Ну мы пайшлі: Шлях святога Якуба

Сем гадоў таму, упершыню прайшоўшы свой невялікі кавалачак іспанскага Шляху святога Якуба (прыблізна 170 км з 800), я, здаецца, назаўжды «захварэла» гэтымі мясцінамі, і таму так радасна было вяртацца туды пасля такога вялікага перапынку. Вельмі хочацца падзяліцца гэтай радасцю і незвычайным досведам, таму па матывах сваёй пілігрымкі мы з сябрам Змітром, музыкам з Санкт-Пецярбурга, падрыхтавалі для нашых інтэрнэт-чытачоў адмысловы медыя-праект пад назваю «#НуМыПайшлі: Camino de Santiago» — цыкл падарожных нататак і відэа.


Але для пачатку мне хацелася б паразважаць пра тое, што такое Шлях святога Якуба, які вядзе ў горад Санцьяга-дэ-Кампастэла ў іспанскай правінцыі Галісія. Гэта адна з першых вядомых пешых пілігрымак у свеце і адна з самых папулярных. Можна знайсці вельмі шмат інфармацыі пра гісторыю Шляху на розных інтэрнэт-рэсурсах, у тым ліку ў падарожніцкіх блогах, але для тых, хто не вельмі добра чытае на замежных мовах, крыху пазней будзе апублікаваны асобны матэрыял на гэтую тэму. Пакуль жа паспрабую растлумачыць, у чым прыцягальнасць Шляху і чаму кожны год тысячы людзей з розных куткоў свету выпраўляюцца ў дарогу да Санцьяга.

Пілігрымкі трывала ўвайшлі ў жыццё беларускіх католікаў і, здавалася б, чаго шукаць у той Іспаніі — хіба што экзотыкі і турыстычных маршрутаў, а духоўны складнік — ён і ёсць духоўны складнік, бо не залежыць ад геаграфіі. У табэрнакулюме вясковай капліцы прабывае той жа Бог, што і ў сталічнай катэдры.

Рацыя тут безумоўна ёсць, але Шлях святога Якуба або, як часцей яго называюць, Каміно (па-іспанску «Camino de Santiago») — гэта іншая прастора, непаўторны сплаў ландшафтаў, гарадоў і вёсак, дарогаў і бездарожжаў, людзей, падзеяў, гісторыі і мясцовых легендаў, дзе любыя дробязі набываюць неацэннае значэнне, а Божыя знакі чытаюцца так яўна, што ігнараваць іх проста немагчыма.

Тут жыццё набывае асаблівую інтэнсіўнасць і сканцэнтраванасць,
нібыта адпадае скурка ад апельсіна,
і па душы, як па пальцах, цячэ духмяны сок.

Я б усур’ёз задумалася над тым, каб выпраўляць у Каміно людзей, якія пакутуюць, скажам, ад клінічнай дэпрэсіі, гульнявой або інтэрнэт-залежнасці, бо сама дарога там адначасова напойвае яркасцю, амаль датыкальнасцю жыцця, і неверагодным спакоем, размеранасцю і рытмам. Genius loci, дух месца, — гэта адназначна пра Каміно.

Пілігрымкі ў Беларусі — вельмі неабходнае нашым землям сведчанне веры, пераможнае шэсце, але Каміно — гэта зусім іншае, і найперш — шлях сам-насам, асабістая сустрэча з Богам, сабою і светам. Думаю, такое немагчыма нідзе больш у свеце, бо так склалася гісторыя: шмат стагоддзяў акупацыі хрысціянскай Іспаніі маўрамі; поле, на якім зоркі адзначылі манаху-пустэльніку Пелайё месца, дзе ў 813 г. знайшлася труна з парэшткамі апостала Якуба, які евангелізаваў Іберыю; захопнікі, які цудоўным чынам не рашыліся разрабаваць хрысціянскую святыню; прарочы сон Карла Вялікага, які прайшоў Шлях і пераможна распачаў Рэканкісту, адваяванне іспанскіх земляў; аб’яўленне Санцьяга дэ Кампастэла святыняю, роўнаю Ерузалему і Рыму, сумленнае пілігрымаванне да якой абяцае грэшніку адпушчэнне яго граху... Так  распачалася больш чым тысячагадовая гісторыя Шляху святога Якуба, або, лепш сказаць, Шляхоў, бо толькі на тэрыторыі Іспаніі, не лічачы іншых краінаў, іх існуе каля дзясятка: Паўночны (del Norte), Срэбны (de Plata), Партугальскі (Portugués), Першапачатковы (Primitivo), Французскі або Каралеўскі (Francés, Real), які мы і выбралі, і іншыя. Амаль ва ўсіх вялікіх еўрапейскіх гарадах па дарозе час ад часу сутрэнеш знаёмую жоўтую стрэлку, якая паказвае накірунак да Санцьяга: Рым, Парыж, Страсбург, Лондан, нават паўночны Осла. Ёсць людзі, якія і цяпер, як і сотні гадоў таму, выпраўляюцца ў Каміно ад парогу ўласнага дома, і завяршаюць шлях там жа, на сваім парозе. Мы сустракалі пілігрымаў, якія правялі ў дарозе некалькі месяцаў і нават гадоў, прайшлі тысячы кіламетраў пехатою. Ёсць тыя, хто разбівае Каміно на этапы і праходзіць яго часткамі, кожны год вяртаючыся туды, дзе завяршылі шлях у мінулы раз. Многія, як мы, вызначаюць частку Каміно, якую могуць прайсці (у залежнасці ад часу, фізічнай падрыхтоўкі, фінансавых магчымасцяў) і, праходзячы вызначаны шлях (каб атрымаць кампастэлу — не менш за 100 км., у нашым выпадку — 220 км., прыблізна чвэрць Французскага шляху), завяршаюць яго ў горадзе святога Якуба. Яшчэ Каміно можна пераадолець на роварах або нават на конях — і такое зусім не рэдкасць.

У адрозненне ад прывычных нам людных і шумных пілігрымак, Каміно-дэ-Санцьяга — гэта ціхая дарога. Навокал тут пануе цішыня: амаль няма машынаў і чалавечага жытла паблізу, калі не лічыць малых вёсачак, жыхары якіх з ранняга ранку сыходзяць працаваць у палі і вінаграднікі. Толькі шумяць дрэвы і травы, і чуваць пералівы званочкаў з далёкага пагорку, дзе пасвяцца каровы і авечкі. І малітва тут ціхая: гучных песень не заспяваеш, трэба берагчы дыханне і сілы, затое так добра ідзецца ў рытме Ружанца або Езусавай малітвы, і самі сабою пад перастук дарожных кійкоў узнікаюць у галаве псальмовыя радкі:

«Пане, Божа мой, Ты вельмі вялікі, Ты апрануўся ў веліч і красу,
Ты ахінуўся святлом быццам шатай. Ты ўмацаваў зямлю на яе асновах,
не пахіснецца яна ніколі... Ты крыніцы пасылаеш у даліны,
паміж гор цякуць яны. Над імі жывуць птушкі нябесныя,
і сярод лісця спяваюць... Незлічоныя, Пане, Твае справы, усё Ты мудра стварыў...»
Раптам аказваешся сам-насам са сваімі думкамі і дзівішся ім і таму,
як шмат Бог уклаў у цябе.

Тут вучышся нікуды не спяшацца, уважліва прыслухоўвацца, вывучаць сябе, бачыць навакольнае, дапамагаць іншым і прымаць дапамогу, давяраць Богу і ў штодзённых рашэннях слухаць Ягоны голас, у тым ліку і праз людзей, якіх Ён ставіць на тваім шляху.

Навошта вывучаць сябе? А ці мы сапраўды сябе ведаем? Пад маскаю таго, кім мы нібыта з’яўляемся — прафесійна, сацыяльна, інтэлектуальна, і г.д., — ці можам мы насамрэч убачыць сябе саміх, непаўторных Божых стварэнняў? Да чаго мы імкнемся, у чым нашае пакліканне, які наш шлях да святасці? Многія ідуць на Каміно менавіта за гэтым, нават не з’яўляючыся хрысціянамі. Яны так і гавораць: «Я іду, каб знайсці адказы на свае пытанні». І сапраўды знаходзяць.

Тут вучышся лёгка аддаваць і з удзячнасцю і разважлівасцю браць. Кожны, хто хоць раз хадзіў у далёкія вандроўкі, ведае: кожныя 100 грамаў за спінаю ператвараюцца ў кілаграм. Лішні груз трэба скінуць, з ім далёка не пройдзеш. Адно з першых правілаў Каміно: нічога лішняга. Усё, што спатрэбіцца на шляху, ты атрымаеш. Гэта патрабуе даверу, сапраўднага дзіцячага даверу да Бога, асабліва ад нас, людзей, які прывыклі разлічваць толькі на сябе і ад усяго перастрахоўвацца. Пры кляштарах і альберге пілігрымы пакідаюць тое, што іх абцяжарвае: запасное адзенне, абутак, капелюшы, ежу, гігіенічныя сродкі. Калі боль у нагах або мазалі не даюць ісці далей, з табою тут жа падзеляцца лекамі, гаючаю маззю, бінтамі. Ты лёгка аддаеш тое, што не патрэбна табе, але цяпер неабходна бліжняму. Мы ўсе — пілігрымы, мы ўсе на адным шляху і нясем цяжар адно аднаго, мы ўсе адначасова даем і атрымліваем. Яшчэ адзін урок Каміно: лішні груз са спіны і лішні груз з душы. Пакінь ззаду тое, што табе замінае, і ідзі далей. Старажытны дэвіз і пажаданне на Шляху святога Якуба гучыць: «Ultreia et Suseia», «Далей і вышэй», ва ўсіх сэнсах.

Тут гавораць: Каміно раўняе каралёў і цесляроў. Па адным шляху ідуць побач дырэктар банка, афіцыянтка, прафесар, студэнт. Дарога змывае з цябе ўсё, і ты застаешся сам-насам з сабою, як ёсць.

Папраўдзе, не заўсёды гэта прыемна — адкрыць пра сябе праўду,
убачыць: вось,  я такі, і вось гэтае, хібнае, за што сорамна,
што хочацца схаваць і нікому ніколі не паказваць, ува мне, на жаль, ёсць.

Але грэх, духоўную хваробу, трэба лячыць, а не хаваць, і адкрыць і прызнаць у сабе яго прысутнасць — першы крок да выздараўлення. На Каміно слабасці выяўляюцца і выпрабоўваюцца, і ўрок паўтараецца столькі разоў, колькі гэта патрэбна. Але і тое добрае, што ёсць у табе і ў іншых людзях, пачынае ззяць ярчэй, з’яўляюцца новыя сілы, абуджаюцца новыя здольнасці.

Мы ж — не толькі духоўныя, але і цялесныя істоты, а таму шлях вучыць слухаць сябе і ў гэтым таксама. Не заўсёды гэта добра — рабіць нешта як мага хутчэй. Ultreia et Suseia, далей і вышэй, толькі не хутчэй. Тут няма куды спяшацца, мэта не толькі ў тым, каб дайсці, але каб прайсці шлях, адчуць яго ўсімі клеткамі цела, усімі куткамі душы, пражыць, прапусціць яго праз сябе. Сёння не паслухаеш сябе, паспадзяешся на свае сілы і «гераічнасць», пройдзеш адразу 50 кіламетраў — заўтра не ўстанеш на ногі. Крыжы і помнікі на шляху — не рэдкасць, на жаль, жыццёвыя сілы тут — гэта рэсурс, які трэба траціць з розумам і з душою. Каміно — не месца для пустых подзвігаў, шлях і так дае дастаткова выпрабаванняў. Але тут часам надзвычай востра адчуваеш, што ідзеш не сваімі сіламі, а тымі, якія даюцца звыш. Як людзі без спецыяльнай падрыхтоўкі вытрымліваюць такія сур’ёзныя нагрузкі, немагчыма зразумець. Ідзеш, і даволі добра ідзецца, а ў галаве паніка: «Як? Як я іду? У мяне ж збітыя ўшчэнт ногі, 10 кілаграмаў за плячыма, тут камяністыя вузкія сцежкі, бясконцыя пад’ёмы і спускі... З раніцы пройдзена ўжо 20 кіламетраў, а ў прывычным жыцці нагрузкі не больш, як роўная дарога з метро і да метро, калі добрае надвор’е і нецяжкая сумка». І разважаеш: «Ну што ж, іду, пакуль ідзецца, галоўнае не думаць, як і чаму» — нібы Пётр, ступіўшы на ваду, ідзі і не сумнявайся.

Можна сказаць: не ўсе так думаюць, не ўсе так адчуваюць, ёсць людзі, для якіх Каміно — вельмі цікавы турыстычны маршрут і нічога больш. Genius loci — я ўпэўненая, што няма тых, хто не адчуе яго на Шляху святога Якуба, каго не кране дух гэтых мясцінаў. Столькі людзей прайшлі тут са сваімі малітвамі, просьбамі, пошукамі і перажываннямі, што сама зямля ўвабрала ўсё гэта ў сябе.

Ні для каго Шлях не стане проста адной з турыстычных трасаў,
нават калі людзі самі не гатовыя сабе ў гэтым прызнацца.
Гэта немагчыма гэтак жа, як немагчыма зайсці ў ваду паплаваць
і зусім не намокнуць.

Жанчына, якую мы сустрэлі ў адным з альберге амаль на самым пачатку ўласнага Каміно, кіламетраў за 200 да Санцьяга, скрушылася і абуралася, што праз 100 кіламетраў пачнецца масавы турызм і камерцыя: вельмі шмат людзей ідуць за сертыфікатам пілігрыма, кампастэлай, апошнюю сотню (гэта мінімум для таго, каб яе атрымаць), тут нашмат лягчэйшыя дарогі, шмат магчымасцяў камфортнага начлегу, праз кожныя некалькі кіламетраў бары і кавярні, сувенірныя крамы, масаж для пілігрымаў, шумна і тлумна, ездзяць туды-сюды таксоўкі, перавозячы заплечнікі і валізы, і «таксігрымаў», якія пераязджаюць з прыпынку да прыпынку, толькі ставячы штампы ў пілігрымскія пашпарты і фатаграфуючыся па дарозе на фоне горных краявідаў і старажытных капліцаў.

Я ў нечым яе разумею: былі і крамы, і таксоўкі, якія курсіравалі паміж альберге, і шумныя «экскурсанты», і акцыі «тры магніты з ракушкай — сімвалам Каміно — па кошце двух». Спачатку гэта сапраўды крыху раздражняе. Але сярод гэтага тлуму пачынаеш заўважаць сапраўднае, ужо прызвычаіўшыся прыглядацца да таго, што адбываецца на Каміно. Навокал нязменная чароўнасць гораў, лясоў, старажытных мястэчкаў, крыніцы з чысцюткаю вадою, зычлівае «Buen camino!» мясцовых жыхароў; вось неімаверна прыгожая бабулю за семдзесят крочыць улегцы, з адным кійком, і мружыцца ад шчасця; вось дзяўчына з абматанаю эластычным бінтам нагою голасна радуецца, што змагла адправіць заплечнік наперад і ўсё ж дайсці на сваіх нагах да Санцьяга; вось сямігадовы хлопчык з шырока расплюшчанымі вачыма ад значнасці таго, што яму давялося перажыць за гэтыя сто кіламетраў; вось ідзе пажылая пара, трымаючыся за рукі, як у мядовы месяц. Усё гэта сапраўднае. Невядома, па якіх шляхах Бог прыходзіць да чалавека, дзе сустракае яго. Тое, што пачалося, як турыстычная прагулка, можа завяршыцца, як сапраўдная пілігрымка.

На гэтай думцы я і спынюся.
Далей, у нашых нататках, будзе прамаўляць сам шлях.
Ну, мы пайшлі! З Богам!


Юлія Шэдзько
Працяг будзе

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней