Успаміны пра катэхізацыю

З дзіцячых гадоў я вельмі любіла вучыцца, хадзіць у школу, пазнаваць прыгожы свет прыроды і ўсё новае. Глыбокую ўдзячнасць у сэрцы маю да Бога і да шаноўнай, святой памяці, Генеральнай маці — Разарыны Мікевіч, якая паслала мяне на двухгадовыя катэхетычныя курсы ў Кельцэ, а потым на завочнае тэалагічнае навучанне ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт, які інтэлектуальна і духоўна падрыхтаваў мяне да катэхізацыі. Даўшы вечныя манаскія абяцанні, я атрымала прызначэнне на місію ў Кельцэ, дзе пры парафіі вучыла дзяцей рэлігіі.


Праз некалькі гадоў мяне накіравалі ў Люблін працягваць навучанне і катэхізаваць дзяцей у парафіі св. Максімільяна на Майданку. Найбольшую радасць выклікалі ў мяне дашкольнікі і першакамунійныя дзеці, якія прыходзілі на катэхізацыю разам са сваімі бацькамі, бо яны таксама хацелі пачуць нешта новае на ўроках рэлігіі. Бацькі былі мне вельмі ўдзячныя. Памятаю, як аднойчы сабралася вельмі шмат вучняў другіх класаў, а пакой быў вельмі маленькі, і бацькі, якія не маглі ўдзельнічаць у катэхезе з дзецьмі, папрасілі ў мяне дазволу слухаць катэхезу пад расчыненым акном.

Адна з маіх сябровак з навіцыяту сказала мне: «Тадэя, ты маеш сапраўднае дамініканскае пакліканне, бо любіш вучыць і катэхізаваць». Я сапраўды люблю гэты занятак.

На місіях, апрача катэхезы пры парафіі, я рыхтавала дзяцей і моладзь да святых сакрамэнтаў і праводзіла катэхезу ў каталіцкіх школах. У горадзе Гаруа Булай (Камерун) пачатковаю школаю імя св. Паўла на працягу многіх гадоў апекаваліся менавіта сёстры. У першыя гады маёй працы ў гэтай школе адна з мясцовых настаўніц звярнулася да мяне з прапановаю: «Сястра, мы будзем дапамагаць Вам размаўляць па-французску, а вы навучыце нас право­дзіць катэхезу». Мне вельмі спадабалася гэтая ідэя. З таго часу я пачала дбаць пра катэхетычную дапамогу для настаўнікаў у кожным класе і вучыць іх простым метадам вядзення катэхезы.

Жывучы ў Нгаўндэрэ на поўначы Камеруна, я вучыла рэлігіі моладзь у каталіцкім ліцэі Мазэно, заснаваным французскай Кангрэгацыяй місіянераў аблатаў Найсвяцейшай і Беззаганнай Панны Марыі ў 50-я гады мінулага стагоддзя. У гэтай школе вучылася больш за 1 000 вучняў розных рэлігій: католікі, пратэстанты, мусульмане і прадстаўнікі розных сектаў. Прыехаўшы з Бертуа з пачатковай школы ў ліцэй, я баялася, што не спраўлюся з моваю, і ў дадатак не было ніякіх памочнікаў і падручнікаў. Сястра Мірыям, місіянерка з Харватыі, адказная за катэхезу ў гэтай школе, вельмі сардэчна прыняла мяне, сказаўшы: «Сястра, у гэтай школе няма ніякіх падручнікаў, але Вы можаце самі распраца­ваць для вучняў простыя падручнікі». Разам з яшчэ адным настаўнікам рэлігіі, Маркам, я распачала працу над падручнікамі па катэхезе, аддаючы перавагу Божаму слову, выбранаму з Бібліі, і пытанням без адказаў, напісаным пад кожным урыўкам.

Аказалася, што гэты просты метад пошуку быў для вучняў вельмі цікавым, бо яны з вялікім захапленнем працавалі над біблійнымі тэкстамі, шукаючы адпаведныя адказы на пытанні. Шчыра прызнаюся, што мяне вельмі ўражвала праца вучняў у цішыні. Нягледзячы на розныя веравызнанні, яны з вялікаю пашанаю ставіліся да Божага слова. Мяне здзіўляла дзеянне Бога ў сэрцах вучняў праз Яго слова. Пра гэта сведчылі іх адказы на зададзенае ў канцы года ўсяго адно пытанне: «Што дала табе катэхеза ў гэтым годзе?». Вось некалькі адказаў вучняў:

— Дзякуючы катэхезе я навучыўся больш шанаваць
сваіх бацькоў і настаўнікаў
(Умар).

— Гэты катэхетычны год дапамог мне
штодзённа маліцца дома
(Жоэль).

— На катэхезе я навучылася ружанцовай малітве,
а таксама ўменню маліцца разам з усёй сям’ёй
(Дыяна).

— Катэхеза ў школе ўзбагаціла мяне духоўна.
Я навучыўся любіць бліжніх і дапамагаць ім,
калі ў іх узнікалі праблемы. Сястра, я ўдзячны Вам за добрыя парады,
якія Вы давалі на катэхезе.
Дзякуючы ім мне ўдалося змяніць свае паво­дзіны ў школе і дома
(Доўа).

Шаноўная моладзь! Святы Ян Павел ІІ у адгартацыі пра катэхізацыю сказаў, што яна вядзе ўдзельнікаў да глыбокай сувязі з Хрыстом — сапраўдным Сябрам чалавека. «Маладыя людзі, — гаварыў Папа, — вы маеце рэальную магчымасць пазнаць Езуса Хрыста, якога ў поўным бляску паказвае нам Біблія, і асабліва Евангелле. Жадаю вам, каб чытанне Божага слова стала захапленнем вашага жыцця і было святлом, якое будзе весці вас па жыцці да вечнай радасці ў доме Айца».


Сястра Тадэя Юзэфа Аўгустын ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней