Камерная пілігрымка

Калі шчыра, я ніколі не разумела сэнсу вялікіх пілігрымак. Не таму, што яго няма, а таму што мне не ўдаецца адчуць сябе часткаю гэтага. Гучныя спевы, шмат людзей, тэмп, расклад… Не падабаецца мне — такая мая асаблівасць. І вось некалькі гадоў таму я пазнаёмілася з дзяўчатамі, якія ўжо некалькі разоў ажыццяўлялі маю патаемную мару — збіраліся ўдзвюх, абіралі прыгожы маршрут і адпраўляліся самастойна ў адна- двухдзённую пілігрымку.


Упэўніўшыся, што такая форма пілігрымкі і кампанія мне даспадобы, я запрасіла дзяўчат прайсціся адзін дзень пілігрымкай у Росіцу. Давялося пусціць ў ход асабістыя знаёмствы з айцом Чэславам Курэчкам, на той момант пробашчам парафіі ў Росіцы, дамовіўшыся з ім пра начлег і ежу. Я родам з Верхнядзвінска, таму вечарам у пятніцу мы з дзяўчатамі прыехалі да маіх бацькоў, каб суботняй раніцаю 1 чэрвеня распачаць свой шлях.

Першым пунктам нашай «праграмы» стаў «Анёл Панскі…» на могілках, дзе ўжо паўгода спачывала мая бабуля Вера. Гэта лішнія два кіламетры да нашых трыццаці пяці, што былі наперадзе, але я вельмі ўдзячна дзяўчатам, што яны адгукнуліся на маю просьбу зайсці на могілкі. Такія кранальныя моманты і магчымасць «гнуткіх планаў» — гэта адназначная перавага міні-пілігрымак.

З раніцы прыпякала, а мы «часалі» па трасе. Дзяўчаты шмат фоткалі: там — балота, там — мост, там — кот ці качка. Я іх тады не разумела. Чаму? Ды таму што ў мяне яшчэ не было Instagram. Цяпер разумею. Праз кіламетраў 5–7 мы звярнулі на вясковую дарогу, а на дарозе — ліса! Праз некаторы час — яшчэ адна скакала ў траве ў пошуках «ланчу». Пачатак лета. У палісадніках і на балотах цвілі касачы, а лугі былі жоўта-фіялетавыя ад кураслепу і лубіну. Мясцовыя глядзелі на чужакоў са здзіўленнем, а недалёка ад нас віхляла рака Сар’янка, і хутка, па дадзеных мабільнага прыкладання, павінен быў быць мост.

Мосту не было… Вось жа прыгода! Як кажуць, дзе два лішнія кіламетры, там і пяць. Мы вырушылі далей, каб абысці вёску Пашэнькі, а разам з ёю і чарговы «завіток» Сар’янкі, што не даваў нам скараціць шлях. Кавалак дарогі мы ішлі проста праз жытняе поле, і як жа мы здзівіліся, калі дарога ўпёрлася ў рэчку. Не, лепш сказаць, дарога ўплывала ў рэчку, а на другім беразе з яе выплывала. Аказваецца, проста праз рэчку там ідзе дарога, таму было неглыбока. Што рабіць? Мы знялі сандалі, знайшлі добры «посах» і пайшлі па камяністым дне Сар’янкі на яе другі бок. У спякотны дзень пасля чатырох гадзін дарогі не было большай радасці, чым апусціць ногі ў ледзяную плынь рэчкі.

Наступная мэта — вёска Сар’я, тая самая, са знакамітай неагатычнай царквой. Падыходзім бліжэй — я адчуваю, што ад спёкі і стомы ногі ўжо не ідуць. Можна ісці павольней у чаканні прыпынку. Мы дайшлі да пункту прызначэння, але перад тым як пайсці да царквы, трэба з’есці бутэрброд, марожанае і апусціць ногі, што невыносна гудуць, у ручай. Так, нікчэмны з мяне пілігрым, кволы. Амаль гадзіну мы сядзелі з дзяўчатамі на мастку праз ручай, над намі лётаў пух з дрэваў, а ў госці да нас прыходзілі адважныя яшчаркі.

Вось мы каля зачыненай царквы. Азіраемся, дзяўчаты фотка юць. Да нас пад’язджае на ровары мужчына «падшафэ» і пачынае апавядаць гісторыю святыні, і як яны дзецьмі хаваліся між яе двайных сценаў. Кажа, што акурат з яго дома да святыні вядзе падземны ход, і запрашае паглядзець. Мы культурна адмаўляемся, і ён не настойвае, але, спытаўшы, куды мы накіроўваемся, паказвае нам шлях.

Наперадзе яшчэ каля 10 кіламетраў дарогі. Настае час цішыні, незапланаванай, але вельмі патрэбнай. Праз некаторы час я прапанавала дзяўчатам паразважаць над словамі Евангелля з дня, і мы крыху разыходзімся на дарозе, каб мець фізічную і эмацыйную прастору для размовы з Богам. Я дык яшчэ і ўголас люблю размаўляць. Да гэтага кожная знаходзіла ў дарозе час для індывідуальнай малітвы.

Заходзіла сонца, мы ўсё бліжэй і бліжэй падыходзілі да Росіцы, і было б дзіўна, калі б нас не сустрэў бусел. Ён «чакаў» нас проста на дарозе, і недзе кіламетр ішоў наперадзе, а калі мы яго наганялі, ён адлятаў і ішоў далей, па-гаспадарску сочачы за намі.

Чамусьці я заўсёды прыязджаю ці прыходжу ў Росіцу як дамоў. Знаёмыя вулачкі, руіны царквы, пад вечар вільготнае ад возера паветра і халодная падлога касцёла — я заўсёды думаю аб гэтым з асабліваю пяшчотаю. Калі мы дайшлі да святыні, навокал нікога не было. Дзверы плябаніі таксама зачыненыя. Чаму ж ніхто не сустракае пілігрымаў?! І тут з сакрыстыі ў поўным святарскім «абмундзіраванні» выходзіць айцец Чэслаў сустракаць першых у гэтым годзе пешых пілігрымаў. Мы заходзілі ў касцёл з маім любімым спевам «Вітай, Езу, Збаўца свету…», і было зусім не важна, што нас усяго толькі тры, а не трыста.


Дар’я Ахламёнак
Фота: Вераніка Скрабатун

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней