У цудзе Хрыстовага Уваскрасення заключаецца ўся праграма новага жыцця. Упершыню ў гісторыі з’яўляюцца хвіліны, калі чалавецтва павінна адрадзіцца, пазбавіцца забыцця, паглыбіцца ў адраджальную крыніцу жыцця.

«Уваскрос!» — усклікалі адны. «Не ўваскрос!» — адказвалі другія. Усклікаюць і адказваюць. «Уваскрос» — адразу паўтарала невялікая групка тых, хто Яго бачыў. Іх было няшмат, але іх голас абуджаў ад сну памерлых, умацоўваў слабых, перапаўняў трывогаю тых, хто заграз у пошуку жыццёвай выгады, шуканні памылак у думках і ўчынках іншых. 

«Што бачылі і чулі, да чаго дакраналіся нашыя рукі, пра гэта мы не можам не казаць», — сведчылі перад Сінедрыёнам нямногія, а толькі адзінаццаць, абуджаючы страх у тых, хто ўсё яшчэ хацеў жыць па старым законе. Абяцаны Дух Святы запаліў над галовамі сабраных слупы вогненных языкоў і паслаў у свет Божыя струмені так, што ад Малой Азіі да Міжземнага мора, сэрца Рымскай імперыі, даходзіў усё больш трыўмфальны голас «Уваскрос!», становячыся абуджэннем і заклікам для новай гістарычнай эры. З Рыма і Візантыі — ад двух цэнтраў запаленых «вогнішчаў» — сыходзілі на людзей новыя струмені святла, здабываючы іх для Таго, хто ўваскрос. За Ім пайшлі і пастаянна ідуць адважныя, усе тыя, хто верыць у першынство Бога ў свеце — Духа над зямлёю. 

«Не ўваскрос!» — усклікалі многія, амаль усе, асабліва тыя, хто меў свецкую і духоўную ўладу. Яны мелі вочы, але не бачылі сутнасных пераменаў, мелі вушы, але не чулі моцных галасоў, іх сэрцы былі схільныя толькі ранейшых гістарычных думак. Ім былі патрэбны новыя ідэі, але яны звярталіся да старых рэлігійных і філасофскіх кнігаў, каб у іх забіваць дух літарамі. Букваеды звярталіся да Святога Пісання і да грэчаскіх філосафаў, вучоных, якія займаліся археалогіяй, калі свет чакаў новага закліку.

Заклік з’явіўся, яднаючы чалавека з Богам, зямлю з духам, натуру з ласкаю ў супольнай працы пад штандарам Любові. У цудзе Хрыстовага Уваскрасення заключаецца ўся праграма новага жыцця, дзе з натураю павінна зноў злучыцца ласка для далейшага шляху працы. З Уваскрасення падаюць яркія іскры на кожны Крыжовы шлях і на той, якім ішоў Сын Божы, і на той, якім ідуць сыны зямлі. Паколькі таямніца Вялікай пятніцы ўдасканальваецца ў таямніцы Вялікадня, таямніца Крыжа — у таямніцы Уваскрасення, чалавек павінен быў разумець, што ніхто не церпіць для цярпення, не працуе для працы, але для мэтаў, звязаных з Уваскрасеннем.

Натура, культура і ласка будуць з таго часу трыма крыніцамі, з якіх чалавецтва будзе чэрпаць сілы для адраджэння. Усе тры непасрэдна або ўскосна паходзяць ад Бога і да Яго вядуць.

Упершыню ў гісторыі з’яўляюцца хвіліны, калі чалавецтва павінна адрадзіцца, пазбавіцца забыцця, паглыбіцца ў адраджальную крыніцу жыцця. Сваё валадарства Хрыстус прыпадобніў да закваскі, якою заўсёды будзе «заквашваць» чалавецтва, не дазваляючы яму перакісаць, а быць сапраўднаю рошчынаю. Памыляецца той, хто думае, што будзе адрожаны з зямнога — крыві і цела, адначасна выракаючыся ўсяго нябеснага, адкуль паходзяць натхняльныя сілы духу. У пераломны час, у якім мы цяпер жывём, трэба стаяць на варце крыніцаў жыцця...


Ксёндз Канстанцін Міхальскі
Падрыхтавала Іна Бігель
Паводле: Ks. Konstanty Michalski, Zmаrtwychwstanie. // Nowa et Vetera. — Kraków, 1998

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней