Гісторыя сяла Азёрнае, што ў Паўночным Казахстане, пачалася ў сталінскія часы, калі ў канцы 30-х гадоў у голыя казахскія стэпы былі сасланыя дзясяткі тысяч палякаў з Украіны. Сёння там жыве ўжо чацвёртае пакаленне тых сем’яў, але гэтага не адбылося б без цуду.
Першае лета ссылкі людзі жылі ў намётах, а да зімы паспелі выкапаць зямлянкі. Да 1954 г. кожны жыхар ссыльнага паселішча знаходзіўся на спецыяльным уліку у органах МУС і не меў права без пропуска пакідаць гэтае месца. Дэпартаваныя палякі літаральна паміралі з голаду і ад жудасных умоваў жыцця, але не адчайваліся і працягвалі маліцца аб цудзе. Маліцца забаранялася, таму па начах збіраліся ў зямлянцы і, заткнуўшы дзверы і вокны анучамі, каб не было чутна, маліліся.
У сакавіку 1941 г., калі снег і лёд у стэпах пачалі таяць, вада бурнымі ручаямі сцякала ў нізіну побач в вёскаю, і літаральна за месяц там узнікла возера дыяметрам прыкладна 6 кіламетраў, ды з такой колькасцю рыбы, што людзі лавілі яе рукамі. Кажуць, што лавіць рыбу сюды прыязджалі не толькі з суседніх сёлаў, але нават з ГУЛАГу, а хтосьці ўспамінаў, што супрацоўнікі НКУСа не дазвалялі людзям лавіць рыбу, вывозячы яе грузавікамі «на патрэбы фронту».
Усе, хто маліўся аб цудзе, убачылі ў з’яўленні возера інтэрвенцыю Панны Марыі, да якой яны звярталіся аб дапамозе. Цікава, што праз 15 гадоў возера раптам перасохла амаль адначасова з адменаю статусу «спецперасяленцаў» для палякаў, але потым яшчэ некалькі разоў напаўнялася і перасыхала ў цяжкія для рэгіёна часы. На месцы, дзе ўпершыню з’явілася вада, дзякуючы якой людзі ўратаваліся ад голаду і смерці, цяпер стаіць фігура Панны Марыі з рыбацкаю сеткаю ў руцэ, але дабрацца да яе немагчыма, бо катлавіна зноў запоўнена вадою — Азёрнае перажывае чарговы крызіс: і дэмаграфічны, і працоўны.
Недалёка ад возера цяпер узвышаецца санктуарый Маці Божай Каралевы Супакою, якую абвясцілі Апякункаю ўсяго Казахстана. Касцёл будавалі самі мясцовыя жыхары: днём працавалі, а вечарамі і ў суботы прыходзілі на будову. Сведкі расказ ваюць, што нават старшыня калгасу, які быў камуністам, але з каталіцкай сям’і, дапамагаў і з будаўнічымі матэрыяламі, і з працаю, а архітэктар святыні пасля яе ўзвядзення прымаў у ёй хрост.
У 2012 г. у святыні ўсталявалі алтар адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту «Зорка Казахстана». У супольнасці «Comunita Regina della Pace» («Каралева Супакою») некалькі гадоў таму з’явілася і пачала афармляцца ідэя ўсталявання па ўсім свеце 12-ці алтароў адарацыі (па колькасці зорак на кароне Багародзіцы), пры якіх вернікі маглі б няспынна маліцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам аб ласцы супакою. Алтар у Азёрным стаў адной з 12-ці «зорак» — і гэта невыпадкова, бо для ўсталявання алтароў супольнасць шукае месцы чалавечых цярпенняў, якіх Азёрнае перажыло шмат у часы сталінізму.
Калі хочаце больш падрабязна даведацца пра цуд у Азёрным, паглядзіце фільм «Озеро» (рэж. Наталля Кандудзіна, 2014 г.)
Цуд у Азёрным яшчэ раз даказвае, што сеткі, закінутыя на глыбіню веры нават у самых жахлівых умовах, у якіх і апынуліся польскія перасяленцы, ніколі не застануцца пустымі. Па веры нашай будзе дадзена нам, але будзе дадзена. Для малітвы аб супакоі ва ўсім свеце, і асабліва ў Беларусі, неабавязкова шу каць спецыяльных алтароў — пра гэта нагадвае і гісторыя жыхароў Азёрнага, якія маліліся аб цудзе ў зямлянках у пустым стэпе — і атрымалі.
Падрыхтавала Дар’я Ахламёнак
Паводле: pkzsk.info, catholicastana.com