Зялёнае Евангелле

Усе цікавыя ініцыятывы нараджаюцца з прапановы: «А давай..» Вось з яе і ўзяла пачатак наша мінулагодняя самая не шматлікая пілігрымка Баранавічы—Будслаў. Па-сакрэце скажу, што нас было ажно чацвёра. І тут мог бы быць займальны аповед або яскравыя ўспаміны, але я падзялюся з вамі чымсьці значна лепшым — досведам, які крышталізаваўся ў некалькі можа няскладных, але шчырых думак. Спадзяюся, яны будуць карыснымі не толькі для пілігрымаў.


1. Няма аднолькавых і тых самых шляхоў у пілігрымцы, а тым больш — няма іх у жыцці. Кожная новая асоба, падзея ці нязначнае адхіленне ад маршруту маюць свой асаблівы каларыт. Варта зрабіць прывал на пару кіламетраў далей ад «наседжанага месца» — і гарбата робіцца смачнейшай, дождж «не такі мокры», а пейзаж — найцікавейшы.

2. Планаванне — вельмі важная рэч, бо вучыць адказнасці. Адказнасць — гэта не пра тое, хто каму што павінен, а пра смачную ежу, якой усім хапіла, час і клеткі нервовай сістэмы, якіх ніхто не змарнаваў. Але часам бывае, што Бог здзівіць, запрапануе штосьці нечаканае і — бац! — вы ўжо ў запаведніку імя Янкі Купалы або ясце свежапрыгатаваны халаднік у Налібоцкай пушчы, або вядомы ракаўскі мастак паказвае вам свае творы. Ну ці ўжо паўгадзіны дрон шукаеце ў густым жыце... Гэта ж цікавей нашмат.

3. Вось вы калі-небудзь падчас пілігрымскага шляху чулі спеў птушак? Так, каб можна было іх пазнаць і адрозніць? Вялікае здзіўленне — знайсці азёры там, дзе ўжо з дзясятак гадоў бачыў толькі «патэльню» пад пякучым сонцам або пачуць нейкую асабістую гісторыю ад таго, хто разам з табой «наматвае кіламетры» на хвалу Божую. А ў кожнай прыдарожнай вёсачцы можна ўбачыць маленькую Беларусь. Там, дзе цішыня, заўважаеш дэталі…

4. Дарога — гэта, па сутнасці, «зялёнае Евангелле». Невялікія групкі паломнікаў сустракаюць адна адну, падтрымліваюць у цяжкасцях. Кожны служыць тым, што ад Бога атрымаў. Музыкант падтрымлівае дух, кулінар — усё астатняе. Хто святар, той спавядае, не звяртаючы ўвагі на буру за акном. Або корміць Хрыстом падчас Эўхарыстыі, на якую незапланавана збяруцца іншыя пілігрымы. А прыгатаванне начлегу на лясной паляне пасля 39,9 км спрыяе навяртанню не горш за любую малітоўную практыку.

...А калі сур’ёзна, Бог добры і змяняе чалавечыя сэрцы. Маці Божая вучыць заўважаць і не губляць надзеі. А хрысціянства — гэта пра тое, як заставацца чалавекам і быць шчаслівым.

Гэты шлях, напэўна, нешта змяніў, направіў, нечым узбагаціў. Штосьці бачна адразу, а нечага трэба будзе дачакацца.


Айцец Яўген Голуб OFMConv

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней