Да 40-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Меджугор’і

Аб’яўленні ў Меджугор’і пачаліся 24 чэрвеня 1981 года. Каля 18:00 шасцёра маладых людзей — Іванка Іванковіч, Мірыяна Драгічэвіч, Віцка Іванковіч, Іван Драгічэвіч, Іван Іванковіч і Мілка Паўловіч — убачылі на ўзгорку Црніца, каля мястэчка Падбрдо, маладую Жанчыну з Дзіцем на руках, якая дала ім знак рукой наблізіцца. Здзіўленыя і спалоханыя, яны не падышлі да Яе. 


На наступны дзень, 25 чэрвеня 1981 г., у той самы час чатыры з іх — Іванка Іванковіч, Мірыяна Драгічэвіч, Віцка Іванковіч і Іван Драгічэвіч, адчулі моцную цягу да таго месца, дзе яны бачылі Жанчыну напярэдадні, у якой яны пазналі Маці Божую. Да іх далучыліся Марыя Паўловіч і Якаў Чола. Такім чынам сфарміравалася група візіянераў Ме джугор’я. У той дзень яны маліліся і размаўлялі з Маці Божай, вось чаму 25 чэрвеня адзначаецца гадавіна аб’яўленняў. Паводле сведчанняў візіянераў, з гэтага часу яны штодня бачылі аб’яўленні (разам альбо паасобку), дзе б яны ні знаходзіліся. Мілка Паўловіч і Іван Іванковіч больш ніколі не бачылі Маці Божую.

Кожны раз падчас аб’яўленняў Маці Божая перадае кароткія пасланні, заклікі прыняць збаўленне, дадзенае ў Хрысце, паглыбіць веру ў Бога і больш поўна яднацца з Езусам. Пасланні таксама закранаюць такія тэмы, як навяртанне, малітва (у прыватнасці, малітва на ружанцы), пост, пакаянне, заахвочванне да чытання Святога Пісання, вера, надзея, любоў Бога і чалавека (таксама адкрытасць на любоў Бога і Маці Божай), святыя сакрамэнты (асабліва Эўхарыстыя), споведзь, павага да святароў, правільная іерархія каштоўнасцяў, Мука Пана, Крыж Езуса, Яго пакуты, Яго раны, каштоўнасць сям’і, падзяка Богу, супакой, прабачэнне іншым і інш.

У кастрычніку 1985 года аб’яўленнямі ў Меджугор’і зацікавіўся амерыканскі журналіст і выдавец Уэйн Уэйбл. Будучы лютаранінам, ён вырашыў напісаць артыкул для сваіх чатырох штотыднёвых газет. Праглядаючы відэазапіс аб’яўленняў для падрыхтоўкі свайго артыкула, Уэйн сцвердзіў, што пачуў голас Маці Божай, і вось як ён апісвае гэта ў сваёй першай кнізе «Меджугор’е: пасланне».

На відэа спачатку доўга паказвалі гару за касцёлам святога Якуба, на вяршыні якой стаяў велізарны цэментны крыж. Пазней, пакуль гукавы трэк даносіў спевы з Імшы па-харвацку, камера прыпынілася на касцёле з вежамі-«блізнятамі» і натоўпе людзей перад ёю. Амерыканскі каталіцкі святар браў інтэрв’ю ў людзей з Францыі, Італіі, Германіі — адусюль. Там былі пары, сем’і і шмат падлеткаў, і ён пытаўся ў іх, чаму яны прыйшлі сюды і што тут знайшлі. Гэта працягвалася прыблізна пятнаццаць хвілін. Затым фокус перамясціўся на шасцёра маладых людзей, якія міжволі сталі візіянерамі і праваднікамі пасланняў з аб’яўлення. Інстынктыўна я пачаў рабіць нататкі: у кожнага была моцная, добра развітая індывідуальнасць і, здавалася, яны былі шчаслівымі і расслабленымі. Гэта былі прыгожыя дзеці, але цалкам звычайныя. Пакуль камера назірала за візіянерамі зблізку перад самым пачаткам аб’яўлення, уся мая журналісцкая аб’ектыўнасць знікла. Я адчуў, што я кручу галавой і зноў і зноў мармычу: «Гэта неверагодна!», але я адразу ў глыбіні сэрца адчуў, што гэта — рэальна. <…> Візіянеры пачалі маліцца. Раптам яны спыніліся на сярэдзіне словаў і ўпалі на калені. Віцка ўсміхалася і, відаць, размаўляла, але з руху яе вуснаў не даносілася ні гуку. Іван таксама вёў маўклівую размову, але вусны ў яго не сінхранізаваліся з вуснамі Віцкі. Марыя толькі глядзела ўгору, усміхаючыся ў знак пашаны. Усе яны глядзелі ў адно і тое ж месца, не звяртаючы ўвагі на натоўп, які ціснуўся вакол іх, альбо на ўспышкі ад камер, якія свяцілі ім у твары. Пакуль я зачаравана назіраў, у мяне раптам узнікла дзіўнае адчуванне: хтосьці гаварыў са мною! Гэта быў не той голас, які можна пачуць, але такі, які, здавалася, быў ува мне. Неверагодна, але я аднекуль ведаў, што гэта была Панна Марыя. Я адчуў здранцвенне ва ўсім сваім целе. Мне здалося, што ўсё ў пакоі знікае, пакуль не застаўся толькі я і тое, што адбывалася на тэлеэкране, і голас унутры са сваім пасланнем: «Ты Мой сын, і Я прашу цябе выканаць волю Майго Сына...» Не маючы магчымасці дыхаць, я змог зірнуць на Тэры [жонка Уэйна]: яна таксама гэта чула? Яна сачыла за экранам, зацікаўлена, але расслаблена.

Я зразумеў, што гэта адбываецца толькі са мной. Маё сэрца калацілася; я думаў, што страчу прытомнасць. Пасланне працягвалася: «Напішы пра падзеі ў Меджугор’і; гэта стане місіяй твайго жыцця, калі ты вырашыш прыняць яе. Ты больш не будзеш мець цяперашняй працы».

Рэшта відэа прайшла, як у тумане. Калі яно скончылася, мы проста сядзелі і глядзелі адно на аднаго. Ці павінен я сказаць Тэры, што здарылася? Ці паверыць яна мне?

— Ну, гэта, вядома, было цікава — лепш, чым кніга, — сказала яна ўрэшце. — Самае смешнае, што мне не цяжка паверыць у гэта.

Усё, што я мог зрабіць, — гэта тупа кіўнуць. Яна паглядзела на мяне, чакаючы рэакцыі. Пазней, заўважыўшы дзіўны выраз майго твару, яна спытала:

— Што з табой?

— Тэры, я ведаю, гэта прагучыць па-вар’яцку, але — Яна проста са мной размаўляла...

— Хто?

— Дзева Марыя. Яна проста размаўляла са мной. Яна просіць мяне распаўсюдзіць гэтае пасланне...

У мяне скончыліся словы. Нейкае імгненне яна запытальна глядзела на мяне.

— Ці не здаецца табе, што ты занадта востра рэагуеш на гэта?

— Тэры, я кажу табе, гэта здарылася!

Я не мог папракнуць яе за тое, што яна сумняваецца, але ўсё роўна расчараваўся, што яна мне не паверыла.

— Я не ведаю, як і чаму, але кажу табе: гэта сапраўды адбылося!

Яна ўсміхнулася і паспрабавала спакойна прапанаваць:

— Ну, чаму б табе не вы піць пару таблетак аспірына і не пайсці спаць; раніцай усё будзе добра.

— Ідзі першая, — сказаў я, ківаючы галавой. — Я ўсё роўна не змагу заснуць.

Яна ўстала, падышла і прыабняла мяне. Цяпер яна зразумела, што, было гэта ці не, але стужка мяне моцна ўразіла.

— Не хвалюйся пра гэта. Калі гэта рэальна, ты хутка гэта даведаешся. Я кладуся спаць; проста прыходзь, калі захочаш.

Доўгі час я проста сядзеў і глядзеў на пусты экран тэлевізара, зноў і зноў разважаючы пра тое, што здарылася. Затым, глыбока ўдыхнуўшы, я вырашыў разабрацца з усёй гэтай справай. Нішто за ўвесь мой досвед не падрыхтавала мяне да гэтага. Былі толькі два варыянты: альбо я звар’яцеў, альбо толькі што атрымаў пасланне ад Бога праз Дзеву Марыю. Езус Хрыстус раптам стаў рэальным — сапраўдным Езусам з плоці і крыві. Жывы, тады і цяпер. І Яго Маці, якая аб’яўлялася гэтым маладым людзям у Меджугор’і... толькі што са мной размаўляла.

Калі гэта рэчаіснасць мяне раптам напаткала, я ўпаў на калені і пачаў маліцца, як ніколі ў жыцці не маліўся.

 

З таго часу Уэйн напісаў пра аб’яўленні Маці Божай у Меджугор’і дванаццаць кніг, якія сталі міжнароднымі бестселерамі. Уэйн сказаў, што кнігі напісаў не ён: Дух Святы натхніў яго кнігі, каб прыцягнуць тысячы людзей у Меджугор’е, да Маці Божай, а значыць да Езуса і Яго Касцёла. Уэйн правёў большую частку свайго прафесійнага часу, пішучы і чытаючы лекцыі пра аб’яўленні ў Меджугор’і, падарожнічаючы па ўсім свеце па такіх краінах, як Расія, Беларусь, Украіна, Філіпіны, Ліван, Кітай, Аўстралія, Вялікабрытанія, Паўднёвая Амерыка і большая частка Цэнтральнай Амерыкі. Уэйн таксама выступаў у тысячах касцёлаў і праводзіў канферэнцыі ў кожным штаце ЗША. Ён выступаў у шматлікіх нацыянальных, рэгіянальных і мясцовых тэлевізійных і радыёпраграмах, у тым ліку тэлешоў EWTN «Маці Анжэліка» і шоў Опры Уінфры. Уэйн больш за 130 разоў ездзіў у Меджугор’е, узначальваючы некалькі паломніцкіх груп штогод. Ён асабіста быў знаёмы з усімі візіянерамі. У 1991 г. ён перайшоў у Рыма-каталіцкі Касцёл, аднак ён заўсёды падкрэсліваў: «Пасланне Дзевы Марыі ў Меджугор’і прызначана ўсім веравызнанням, а не толькі католікам ці хрысціянам». Тройчы, напачатку 1990-х і ў 1998 годзе, Уэйн наведаў Беларусь і нашу рэдакцыю. Усмешлівы, адкрыты, прыязны, ён назаўсёды застаўся ў нашых сэрцах.

Уэйн Уэйбл памёр 21 красавіка 2018 года пасля трохмесячнай хваробы. Па ім вельмі сумуюць сям’я і тысячы людзей, якія абавязаны сваёй адноўленай верай сказанаму ім «так» Маці Божай…

Аб’яўленні Маці Божай у Меджугор’і працягваюцца і цяпер, але афіцыйна яны яшчэ не зацверджаны Касцёлам. Аднак з 2019 г. з дазволу Папы можна арганізоўваць афіцыйныя дыяцэзіяльныя і парафіяльныя пілігрымкі ў Меджугор’е.

Апостальскі візітатар у Меджугор’і арцыбіскуп Генрык Хосэр падчас кангрэсу ў Германіі ў студзені гэтага года, прысвечанаму 40-годдзю аб’яўленняў у Меджугор’і, сказаў: «Найсвяцейшая Панна заклікае нас да навяртання, да фундаментальнага выбару паміж Богам і тым, што супярэчыць Богу, гэта значыць сіламі цемры. Гэты заклік скіраваны да ўсіх людзей свету. Усе пакліканы будаваць мір на гэтай зямлі, каб зрабіць яе прыдатнай для жыцця. У многіх традыцыйна хрысціянскіх краінах адбываецца масавая дэхрысціянізацыя, маўклівае адступніцтва ад веры, таму ёсць неабходнасць у новай евангелізацыі Еўропы, Паўночнай Амерыкі і ўсёй атлантычнай цывілізацыі. <…> Адчуванне sacrum і малітва былі страчаныя, а аб’яўленні ў Меджугор’і прапануюць нам, я б сказаў, класічныя спосабы, перш за ўсё розныя віды малітвы, індывідуальную і калектыўную малітву, маўчанне...»


Падрыхтавала Эльвіра Палінеўская
Паводле матэрыялаў інтэрнэт-старонак

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней