Выйсці вялікімі пілігрымкамі ў Будслаў сёлета не было магчымасці, але некаторыя не разгубіліся і пайшлі маленькай групай. Каля 10 чалавек сабраліся разам і выйшлі з Івянца. Пасля пяці дзён шляху яны ўжо дзесьці падышлі да Будслава, да Матулі. Але пакуль пілігрымы былі за некалькі кіламетраў да мэты, яны падзяліліся сваім досведам шляху ў маленькай групе.
Іра, г. Маладзечна
Пайшла я не з прычыны нейкіх важных інтэнцый, хоць яны, безумоўна, ёсць. Мне проста хацелася адпачыць ад горада, правесці час з Богам. Гэта не першы мой досвед, калі я іду асобна, мне вельмі падабаецца такі фармат. Хіба я ўжо ніколі не пайду ў арганізаваную маштабную пілігрымку, бо для мяне гэты наш фармат найлепшы. На сэрцы спакойна, ніякай эйфарыі няма, проста — добра. Удзячная Богу, што гэта ўсё адбылося.
Рома, г.п. Здзітава
Я не мог не пайсці ў пілігрымку, для мяне гэта вельмі важна, як частка майго жыцця. Я шукаў магчымасцяў пайсці сёлета ў пілігрымку, але не знайшоў. Магчымасць знайшла мяне сама. Наша пілігрымка – гэта чарговы Божы цуд. Звычайна ідзеш – і ўсё па плане, цябе кормяць, пояць, укладваюць спаць. Тут зусім не так. Тут мы нешта спланавалі, а штосьці рабілі ўсляпую, некаторых месцаў мы наогул не ведалі, што будзем там ісці. І ў гэтых нашых слабасцях, у тым, што мы не можам самі зрабіць, дзейнічаў Бог. На шляху трапляліся цудоўныя Божыя людзі, якія нам дапамагалі з начлегам, з ежаю. Проста людзі добрай душы, праз якіх Бог паказваў сваю любоў.
Аня, г. Гомель
Рашэнне ўпершыню пайсці ў пілігрымку мне далося дастаткова лёгка. Напэўна, таму што ў мяне ёсць вельмі добры і светлы прыклад – гэта мая любімая сяброўка Іра. Увогуле мне вельмі падабаецца і вельмі зразумелая ідэя пілігрымкі, я гэта ўсё вельмі паважаю, яно мне блізкае, нягледзячы на тое, што я не каталічка. Такая дарога мне была неабходная, каб адказаць на цяжкія жыццёвыя пытанні наконт працы і адносінаў з іншымі людзьмі.
Літаральна ўсё: дарога, людзі побач, тыя, хто сустракаўся нам – захапляла і кранала ўсе струны маёй душы. Я ўдзячная, што мяне вельмі цёпла прынялі, не глядзелі як на «не сваю», і я спакойна ішла ўсю дарогу. А сённяшняя выніковая дарога ў апошні дзень нашай пілігрымкі, вельмі адрозніваецца эмацыйна ад іншых дзён, бо яна ўся пранізана спакоем, цішынёю, засяроджанасцю. Гэты шлях дапамог мне і я набралася ўпэўненасці, сілаў, фізічных і маральных, каб крочыць далей у жыццё, больш прыслухоўваючыся да сябе. Усім дзякуй, што я тут аказалася!
Ліля, г. Пінск
Гэта мая 13-я пілігрымка і я не ўяўляю сабе ніводнага лета без яе! Калі даведалася, што сёлета ўсё адмяняецца, я не засмуцілася, бо была ўпэўнена, што буду там, толькі не ведала, як. Я пачала адразу маліцца да Маці Божай, каб Яна благаславіла на пілігрымку. І атрымалася ўсё неверагодна! Нашая пілігрымка была напоўнена Божаю ласкаю. Напрыклад, мы планавалі ідучы праз вёскі, заходзіць у крамы і набываць ежу, у тым ліку на вечар, і несці ўсё гэта ў заплечніку з рэчамі. Але наш сябар Юра стаў пад’язджаць тры дні і падвозіць нашыя рэчы, а вечарамі прывозіў згатаваную вячэру, так што нам і не прыходзілася пра гэта думаць. Аднойчы нам выпала начаваць у вельмі нязручным месцы для намётаў. І тут выходзіць жанчына з хаты, пытаецца, ці мы пілігрымы, прапанавала хоць гарбатай нас напаіць, а ў выніку, як толькі мы зайшлі, пайшоў моцны дождж, і жанчына нас паклала ў сваёй невялікай хатцы, а яшчэ і накарміла! І вось кожны дзень нам Бог такія цуды рабіў. Нават у Даўгінаве мы не ведалі, дзе начаваць, але Бог паслаў жанчыну — дырэктара музычнай школы, і яна проста нас пусціла там пераначаваць, гэта было неверагодна…
Вядома, такая пілігрымка адрозніваецца ад звычайнай вельмі моцна. У гэтай пілігрымцы я больш адчуваю прысутнасць Бога: у кожным кроку, у кожнай хвіліне, у людзях, якія ідуць побач са мною, у шматлікіх цудах і благаслаўленнях. І малітоўна мы адзін аднаго падтрымлівалі, дапамагалі. Бог стаў арганізатарам нашай пілігрымкі.
І вось цяпер мы падыходзім у Будслаў, настрой трапяткі… Таму што ты хутка ўжо ўбачыш Матулю, да якой крочыш і нясеш свае інтэнцыі. Хочацца ісці ўсё хутчэй, але з іншага боку не хочацца пакідаць «сям’ю», якая стварылася ў пілігрымцы. Але ж патрэбна будзе вяртацца ў свае жыццёвыя рэаліі, куды хачу прынесці плён пілігрымкі — радасць, пакору і любоў.
Аляксандра, г. Мінск
Вельмі хацелася ў пілігрымку… Я нават пераглядала мінулагоднія відэа. Шмат думак і нявырашаных пытанняў было на сэрцы, і я ведала, што не змагу з імі справіцца, седзячы на канапе, бо амаль 2 месяцы адпачываю, не працую, таму вельмі цяжка знаходзіцца ў бяздзейнасці. Мне патрэбна было наноў адрадзіцца, бо нешта трымала, не давала сапраўднай свабоды. І вырашальным момантам у пілігрымцы была споведзь, якая стала магчымаю, бо мы сустрэлі ў дарозе святароў. Бог нагадаў мне, што я любімая Яго дачка, што Яго хвалююць мае перажыванні. Тое, што я дзесьці згубіла, цяпер знайшла.
У малой групе ішлося вельмі добра. Гэта час, калі можна быць сабою, больш маліцца, пабыць у самоце, можна больш слухаць адзін аднаго, бо ў дарозе ўлічваліся меркаванні людзей, прапановы. Ужо нават з’явілася ідэя пракласці такія маршруты, каб можна было ў самоце ісці ў пілігрымку і перажыць гэты цікавы дсвед. Таму раю іншым знайсці сябе ў такіх малых групах!
Падрыхтавала Вольга Адамовіч і Гелена Грамыка
Фота: Вольга Куваева, Гелена Грамыка, Аляксей Заічанка