Разважаючы над першаю запаведдзю Дэкалога, я вяртаюся думкамі ў сваё сектанцкае, мармонскае мінулае. Не, я зусім не лічыў сябе ідалапаклоннікам, я лічыў, што веру ў Святую Тройцу і ўсё ж... я ім быў. Гэта была замаскаваная форма ідалапаклонства.
Св. Атаназій раздзяліў усе ерасі на дзве катэгорыі: паганскія і ерасі юдэйскага тыпу. З першай катэгорыяй усё зразумела — гэта адкрытая форма ідалапаклонства, якая часта выяўляецца ў політэізме і ў пакланенні чужому богу, сілам прыроды, у адмаўленні Бога, а то і наўпрост — у пакланенні д’яблу. Часцей за ўсё яе можна адразу заўважыць як, напрыклад, пакланенне Крышну. Аднак не варта недаацэньваць схаваных формаў ідалапаклонства, якія праяўляюцца пад выглядам, напрыклад, белай магіі. Людзі вераць, што нейкая бабка робіць нешта добрае, лечыць, дапамагае. Часам яна выкарыстоўвае святыя рэчы, і тым не менш за ўсім гэтым стаіць д’ябал. Завуаліраваная форма «дапамогі» часам можа аказацца больш небяспечнаю за адкрытую з прычыны цяжкасці яе распазнання. Кажуць, што калі жабу кінуць у кіпень, яна адразу ж выскачыць, а калі пакласці ў халодную ваду і варыць на малым агні, то яна сама не заўважыць, як зварыцца.
Вось да такой асабліва небяспечнай формы ідалапаклонства належыць распаўсюджаны ў апошні час рух «Нью эйдж». Гэта не столькі сукупнасць разнастайных містычных плыняў, колькі ідэалогія. На першы погляд — гэта вегетарыянства, любоў да ўсяго натуральнага, усеагульнае братэрства і яднанне ўсіх рэлігій. Небяспека гэтай рэлігійнай ідэалогіі ў яе здольнасці пранікаць унутр іншых рэлігій, у тым ліку і хрысціянства. Нягледзячы на сваю будысцкую аснову, «Нью эйдж» мае ў сабе элементы розных рэлігій, але яна мае прэтэнзіі на тое, каб, аб’яднаўшы ў сабе ўсе рэлігіі, стацца рэлігіяй будучыні. Вызнаўцы «Нью эйдж» вераць, што эра Рыбы (Хрыста) заканчваецца і неўзабаве распачнецца эра Вадалея (антыхрыста). Вось яна — сапраўдная сутнасць фальшывага экуменізму: будаванне адзінай сусветнай рэлігіі. Сапраўдны экуменізм, якому навучае Другі Ватыканскі Сабор, — гэта дыялог з іншымі хрысціянскімі (і толькі хрысціянскімі!) канфесіямі з мэтаю вяртання заблукалых авечак ва ўлонне Касцёла, Містычнага цела Хрыста. І гэта зусім не спроба аб’яднацца і ўтварыць нешта сярэдняе. Такая спроба якраз і з’яўляецца ідэалогіяй «Нью эйдж». Таму вельмі небяспечна ў парыве экуменізму дазваляць у Касцёле пратэстанцкую духоўнасць. Каталіцкі Касцёл мусіць захаваць сваю ідэнтычнасць, ну а што датычыць нехрысціянскіх рэлігій, то тут неабходнае місіянерства.
А што ж тады ўяўляе з сябе другая катэгорыя паводле св. Атаназія — ерасі юдэйскага тыпу? Складана назваць гэта ідалапаклонствам. Гэта такая форма ерасі, калі людзі пакланяюцца адзінаму Богу, аднак не ў праўдзе, бо адкідваюць Сына Божага. Святы апостал і евангеліст Ян пісаў у сваім Першым Пасланні: «Хто ілгун, калі не той, хто пярэчыць таму, што Езус — гэта Месія? Той антыхрыст, хто адракаецца ад Айца і Сына. Кожны, хто адракаецца ад Сына, не мае і Айца, а хто вызнае Сына, мае і Айца» (1 Ян 2, 22–23). Д’ябал увесь час імкнецца знішчыць веру ў Боскасць Хрыста, бо толькі гэтая вера дае збаўленне. І першая яго спроба пачалася ўнутры выбранага народа Божага. Потым, у часы св. Атаназія, былі арыяне, якія не верылі ў тое, што Езус ёсць Богам, пасля прыйшоў іслам, і цэлыя рэгіёны Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу сілаю былі адрынутыя ад веры ў Сына Божага. У наш час такую пазіцыю займаюць сведкі Еговы. Усе гэтыя людзі вераць у адзінага Бога, але адкідаюць Хрыста, аднак «кожны, хто не мае Сына, не мае і Айца». Гэта не я, гэта св. Ян гаворыць.
Нашая пабожнасць без Хрыста сама па сабе не дае збаўлення і ніколі не будзе дасканалаю. Аднак ёсць і такія, хто сцвярджае, што вераць у Айца і Сына, і Святога Духа, але з’яўляюцца самымі сапраўднымі ідалапаклоннікамі. І я некалькі гадоў правёў у шэрагах Царквы Езуса Хрыста святых апошніх дзён (мармонаў), пакуль да мяне не пачало даходзіць, што гэта іншы айцец, іншы сын, і зусім не Святы Дух. Іх бог-айцец — гэта проста дасканалы чалавек з цела і крыві, які калісьці дасягнуў дасканаласці, а цяпер жыве на планеце Колаб і кіруе намі. Ён не можа быць адначасова ўсюды. Мы, дасягнуўшы дасканаласці, станем, як ён, і таксама зможам тварыць планеты. Такога бога рэальна не існуе — гэта ідал! Адпаведна іх сын — падробка Езуса, да таго ж ён шматжэнец. А які можа тады быць дух?
Насамрэч, толькі ведаючы сваю веру і трымаючыся яе, мы не трапім у сеткі схаванага ідалапаклонства. Вялікаю пасткаю з’яўляецца таксама фальшывы экуменізм. Нават і ў хрысціянскіх канфесіях. Я маю на ўвазе сітуацыю, калі паміж Касцёлам Хрыстовым, заснаваным на Пятры, і тымі, хто ад яго адышоў, не прызнаючы яго, ставіцца знак роўнасці. Памятаеце першую главу з Дзеяў Апосталаў, калі яны сабраліся для малітвы? З імі была Марыя, а на чале іх быў Пётр. Яны трывалі ў вучэнні апосталаў і ламалі хлеб. Вось так і выглядае Касцёл Хрыстовы. І Хрыста трэба прымаць цалкам. Па-першае, у Эўхарыстыі. Цалкам не прымае Хрыста той, хто адмаўляе Яго прысутнасць у постаці хлеба і віна. Не прымае Яго цалкам таксама і той, каму Марыя не Маці, а таксама і той, хто не прымае Яго містычнае Цела — Каталіцкі Касцёл. Адмаўляючыся ад Эўхарыстыі, ад Марыі і ад Касцёла, людзі не прымаюць Хрыста цалкам, і гэта ўжо не той Хрыстус — Сын Марыі, Ён абдзелены. Не тое каб яны былі ідалапаклоннікамі, але гэта чужы агонь для нас, і няма ў нас аніякай прычыны, каб арыентавацца на іх духоўнасць. Нельга ставіць знак роўнасці паміж імі і Хрыстовым Касцёлам, бо можна вельмі незаўважна прыйсці да фальшывых праяваў экуменізму.
Як піша папа Бэнэдыкт XVI у сваёй кнізе «Езус з Назарэта», з самага пачатку і ажно да ХХ ст. Касцёл заўжды стаяў на пазіцыях эклезіяцэнтрызму. Яшчэ св. Кіпрыян казаў: «Няма збаўлення па-за Касцёлам». Прывяду таксама спасылку з дакумента Lumen gentium Другога Ватыканскага Сабору, п. 14: «Касцёл неабходны для збаўлення, бо Хрыстус — гэта адзіны Пасрэднік і шлях збаўлення, і Ён прысутнічае для нас у сваім Целе, якім ёсць Касцёл... Таму не могуць збавіцца людзі, якія, ведаючы, што ён заснаваны Богам пры пасрэдніцтве Хрыста як неабходны, не жадаюць увайсці ў Касцёл ці заставацца ў ім»...
Дарагія браты і сёстры, трымаймася праўдаў каталіцкай веры.
Мікола Бадрусеў