Сведчыць жыццём. Пра жанчыну, вера якой была і застаецца жывою, апостальскаю

Часта можна пачуць, што верыць у Бога і практыкаваць веру старому чалавеку лягчэй, чым маладому. Маўляў, у пажылых людзей менш спакусаў, больш вольнага часу, дый пра душу самая пара думаць. На гэтыя аргументы хочацца сказаць: але ж сённяшнія пажылыя былі некалі таксама маладымі і менавіта з маладосці, і нават з дзяцінства практыкавалі сваю веру. І заслуга іх, магчыма, яшчэ большая, чым цяперашняй моладзі, бо ў атэістычны савецкі час вызнанне веры нярэдка патрабавала гераізму. Пра жанчыну, вера якой была і застаецца жывою, апостальскаю, і якая дапамагае многім людзям прыйсці да Хрыста, мне хочацца сёння расказаць.


Валянціна Казіміраўна Валадзько жыве ў Смаргоні і, як сама гаворыць, мае 11 дзяцей — сына, дзвюх дачок, нявестку, двух зяцёў і пяцёра ўнукаў. Вельмі здзіўляе і радуе тое, што ўсе яны практыкуючыя католікі. Муж малодшай дачкі Наталлі Валерый вырас, напрыклад, у праваслаўнай сям’і, але пасля шлюбу стаў актыўным католікам. Часта дзякуе маме (ён так называе цешчу) за тое, што тая дапамагла яму прыйсці да Бога. Вельмі паважае і любіць сваю свякроўку Тэрэза, жонка сына Івана, якая таксама называе Валянціну Казіміраўну мамай. Такія ж роднасныя адносіны ў цешчы і з зяцем Васілём, мужам дачкі Ірыны. За ўсё жыццё ні з кім з іх не было ніякіх спрэчак. Прыклад адносінаў — зяць — цешча, нявестка — свякроў у гэтай сям’і цалкам разбураюць тыя негатыўныя стэрэатыпы, пра якія складзена шмат анекдотаў і злых жартаў. Безумоўна, у многім тут заслуга Валянціны Казіміраўны, якая па прафесіі і па прызванні сэрца з’яўляецца педагогам. Усё сваё жыццё яна працавала настаўніцай малодшых класаў, а таксама выхавальніцай у дзіцячым садку.

Яна нарадзілася ў шматдзетнай каталіцкай сям’і Савіцкіх, дзе прыходзілася нямала працаваць, таму сядзенне за кніжкаю расцэньвалася нярэдка як раскоша. Аднак тата, святой памяці Казімір, стараўся Валю абараніць, кажучы: «Ідзі, дачушка, вучыся». Калісьці менавіта бацька прывёз з касцёла, як сам тады сказаў, важную кнігу — Катэхізіс, каб дачка падрыхтавалася да першай споведзі і святой Камуніі. Потым на кані павёз яе ў жупранскі касцёл за 12 кіламетраў ад вёскі Наздрачуны, дзе жыла сям’я.

Пасля заканчэння васьмігодкі Валянціна паступіла ў Ашмянскае педвучылішча. У пакоі інтэрната іх жыло тады сямёра дзяўчат. Нягледзячы на атэістычную прапаганду, Валянціна з сяброўкай Ленаю вырашылі аднойчы пайсці ў нядзелю ў касцёл у Жупраны. Аднак родная сястра Лены, якая называла сябе атэісткай, сказала тады: «Толькі паспрабуйце, я ўсё раскажу дырэктару». Дзяўчаты яе прысаромілі, а самі ўсё ж пайшлі ў святыню. У душы Валянціна мела вялікае спачуванне да гэтай так званай атэісткі, таму старалася з ёю сябраваць, каб словам і справамі сведчыць пра Бога. Тая дзяўчына, як і Валянціна, стала настаўніцай. Перыядычна яны сустракаліся, і аднойчы на чарговае сведчанне Валянціны пра Бога тая жанчына, якая была ўжо завучам школы, сказала: «Вер сабе, я табе не забараняю. Я ж не веру, бо нідзе не сустрэла доказу таго, што Бог існуе».

І толькі незадоўга да сваёй смерці, цяжка хворая, яна прызналася, што нарэшце ўпэўнілася: Бог сапраўды ёсць. Падзякавала Валянціне за тое, што яна заўсёды пра гэта сведчыла.

Прыкладаў такога навяртання людзей, якія сустракаюцца ў жыцці нашай гераіні, шмат. Вось яшчэ некалькі з іх.

Гэта было ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Над кватэрай Валянціны Казіміраўны жыў мужчына па імені Альбін. Пасля таго як пахаваў жонку, стаў хутка співацца. Аднойчы, увесь аббіты і змучаны, папрасіў суседку Валянціну, каб тая прывяла да яго ксяндза. Расказаў, што не можа спаць, бо злыя духі яго мучаюць і хочуць знішчыць. Валянціна Казіміраўна звярнулася да ксяндза Генрыха Куляшэвіча, які ў той час быў пробашчам касцёла св. Міхала Арханёла ў Смаргоні. Святар прыйшоў, паспавядаў Альбіна, удзяліў яму святую Камунію і асвяціў кватэру. Даў таксама мужчыну наказ кожную нядзелю быць у касцёле, а суседку папрасіў, па магчымасці, апекавацца ім. На жаль, Альбін не пайшоў у касцёл, а Валянціне, якая яму пра гэта нагадвала, гаварыў, што дрэнна сябе адчувае. Прызнаўся, што злы дух, які не даваў яму спакою, сціх. Аднак пасля таго як Альбін зноў пачаў піць, усё паўтарылася з большай сілаю: страшны грукат і крыкі над столлю сваёй кватэры чула і Валянціна Казіміраўна. Не раз хадзіла да суседа з асвечанай вадой, крыжам і ружанцам, каб разам памаліцца. Аднойчы Альбін расказаў, што злы дух змушае яго да самагубства. Прызнаўся, што спроба павесіцца ў яго ўжо была, але як толькі ён усунуў галаву ў пятлю, нехто нябачны моцна ўдарыў яго і думкі пра смерць адразу ж зніклі, аднак пасля гэтага ў кватэры пачаўся шатанскі вэрхал. «Валя, я мусіць ім здамся, — сказаў аднойчы з болем у голасе Альбін. — Ты не ўяўляеш, які ціск злога ідзе на маю галаву і на сэрца, — я не маю сілы трываць…». Суседка, як магла, прасіла яго не ўпадабляцца здрайцу Юду і пачала маліцца з ім Ружанец. Малілася сама за яго, просячы міласэрнага Бога, каб гэта душа не загінула праз самагубства. Неўзабаве крыкі і грукат у кватэры Альбіна сціхлі. Сваёй суседцы сказаў, што яму дапамагла Маці Божая, да якой ён пачаў маліцца. Хутка пасля гэтага Альбін памёр сваёю смерцю. Ён ляжаў на матрацы проста на падлозе, а ва ўзгалоўі стаяла вялікая ікона Маці Божай, а з боку — абраз Сэрца Езуса, партрэты жонкі і ўнука.

Нядаўна Валянціна Казіміраўна пахавала сваю прыяцельку Марыю, якая жыла ў суседнім пад’ездзе. Ёй было без малога 90 гадоў. У маладосці жанчына за мяшок пшаніцы сядзела ў турме, потым цяжка працавала ў Казахстане на цаліне. Жывучы ўжо тут у Смаргоні, у касцёл не хадзіла, а на ўсе ўгаворванні суседкі адказвала, што не мае даверу да святароў, дый на Бога ёсць крыўда. Кожны год, калі святар па Калядзе наведваў сем’і, Валянціна Казіміраўна старалася запрасіць ксяндза Здзіслава да сваёй суседкі. Калі тая ляжала ў бальніцы, зноў жа прыводзіла да яе святара. Аднойчы ў бальніцы Марыя перажыла нешта неверагоднае, накшталт забыцця. Жанчына ўбачыла, як страшныя рагатыя істоты бегаюць за людзьмі і хапаюць іх. Яна вельмі спужалася, што і яе схопяць, аднак раптам з’явілася ікона Езуса Хрыста, на якой Збавіцель быў жывы. Ён нічога не гаварыў, а толькі пяшчотна глядзеў на яе. Пасля гэтага здарэння Марыя выбралася ў касцёл, але рэгулярна туды не хадзіла. Незадоўга да сваёй смерці яна зламала нагу. Валянціна Казіміраўна зноў прывяла да яе ксяндза Здзіслава, якога Марыя вельмі паважала. Жанчына атрымала ўсе патрэбныя сакрамэнты і хутка адышла ў вечнасць. Калі ёй было дрэнна, дачка Люба паклікала Валянціну Казіміраўну і жанчыны маліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці і Ружанец. Марыя сканала ў гэты час з грамнічнай свечкаю ў руцэ.

…Вельмі нялёгкім крыжам стала для Валянціны Казіміраўны яе сужэнства. Муж Іван пайшоў з сям’і, калі яна ў свае 37 гадоў зацяжарыла трэцім дзіцем. Ён угаворваў не нараджаць, сварыўся, п’янстваваў і нарэшце сышоў. У яго потым былі іншыя жанчыны, а Валянціна жыла ў вернасці і чысціні, таму што Бог у жыцці гэтай жанчыны быў на першым месцы, а здраджваць Богу яна не магла і не хацела. Адна выгадавала добрых дзяцей, якія атрымалі прыстойную адукацыя, галоўная з якіх — вера ў Бога.

Хочацца ўзгадаць яшчэ пра адзін факт з жыцця гэтай мудрай жанчыны, які добра яе характарызуе. Валянціна Казіміраўна ўсё жыццё сябравала з роднаю сястрою мужа Янінай, а Іван, наадварот, не ладзіў з ёю. Не так даўно Яніна захварэла на анкалогію. Валянціна прыклала шмат намаганняў, каб Іван паехаў да сястры. Не адразу, але мужчына усё ж паслухаўся і паспеў прымірыцца з сястрою перад яе смерцю.

У Смаргоні шмат людзей, якія вельмі ўдзячныя сваёй выхавальніцы Валянціне Казіміраўне за тое, што яшчэ ў дзіцячым садку яна навучыла іх асноўным малітвам і сведчыла пра веру ў жывога Бога, які заўсёды побач, які ўсё бачыць і вельмі моцна ўсіх любіць. Сярод гэтых людзей — Сяргей Кікіліч, сакрыстыянін і міністрант касцёла св. Яна Паўла ў Смаргоні (наш часопіс у нумары № 6-8 за 2020 г. расказваў пра гэтага чалавека).

Валянціна Казіміраўна дзякуе Пану Богу за тое, што Ён жыве ў яе сэрцы ўсе яе 82 гады і адорвае неабходнымі ласкамі.

Просіць і надалей не пакідаць яе сэрца, бо добра ведае Божыя словы: «Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць» (Ян 15, 5).


Галіна Калевіч

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней