Чарнобыль без міфаў

26 красавіка 1986 года падзяліла жыццё людзей на дзве часткі: «да Чарнобыля» і «пасля Чарнобыля».

Няма сёння чалавека ў свеце, які б не ведаў ці хоць бы не чуў слова «Чарнобыль». Але ў розных людзей яно выклікае і розныя асацыяцыі. У адных — непрыхаванае раўнадушша: якая мне справа да ўсяго гэтага, калі і сваіх праблем хапае. У другіх — спачуванне да людзей, якіх захапіла сваім крылом бяда, і разам з тым патаемна-радаснае: дзякуй Богу, што нас абмінула. У трэціх жучком-тачыльшчыкам жыве ў сэрцы трывога за родных і блізкіх людзей, якія хоць нейкі час былі ТАМ.

Ёсць і чацвёртая — тысячы, дзясяткі тысяч людзей, для каго Чарнобыль супраць волі і жадання стаў часцінкай лёсу, да якіх, бы нябачнае кляймо, на ўсё жыццё прыпячаталася азначэнне «чарнобылец». Я — адна з такіх дзясяткаў тысяч. Мой асабісты лёс нічым асаблівым не вызначаецца. Але ў гэтай звыкласці, неадметнасці, падобнасці лёсаў, можа, і хаваецца галоўная трагедыя Чарнобыля?

Чарнобыль, невялікі старажытны гарадок на поўначы Украіны, які вядзе сваё летазлічэнне ажно з ХІІ стагоддзя, са сваім адметным абліччам, гісторыяй, традыцыямі, у 1986 годзе стаў ужо не столькі горадам, колькі сімвалам, які азначае для кагосьці — найвялікшую ў гісторыі чалавецтва тэхнагенную катастрофу, для кагосьці — злачынства тагачаснага кіраўніцтва Савецкага Саюза супраць свайго народа, для кагосьці — гераізм людзей, якія практычна голымі рукамі абаранілі планету ад ядзернай катастрофы, для кагосьці — асабістую трагедыю ці паламаны лёс. 

Чарнобыль — звычайны жывы горад. Толькі закрыты — у яго можна трапіць па спецыяльным пропуску. Тут дзейнічае каля 20-ці арганізацый, пяць магазінаў і тры кавярні. Штодня выходзяць на працу каля чатырох тысяч чалавек. Працуюць хто вахтавым метадам, хто — з панядзелка па чацвер, а затым на выхадныя едзе дамоў. А 250 чалавек жывуць у Чарнобылі пастаянна — гэта мясцовыя жыхары, якія вярнуліся сюды пасля адсялення ў 1986 годзе: хто праз месяц ці два, а хто і праз гады...

На вуліцах з прыватнай забудовай ёсць дамы закінутыя, узятыя ў неадольны палон бур’янам і пустазеллем, а ёсць вельмі дагледжаныя, пафарбаваныя, чысценькія, з вясёлымі фіраначкамі на вокнах. І вельмі дзіўнымі шыльдамі: «Тут жыве гаспадар дома», бо тут, на жаль, шмат ахвочых да чужога дабра...

...У 1986 годзе ўсіх жыхароў 30-кіламетровай зоны вакол Чарнобыльскай АЭС адсялілі. Праз нейкі час многія з іх вярнуліся ў свае дамы. Такія ёсць у Чарнобылі, нямала іх па навакольных вёсках. Улады да так званых самасёлаў адносяцца з разуменнем. У вёскі, дзе яны пасяліліся, раз на тыдзень прыязджае з Чарнобыля аўталаўка і прывозіць людзям неабходныя тавары. <...>

Мы набліжаемся да Чарнобыльскай АЭС. Першае, што бачым, пад’язджаючы да станцыі, — стрэлы вежавых кранаў над нейкім грандыёзным збудаваннем. Што, тут яшчэ нешта будуецца?!

— Гэта ўзводзіліся пяты і шосты энергаблокі станцыі, — заўважыўшы наша здзіўленне, тлумачыць наш гід Дзяніс. — Тады, у 86-м. Краны так і стаяць тут з таго чорнага красавіка...

— Хоць будаўніцтва на станцыі і сапраўды вядзецца, — расказвае ён далей, — сёння асноўная задача — пабудаваць аб’ект «Укрыццё-2», які ў народзе называюць саркафагам. <...> А яшчэ адна з асноўных задач — пабудаваць сховішча для ядзернага паліва. Спачатку за гэтую справу ўзяліся французы, але памыліліся ў разліках і спынілі работу. Цяпер вось заняліся амерыканцы... Апошні рэактар Чарнобыльскай АЭС быў патушаны ў снежні 2008 года. 

...А потым мы ідзём да мемарыяла пажарным, якія тушылі агонь у тую ракавую ноч 26 красавіка 1986 года. На сцяне — лаканічны надпіс: «Жыццё дзеля жыцця». І трыццаць гранітных плітаў, трыццаць прозвішчаў, трыццаць датаў жыцця — імёны хлопцаў па дваццаць-трыццаць гадоў... Пасля аварыі яны пражылі лічаныя дні. Самыя трывалыя — тры тыдні. І памерлі ў страшэнных пакутах...


З «Чарнобыльскага сшытка» Ніны Рыбік
Фота Карнэлія Консэка
Паводле: час. «Дыялог», №4, 2011 г.

 

 

Цэтлікі: Успаміны

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней