Зоф’я і Юзаф: бацькі і дзеці

Галіна Калевіч заўсёды піша пра звычайных людзей з незвычайнай верай. Гэтым разам — гісторыя пра Зоф'ю і Юзафа і іх адносіны з Панам, шчырыя і плённыя.


У далёкім цяпер ужо 1995 годзе ў нашым часопісе (№5) друкаваўся артыкул пра Зоф’ю Іосіфаўну Пансевіч, якая паходзіць з роду біскупа Зыгмунта Лазінскага — яе бабуля была стрыечнаю сястрою гэтага іерарха. Зоф’я Іосіфаўна ўспамінала тады пра сустрэчу са сваім знакамітым сваяком: «Біскупа Зыгмунта Лазінскага я запомніла з таго часу, калі ён прыязджаў да нас у Наваградскую гімназію імя Міцкевіча. Прафесарам гімназіі быў брат біскупа — Караль Лазінскі. Яго сыны Людвіг і Юзаф тут вучыліся. З Людвігам мы былі аднакласнікамі. Было гэта на Божае Нараджэнне ў 1930 годзе. Заплюшчу вочы — і як жывы перада мною стаіць ён, біскуп Лазінскі. Высокі, статны, з вялікімі, выразнымі і вельмі добрымі вачыма. Зусім сівы. У вялікай актавай зале мы тады дзяліліся з ім аплаткаю. Гэта быў глыбока аскетычны чалавек, якога многія яшчэ пры яго жыцці называлі святым…»

Зоф’ю Іосіфаўну Пансевіч таксама называлі святою многія з тых, хто яе добра ведаў. Гэта была жанчына вельмі пабожная і сціплая, далікатная і пакорная, ахвярная і вельмі мудрая. У 1944 годзе яна перажыла вялікае гора — у малацілцы ёй адрэзала правую руку. Невыносны фізічны і псіхічны боль адбіраў усялякае жаданне жыць. І толькі, калі яна, сабраўшыся з апошнімі сіламі, укленчыла, і шчыра ахвяравала Пану Богу гэты свой боль, паабяцаўшы жыць і цярпець дзеля Езуса Хрыста, роспач адступіла назаўсёды.

У шпіталь тады прыехаў яе муж Юзаф, які суцяшаў сваю скалечаную жонку і абяцаў любіць яе яшчэ больш, ніколі нічым не пакрыўдзіць — абы толькі яна жыла дзеля яго і дзеля іх дваіх малых дзетак. І ён стрымаў свае абяцанні — быў верным, любячым, клапатлівым мужам і бацькам. Пасля свайго калецтва Зоф’я нарадзіла дачку Марыю, якую ім дапамагала гадаваць свякроўка, а вось, калі Зоф’я ў свае 42 гады зацяжарыла чацвёртым дзіцем, свякроў цяжка хварэла і дапамагаць ужо не магла. Усе наўкола намаўлялі яе на аборт. Пачаліся пакутныя ваганні… Потым, успомніўшы пра свае абяцанні ахвяраваць ўсе цяжкасці Езусу Хрысту, рашуча адмовілася ад спакусы забіць сваё ненароджанае дзіця. У 1959 годзе яна нарадзіла дачку, якую назвалі таксама Зоф’яй. З гэтаю дачкою, пасля смерці свайго мужа, Зоф’я Іосіфаўна дажывала свой век. У 2003 годзе яна адышла ў вечнасць.

Што цікава, малодшая Зоф’я, як і яе маці, выйшла замуж за чалавека па імені Юзаф. Як і яе бацька, ён таксама вельмі добры, клапатлівы і верны муж. Гледзячы на гэта сужэнства, цяжка паверыць, што яны ўжо 33 гады разам: такое ўражанне, што зусім нядаўна ажаніліся. Закаханасць адчуваецца ва ўсім — у позірках, у зваротах, у размове, у рухах. Аказваецца, яны сур’ёзна ніколі і не сварыліся — гэта проста неверагодна!..

Муж Зоф’і Юзаф Точка таксама паходзіць з каталіцкай сям’і, якая жыла ў вёсцы Агароднікі, што каля Ліды. Бабуля Марыя (бацькава маці) вучыла траіх сваіх ўнукаў маліцца, а бацька Фелікс Іосіфавіч на вялікія святы вазіў іх у касцёл у Белагруду альбо ў Мінойты. Потым, як падраслі, веру дзеці не практыкавалі. Пасля 3-гадовай службы на Паўночным флоце Юзаф прыехаў у Мінск і ўладкаваўся на аб’яднанне Інтэграл. Зоф’я пасля заканчэння хімфака БДУ таксама была размеркавана на гэтае прадпрыемства. Тут яны і пазнаёміліся, а праз некалькі месяцаў ажаніліся. Шлюб узялі, калі хрысцілі свайго першынца Лёшу. Адбывалася гэта на радзіме старэйшай Зоф’і Іосіфаўны — у Баранавічах, у касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Юзаф прызнаецца, што тады гэта была рэлігійная фармальнасць, а жывая вера прыйшла да іх значна пазней.

У сям’і нарадзілася дачка Наташа. Потым гэтая ж дачка дапамагала бацьку рыхтавацца да споведзі. Бабуля яе і Лёшу ўжо давяла да гэтага сакрамэнту. Пасля першай сваёй свядомай споведзі ў Чырвоным касцёле Юзаф «за пакуту» атрымаў ад ксяндза наказ штодня наведваць касцёл на працягу ўсяго месяца. Ён пакорна гэта выканаў. Дзесьці ў той самы час убачыў у касцёльным кіёску вялікі абраз Езуса Міласэрнага, які крануў яго сэрца. Набыў яго і пачаў кожны дзень маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці. Гэта стала яго самай любімай малітвай. Паступова адчуў у душы жывую сувязь з Хрыстом. З вялікім даверам да Езуса пачаў маліцца за свайго брата, які быў у цяжкай алкагольнай залежнасці. З часам прыйшла дапамога — брат перастаў піць, узяў шлюб з жонкаю, і яны ахрысцілі ўжо дарослых сваіх дзяцей. Родная сястра Юзафа таксама павянчалася з мужам і пачала практыкаваць веру.

Духоўнаму ўзрастанню Юзафа спрыяў і яго пераход на іншую працу — прадпрыемства «Дарыда». Тут ён пазнаёміўся з Андрэем Зубкевічам, які стаў яго сведкам падчас бежмавання. Рыхтуючыся да гэтага сакрамэнту, Юзаф часта разважаў: «Апосталы адчулі спасланне Святога Духа вельмі выразна: у выглядзе шуму паветра і языкоў полымя над галовамі. А што з намі: няўжо нічога не заўважым?» Бог даў ласку яўна адчуць дзеянне Святога Духа ў яго душы. Пра гэта ён і сёння з хваляваннем ўспамінае: «Мяне “прашыла” наскрозь так, што нейкі момант я не ўсведамляў, на якім знаходжуся свеце». Пасля гэтага ён з Андрэем Зубкевічам, які на той час быў легіянерам Марыі, пачаў хадзіць у 4-ю бальніцу, каб несці людзям Божае слова. Раздавалі часопісы «Любите друг друга» і святыя абразкі, а таксама прыводзілі да хворых святара.

Падчас пакутнай пілігрымкі ў Будслаў — Юзаф ідзе з крыжам у зялёным касцюме.

У 2007 годзе Юзаф першы раз пайшоў у Будслаў, у пешую пакутную пілігрымку, якую ўзначальваў а. Пётр Бялевіч OMI. Малітва і шчыры пост (хлеб і вада) давалі столькі сіл і радасці, што 5 дзён прайшлі як адно імгненне, затое ласка, якою Пан Бог шчодра адарыў, доўга яшчэ жыла ў душы. Адразу ж пасля пілігрымкі Юзаф з жонкаю пачалі наведваць урокі Бібліі. Праводзіў іх а. Пётр Бялевіч у касцёле св. Роха. Пазней сужэнцы паспяхова скончылі Курсы сямейнага жыцця, якія ім дапамагалі ў адносінах з іх дарослымі дзецьмі. Сын Аляксей пасля шлюбу жыў з бацькамі каля пяці гадоў, потым — і Наташа з мужам.

«Я вельмі марыў уступіць у “Жывы Ружанец”, — сказаў у нашай размове Юзаф. — Маліўся аб гэтым нейкі час». Мне падумалася тады: вось яны, сапраўдныя мужчыны, на якіх трымаецца свет! Ён, былы марак, радыёфізік па адукацыі, марыць уступіць у войска Марыі, дзе галоўнай зброяй з’яўляецца Ружанец! Бог, вядома ж, яго выслухаў. Аднойчы ў касцёле з запрашэннем уступіць у кола мужчынскай групы «Жывога Ружанца» да яго звярнуўся Уладзіслаў Лапо, а пробашч Чыр вонага касцёла кс. Уладзіслаў Завальнюк благаславіў Юзафа на малітву. Сёння Юзаф узначальвае гэтую суполку і вельмі ганарыцца тым, што да іх «Ружы» належыць кс. Уладзіслаў Завальнюк, а таксама біскуп Казімір Велікаселец, які моліцца не адну таямніцу, а цэлы Ружанец. 

З вялікай любоўю і пяшчотаю Юзаф успамінае цешчу Зоф’ю Іосіфаўну, якой вельмі ўдзячны за сваю жонку, удзячны за прыклад веры і за малітву, якая моцна адчуваецца і сёння. Далучаючыся ў размове да свайго мужа, Зоф’я прызналася, што аднойчы бачыла ў сне, як Маці Божая працягнула рукі і ўзяла на іх яе маму. Што гэта прарочы сон, ніхто з родных, блізкіх і тых, хто яе добра ведаў, не сумняваецца.

Юзаф падчас працэсіі на ўрачыстасць Божага Цела.

Закончыць матэрыял хочацца словамі самой Зоф’і Іосіфаўны Пансевіч, якія змешчаны ва ўзгаданым вышэй артыкуле: «Мая бабуля (маміна мама) даводзілася стрыечнаю сястрою біскупу Зыгмунту Лазінскаму. Яна памерла, калі я была малою, таму дрэнна яе памятаю. Дакладна ведаю, што бабуля была вельмі пабожная. Ад яе мне застаўся ружанец, кніга “Вялікі Алтар” і некалькі малітоўнікаў на польскай мове. З малых гадоў я навучылася чытаць па-польску і з гэтых кніг я набіралася духоўнай сілы. Менавіта ў іх знаходзіла дапамогу і надзею на ўсе выпадкі жыцця. А таксама — у Ружанцы…».


Галіна Калевіч

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней