Жывыя бібліятэкі мудрасці

Яшчэ ў дзяцінстве бацькі, асабліва мама, вучылі нас павазе да старэйшых людзей. Мы звярталіся да іх на «Вы», а калі ішлі ў першую пятніцу месяца да споведзі, то прасілі ў бацькоў прабачэння, цалуючы руку. На місіях у Афрыцы мяне ўразіла вялікая пашана малодшых да старэйшых, якія называлі іх жывымі бібліятэкамі мудрасці для моладзі. Я здзіўлялася таму, як вечарамі ля вогнішча ўся сям’я сядала ля сваёй хаціны і бацька або дзед расказваў сваім дзецям і ўнукам пра звычаі, традыцыі сям’і і племені. Дзеці і моладзь ахвотна і з пашанаю слухалі цікавыя аповеды сваіх дзядоў.


Папа Францішак, які пахо­дзіць з місіянерскага кантынента, як Папа-місіянер вельмі блізкі майму сэрцу. Яго вучэнне поўнае глыбіні і адначасова прастаты. Мяне моцна ўразілі яго выступленні ў Польшчы падчас Сусветных дзён моладзі. У Чэнстахове на Яснай Гары, цэлебруючы святую Імшу — падзяку за 1050-ю гадавіну хрышчэння Польшчы — ён звярнуўся да палякаў, кажучы: «Ваш народ вытрываў у спрадвечнай веры дзякуючы сям’і, перадусім маці і бабулям, якім трэба дзякаваць бясконца». На сустрэчы з валанцёрамі СДМ папа Францішак прасіў моладзь: «Размаўляйце з бацькамі, з дзядулямі і бабулямі, вы павінны прыняць з іх рук паходні. Распытвайце іх, бо яны з’яўляюцца мудрасцю народа».

Святы Айцец Францішак у апостальскай адгартацыі пра сям’ю «Amoris laetitia» цудоўна кажа пра пажылых людзей і пра іх ролю ў сям’і і грамадстве:

«Мы павінны абудзіць агульнае пачуццё ўдзячнасці,
прызнання, гасціннасці, дзякуючы якім
пажылая асоба адчуе сябе жывой часткай супольнасці.
Пажылыя — гэта мужчыны і жанчыны, айцы і маці,
якія перад намі апынуліся на той самай дарозе, што і мы, у нашым доме,
яны ўдзельнічалі ў нашым штодзённым змаганні за годнае жыццё”» (AL, 191).

Папа падкрэсліў, што часта дзядулі і бабулі становяцца адзінымі, хто захоўвае і перадае наступным пакаленням веру ў сям’і: «Менавіта дзяды часта перадаюць вялікія каштоўнасці сваім унукам» (AL, 192). Пантыфік адзначыў, што ведаць сапраўдную гісторыю сваёй малой і вялікай Радзімы дзеці вучацца менавіта ад дзядоў: «Апавяданні старэйшых асобаў даюць шмат дабра дзецям і моладзі, бо лучаць іх з мінулай гісторыяй ці то праз сям’ю, дадзены рэгіён ці таксама праз айчыну» (AL, 193).

Чым ёсць старасць? Часам пра яе кажуць як пра восень жыцця — гэтак пісаў яшчэ Цыцэрон па аналогіі з порамі года, якія чаргуюцца ў жыцці прыроды. Духоўнае жыццё чалавека таксама складаецца з пэўных этапаў. Дзяцінства і маладосць — гэта час, калі чалавек паступова вучыцца разумець сябе, распазнае ўласныя магчымасці, стварае праект свайго жыцця, які будзе рэалізоўваць у сталым узросце, але і старасць не па­збаўленая вартасцяў. Гэта час, для якога характэрная мудрасць, вялікі досвед, бо час — найлепшы настаўнік. Нездарма аўтар псальмаў маліўся такімі словамі:

«Навучы нас так лічыць дні нашыя,
каб мы здабылі мудрасць сэрца» (Пс 90 [89], 12).

Святы Ян Павел ІІ ужо ў па­жы­лым узросце, пакутуючы ад хваробаў, напісаў кранальны ліст да братоў і сясцёр у Хрысце:

«Шанаваць старэйшых лю­дзей азначае рабіць тры рэчы: удзя­ляць ім увагу, дапамагаць і цаніць іх добрыя якасці. <...> Я жадаю вам, дарагія браты і сёстры сталага веку, каб вы бяс­хмарна пражывалі гады, якія Бог прызначыў кожнаму з вас. Хачу таксама адкрыта падзяліцца з вамі пачуццямі, якія ахопліваюць мяне на схіле жыцця, пасля больш чым дваццаці гадоў служэння ў Сталіцы Пятра ў чаканні ўжо трэцяга тысячагоддзя. Нягледзячы на абмежаванасць у маім узросце, я вельмі моцна цаню жыццё і ўмею радавацца яму. Дзякую Богу за гэта! Гэта цудоўна, калі служыш да канца справе распаўсюджання Божага Валадарства. Разам з тым мяне напаўняе глыбокім супакоем думка пра тую хвіліну, калі Бог пакліча мяне да сябе з жыцця да жыцця! Таму без ценю смутку я часта прамаўляю малітву, якою моліцца святар падчас літургіі:  „У гадзіну смерці пакліч мяне і загадай мне прыйсці да Цябе“. Гэта малітва хрысціянскай надзеі, яна ніякім чынам не змяншае радасці ад зямнога жыцця, а будучыню даручае апецы Божай дабрыні. Марыя, Маці пілігрымаў гэтага свету, маліся за нас „цяпер і ў хвіліну смерці нашай“. Учыні, каб мы заўсёды былі побач з Езусам, Тваім улюбёным Сынам, нашым Братам, Панам жыцця і славы. Амэн!»


Сястра Тадэа Юзэфа Аўгустын ОР
Фота Веранікі Скрабатун

 

Цэтлікі: Сведчанні

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней