Маральны ціск забабонаў: як абараніцца і пераадолець

Да нараджэння дзіцяці я нават не ўяўляла, наколькі моцна ў нашым народзе (на жаль, нават сярод католікаў) укаранёныя забабонныя і нават акультныя практыкі, звязаныя з гадаваннем дзіцяці. Немаўля часта прачынаецца ўночы з плачам — мне неадкладна раяць паехаць да бабкі «выбраць пярэпалахі»; дзіця ў нейкі дзень шмат капрызіла, было неспакойнае — мяне ледзь не ўгаворваюць выцерці яму тварык бялізнаю (маўляў, каб нейтралізаваць сурокі).


Падобных прыкладаў не злічыць. На мае катэгарычныя адгаворкі, на тлумачэнні грахоўнасці такіх практыкаў, на практычныя довады пра тое, што ў дзіцяці яшчэ нясталая нервовая сістэма, што цыклы сну ў яго адрозніваюцца ад цыклаў дарослага чалавека і для немаўляці натуральна прачынацца праз кожныя паўгадзіны, некаторыя са сваякоў ці сяброў недаверліва ківаюць галовамі і, здаецца, застаюцца пры сваім меркаванні. Часам даводзілася чуць, што людзі ў падобных выпадках нават шукаюць для свайго немаўляці экзарцыста… Безумоўна, я не адмаўляю, што злы дух таксама можа быць «замешаны» ў гэтых справах, але такія сітуацыі патрабуюць глыбокага распазнавання і здараюцца вельмі рэдка. Аднак жа спіхнуць «адказнасць» на злога духа — адзін з найпрасцейшых шляхоў…

Сапраўдны маштаб праблемы я ўсвядоміла ў дзень хросту свайго дзіцяці. Дома сабраліся самыя блізкія. Дзве мае сваячкі як згаварыўшыся з самага ранку пачалі націскаць на мяне: «Ну завяжы ты яму чырвоную нітачку на ручку. У касцёле ж столькі чужых будзе глядзець…». Я не на жарты знервавалася і амаль павышаным тонам стала папракаць сваячак у забабоннасці, на што пачула ў свой адрас абуральны ўздых: «Ну і моладзь у наш час… Ні ў што не верыць…». Далей — болей.

Яшчэ на парозе сустракаючы чарговых гасцей, я пачула з натоўпу: «Ты яму хоць нітачку чырвоную завязала? А то раптам мы сурочым…» У мяне амаль мову адняло ад такой «атакі», і я толькі змагла ціха прамямліць пад нос: «Мы такога не практыкуем».

Пасля гэтага я доўга ў душы разважала над тым, як павінна была сябе павесці з гэтымі дарагімі мне людзьмі, якіх вельмі моцна люблю і з якімі не хачу сварыцца. Але і такі маральны ціск таксама не хачу цярпець. Можа, гэта своеасаблівы шанец для евангелізацыі ў найбліжэйшым асяроддзі? Але ўсе мае самыя пераканальныя аргументы разбіваюцца ўшчэнт, а я толькі раздражняюся і застаюся нібы апустошанаю. Відавочна, забабоннасць нашага люду — гэта адна праблема. А тое, што людзі навязліва пнуцца са сваімі забабонамі ў тваё асабістае жыццё, — гэта другая праблема (аднойчы добрая знаёмая прызналася мне, што падкладвала даросламу сыну насуперак яго волі «загаворанае» печыва, каб у таго вырашыліся нейкія цяжкасці ў сям’і).

У сваіх разважаннях я прадумала для сябе на будучыню тры варыянты паводзінаў у падобных сітуацыях і прызнаюся, што гэтая методыка паціху пачынае спрацоўваць. Частку непаразуменняў увогуле можна прадухіліць, калі ўжо раз-другі наткнуўся на «граблі» забабонаў у адносінах з канкрэтнымі людзьмі: лепш наўмысна пазбягаць тых тэмаў, якія могуць выклікаць дыскусію, або на распытванні пра сон, ежу і гульні дзіцяці адказваць, што мы, маўляў, з усім добра спраўляемся, і «сынок спіць усю ноч так, як і павінен». Аднак вернемся да сітуацый, у якіх немагчыма пазбегнуць праблемнай тэмы (напрыклад, калі маладая сям’я жыве разам з бацькамі і тыя дапамагаюць у доглядзе за дзіцем) або калі сутыкненні ў размове здараюцца нечакана.

Першы метад варта прымяніць у тых выпадках, калі вы не можаце, не жадаеце тлумачыць сваю пазіцыю або не маеце на гэта часу і проста вымушаныя хутка даць адпор. Напрыклад, акрамя красамоўнага маўчання ў адказ на пытанне пра тое, ці завязалі вы дзіцяці чырвоную нітачку на запясце, можна адказаць: «Мы павесілі яму крыжык на сінім шнурочку на грудзі» (разумны чалавек здагадаецца, што вы супрацьпастаўляеце гэтыя дзеянні і не стане больш даймаць вас), або наіўным тонам прамовіць: «Ды не, яна не пасуе да нашай белай кашулькі» (што ў метафарычным сэнсе праўда). Можна таксама сказаць пра сектанцкі характар сімвала: «Мы ж не кабалісты».

Другі метад спрацуе толькі ў тым выпадку, калі суразмоўца не навязвае вам сваёй думкі, а проста дзеліцца назіраннямі, пры гэтым магчыма, што ён і сам шукае праўду. Менавіта ў гэтых сітуацыях разгорнутыя аргументы пра небяспеку нашэння чырвонай ніткі ўпадуць на спрыяльную глебу, бо тут вы не маеце справы з закасцянеласцю перакананняў: можна спакойна растлумачыць і паходжанне гэтага «аксесуара» з юдэйскай кабалісцкай традыцыі, і грахоўнасць яго нашэння ў кантэксце першай Божай запаведзі, і тое, што чырвоная нітка не толькі не выратуе ад уздзеяння зла, але і можа ўзмацніць яго.

Урэшце, трэці метад, самы няпросты, датычыць адносінаў з блізкімі людзьмі, бо нам самім хацелася б дапамагчы ім вырваць з душы гэтае маральнае пустазелле.

У мностве выпадкаў дыскусіі ні да чога не прыводзяць. Палохаць людзей тым, што за гэта яны будуць гарэць у пекле, ці тым, што чырвоная нітка прыцягне ў іх дом бяду, — таксама дрэннае выйсце, бо справа не толькі ў самім амулеце, а ў любові да Бога, якой не навучыш праз запалохванні.

Ці не лепш звярнуць фокус увагі на сябе? Напрыклад, падзяліцца досведам сваёй любові або свайго навяртання. Апошнім часам у залежнасці ад сітуацыі я спрабую, напрыклад, распавесці блізкаму чалавеку пра тое, што ў малітве аб нараджэнні гэтага дзіцяці я прайшла няпросты шлях ва ўзрошчванні ў душы даверу да Бога і кволых парасткаў любові да Яго, а ўжо пра тое, як Ён абараняў мяне ў самыя напружаныя хвіліны, можна распавядаць бясконца… І таму ў святле гэтай любові для мяне завязаць чырвоную нітку сыну на запясце — тое самае, што прыняць заручальны пярсцёнак ад чужога мужчыны, калі я ўжо даўно нашу прыгожы шлюбны пярсцёнак, падораны мужам… Шчыры аповед усё ж раскрывае сэрца суразмоўцы, а там ён няхай сам вырашае… Я буду рабіць сваю справу, а Бог няхай ужо робіць сваю, бо навяртанне — таксама цуд, і сваімі ўласнымі сіламі мы не здольныя нікога прывесці да Бога. Напэўна, падобныя размовы — кропелькі ў моры Божай любові, якую кожны чалавек спазнае ў свой час. Аднак калі яны размякчаць глебу для зерня цвярозых аргументаў, то значыць, варта прыняць на сябе гэты выклік…

Несумненна, дзейсных метадаў супрацьстаяння забабоннасці і паганству існуе нашмат больш. І ўніверсальны «рэцэпт» наўрад ці існуе, але з малітваю і даверам да Божай міласэрнасці ў падобных канфліктных сітуацыях часам удаецца знайсці нядрэннае выйсце. А можа, трэба дзейнічаць наогул радыкальна? Падзяліцеся сваім досведам.


Ганна Сяліцкая

 

Цэтлікі: Разважанні

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней