятак, а самі ляцяць у магазін. Халоднымі днямі гэта дзяўчына сядзіць каля вакна. Вось такое жыццё! Дык як я магу наракаць і стагнаць ад сваіх праблемаў і хваробаў, якія ў параўнанні з праблемай гэтай дзяўчыны — мізэр!
А яшчэ мне вельмі моцна дапамагае пераносіць хваробы ўсведамленне граху аборту. У маім жыцці, на жаль, быў такі цяжкі грэх і, хаця я ў ім раскаялася, боль душы не праходзіць. Калі я хварэю і здаецца, што не вытрываць, я думаю пра тое, як пакутавала маё ненароджанае дзіця, калі яго забівалі. Кніжка Глорыі Пола «Бог даў мне другі шанец» вельмі дапамагла мне гэта зразумець. Свой боль я ахвярую Богу як кампенсацыю за гэты грэх і за іншыя грахі, якіх у мяне хапае. Трэба не забывацца, што не толькі за кожны дрэнны ўчынак, але і за кожнае непатрэбнае слова мы будзем адказваць, калі станем перад Богам.
Падрыхтавала Галіна Калевіч
Фота: vk.com/trita.plenka