Хрыстус прысутны ў хрысціянах

Велікодная нядзеля

Хрыстус жыве. Гэтая велічная праўда напаўняе зместам нашую веру. Езус, які памёр на крыжы, уваскрос, перамог смерць, уладу цемры, боль і смутак. «Не бойцеся! — так прывітаў анёл жанчын, калі тыя ўвайшлі ў магілу. — Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага. Ён уваскрос, Яго тут няма»[1]. Haec est dies quam fecit Dominus, exsultemus et laetemur in ea; «вось дзень, які Пан учыніў, будзем радавацца ў ім і весяліцца»[2].

Велікодны перыяд — гэта час радасці, той радасці, якая не абмяжоўваецца толькі гэтым перыядам літургічнага года, а заўсёды жыве ў сэрцы хрысціяніна. Бо Хрыстус жыве, Хрыстус — гэта не постаць з мінулага, не той, хто жыў калісьці і знік, пакінуўшы нам толькі цудоўныя ўспаміны і застаўшыся дасканалым прыкладам.

Не! Хрыстус жыве. Езус — гэта Эммануэль, «з намі Бог». Яго ўваскрасенне адкрывае нам, што Бог не пакідае сваіх верных. «Ці забудзе жанчына пра сваё немаўля, каб не пашкадаваць сына ўлоння свайго? Але калі б нават і забыла, Я не забуду пра цябе»[3], — паабяцаў Ён нам. І выканаў сваё абяцанне. Бог знаходзіць радасць у тым, каб быць з сынамі чалавечымі[4].

Хрыстус жыве ў сваім Касцёле. «Аднак Я кажу вам праўду: лепш для вас, каб Я адышоў. Бо калі Я не адыду, Суцяшыцель не прыйдзе да вас. А калі адыду, пашлю Яго да вас»[5]. Гэта быў Божы план: Езус, паміраючы на Крыжы, даў нам Духа праўды і жыцця. Хрыстус надалей прабывае ў сваім Касцёле, у яго сакрамэнтах, у яго літургіі, у яго прапаведаванні, ва ўсёй яго дзейнасці.

Асаблівым чынам Хрыстус прысутны сярод нас у Эўхарыстыі, у якой Ён штодзённа прыносіць сябе ў ахвяру. Таму святая Імша з’яўляецца цэнтрам і крыніцаю хрысціянскага жыцця. На кожнай Імшы заўсёды прысутнічае Увесь Хрыстус, Галава і Цела. Per Ipsum, et cum Ipso et in Ipso; «праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце». Бо Хрыстус — гэта Дарога, Пасрэднік: у Ім мы знаходзім усё; па-за Ім нашае жыццё застаецца пустым. У Езусе Хрысце, навучаныя Ім, мы асмельваемся казаць, audemus dicere: Pater noster, Ойча наш. Мы асмельваемся называць Айцом Пана неба і зямлі.

Прысутнасць жывога Езуса ў Найсвяцейшай Гостыі — гэта гарантыя, крыніца і спаўненне Яго прысутнасці ў свеце.

Хрыстус жыве ў хрысціяніне. Вера кажа нам, што ў стане ласкі чалавек абагаўляецца. Мы — мужчыны і жанчыны, не анёлы. Мы з’яўляемся істотамі з цела і крыві, з сэрцам і з пачуццямі, перажываем смутак і радасць. Але абагаўленне адбіваецца ў чалавеку як задатак яго хвалебнага ўваскрашэння. «Хрыстус уваскрос з памерлых, Першынец сярод тых, якія памерлі. Паколькі праз чалавека прыйшла смерць, так праз Чалавека — і ўваскрашэнне памерлых. Бо, як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены»[6].

Жыццё Хрыста — гэта нашае жыццё, згодна з тым, што Ён паабяцаў Апосталам падчас Апошняй Вячэры: «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго»[7]. Таму хрысціянін павінен жыць згодна з жыццём Хрыста, робячы Яго пачуцці сваімі так, каб можна было ўсклікаць разам са святым Паўлам: Non vivo ego, vivit vero in me Christus; «ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус»[8].

 

Езус Хрыстус — падмурак хрысціянскага жыцця

Мне хацелася б нагадаць, хоць бы сцісла, пра некаторыя аспекты прабывання Хрыста сярод нас сёння — Iesus Christus heri et hodie; ipse et in saecula; Езус Хрыстус учора і сёння, той самы і навекі[9], — бо яно з’яўляецца падмуркам усяго хрысціянскага жыцця. Гледзячы навокал і разважаючы над ходам гісторыі чалавецтва, мы бачым прагрэс і дасягненні цывілізацыі. Навука дала чалавеку мацнейшае ўсведамленне ягонай улады. Цяпер тэхніка пануе над прыродай у большай ступені, чым на працягу мінулых вякоў, і дазваляе чалавецтву марыць аб дасягненні ўсё больш высокага ўзроўню культуры, матэрыяльнага дабрабыту, еднасці.

Магчыма, некаторыя людзі хацелі б кінуць цень на гэтую карціну свету і нагадаць, што сённяшняе чалавецтва пакутуе ад несправядлівасці і войнаў, нават страшнейшых, чым у мінулым. У гэтым ёсць пэўная доля слушнасці. Але нягледзячы на гэтыя развагі, трэба памятаць, што ў рэлігійным вымярэнні чалавек надалей застаецца чалавекам, а Бог надалей застаецца Богам. Тут вяршыня прагрэсу ўжо дасягнутая: гэта Хрыстус, Альфа і Амега, пачатак і канец[10].

У духоўным жыцці не будзе надыходу новай эпохі. Усё ўжо дадзена ў Хрысце, які памёр і ўваскрос, і жыве і будзе прабываць вечна. Але трэба з’яднацца з Ім праз веру, дазволіць Ягонаму жыццю аб’явіцца ў нас, каб можна было сказаць, што кожны хрысціянін не alter Christus, другі Хрыстус, а ipse Christus, сам Хрыстус!

Instaurare omnia in Christo, «аднавіць усё ў Хрысце»[11], — такі дэвіз дае святы Павел хрысціянам з Эфеса; перадаць усяму свету дух Езуса, паставіць Хрыста ў цэнтр усяго, што існуе. Si exaltatus fuero a terra, omnia traham ad meipsum; «і Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе»[12]. Хрыстус у сваім уцелаўленні, у сваім працоўным жыцці ў Назарэце, у сваім прапаведаванні і цудах на землях Юдэі і Галілеі, у сваёй смерці на крыжы, у сваім уваскрасенні з’яўляецца цэнтрам стварэння, Першародным і Панам усяго створанага.

Нашая хрысціянская місія заключаецца ў тым, каб абвяшчаць гэтую каралеўскую годнасць Хрыста, весціць пра яе сваімі словамі і ўчынкамі. Пан Бог хоча, каб Яго верныя знаходзіліся на ўсіх скрыжаваннях зямлі. Адных Ён кліча ў пустэльню, каб яны заставаліся ўбаку ад мітусні чалавечага грамадства і праз сваё сведчанне сталі для іншых людзей напамінам пра тое, што Бог існуе. Іншым Ён давярае святарскае служэнне. Большасць жа людзей Ён хоча бачыць сярод свету, занятых зямнымі справамі. Таму гэтыя хрысціяне павінны несці Хрыста ва ўсе сферы жыцця, дзе разгортваецца чалавечая дзейнасць: на фабрыку, у лабараторыю, у вясковую гаспадарку, у рамесніцкую майстэрню, на вуліцы вялікіх гарадоў і на горныя сцежкі.

У сувязі з гэтым я люблю ўзгадваць сцэну размовы Хрыста з Ягонымі вучнямі з Эмаўса. Езус крочыць побач з двума Апосталамі, якія страцілі амаль усю надзею, так што жыццё пачынае здавацца ім бессэнсоўным. Ён разумее іх боль, пранікае ў іх сэрцы, удзяляе ім нешта з таго жыцця, якое ёсць у Ім.

Калі яны наблізіліся да Эмаўса і Езус зрабіў выгляд, што збіраецца працягваць шлях, вучні затрымліваюць Яго і амаль сілаю прымушаюць застацца. Яны пазнаюць Яго пры ламанні хлеба: «Пан, — усклікаюць яны, — быў з намі!» І кажуць адзін аднаму: «Ці ж не палала ў нас сэр­ца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?»[13] Кожны хрысціянін павінен дапама­гаць Хрысту прысутнічаць сярод людзей; павінен рабіць так, каб атачэнне адчувала bonus odor Christi, прыемны Хрыстовы водар[14]; павінен дзейнічаць так, каб за ўчынкамі і паводзінамі вучня можна было ўбачыць твар Настаўніка.

Хрысціянін ведае, што ён далучаны да Хрыста праз хрост; атрымаў здольнасць змагацца за Хрыста праз канфірмацыю; пакліканы да дзейнасці ў свеце праз удзел у каралеўскай, прароцкай і святарскай місіі Хрыста; з’яднаны ў адно з Хрыстом праз Эўхарыстыю, сакрамэнт еднасці і любові. Таму, як Хрыстус, ён павінен жыць сярод іншых людзей, з любоўю глядзець на ўсіх і на кожнага чалавека, які знаходзіцца побач, і на ўсё чалавецтва.

Вера вядзе нас да таго, каб мы распазнавалі ў Хрысце Бога, бачылі ў Ім нашага Збаўцу, атаясамлівалі сябе з Ім, дзейнічалі так, як дзейнічаў Ён. Уваскрослы, які пазбавіў святога Тамаша сумневаў, паказаўшы яму свае раны, ус­клікае: «Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!»[15] «Тут, — як каментуе гэта святы Грыгорый Вялікі, — асаблівым чынам гаворка ідзе пра нас, бо мы духоўна маем Таго, Каго не бачылі ў целе. Гаворка ідзе пра нас, але пры ўмове, што нашыя ўчынкі адпавядаюць нашай веры. Са­праўды верыць толькі той, хто ажыццяўляе ў сваіх учынках тое, у што ён верыць. Таму святы Павел кажа пра людзей, якія вераць толькі на словах, што яны вызнаюць веру ў Бога, але пярэчаць гэтаму праз сваю дзейнасць»[16].

Немагчыма аддзяліць быццё Хрыста як Бога і Чалавека ад Яго збаўчай місіі. Слова сталася целам і прый­шло на зямлю, ut omnes homines salvi fiant; «каб усе людзі былі збаўлены»[17]. Са сваімі слабасцямі і асабістымі абмежаваннямі, мы — гэта другі Хрыстус, сам Хрыстус, мы таксама пакліканыя служыць усім людзям.

Неабходна, каб зноў і зноў гучала тая запаведзь, што не страціць сваёй навізны на працягу вякоў. «Умілаваныя, — піша святы Ян, — пішу вам не новую запаведзь, а запаведзь даўнюю, якую вы мелі ад пачатку. Даўняй запаведдзю ёсць слова, якое вы чулі. Аднак новую запаведзь пішу вам, якая праўдзівая ў Ім і ў вас, бо цемра знікае і святло праўдзівае ўжо яснее. Хто кажа, што ён у святле, а ненавідзіць брата свайго, той яшчэ ў цемры. Хто любіць брата свайго, той жыве ў святле і няма ў ім спакусы»[18].

Наш Пан прыйшоў, каб прынесці спакой, добрую навіну, жыццё ўсім людзям. Не толькі багатым і не толькі бедным. Не толькі мудрым і не толькі прастадушным. Усім. Братам і сёстрам, бо ўсе мы — браты і сёстры, дзеці аднаго Айца, Бога. На самай справе ёсць толькі адна чалавечая раса — раса дзяцей Божых. Ёсць толькі адзін колер скуры — колер Божых дзяцей. І ёсць толькі адна мова — тая, што без словаў прамаўляе да сэрца і розуму, дазваляючы нам пазнаць Бога і натхняючы любіць адзін аднаго.

 

Сузіранне Хрыстовага жыцця

Кожны з нас павінен імкнуцца ажыццявіць Хрыстову любоў у сваім жыцці. Але каб стаць ipse Christus, самім Хрыстом, неабходна ўглядацца ў Яго. Недастаткова мець агульнае ўяўленне пра дух Хрыста, трэба наследаваць Яго ў дробязях, пераймаць Яго паводзіны. І, акрамя таго, сузіраць Яго зямны шлях, ісці за Яго прыкладам, каб чэрпаць адтуль сілу, святло, вытрымку, спакой.

Калі некага любіш, хочацца ведаць усё, да найменшых дробязяў, пра яго жыццё і характар, каб такім чынам атаясамліваць сябе з каханай асобай. Таму мы павінны разважаць над жыццём Хрыста, пачынаючы ад Яго нараджэння ў стайні і заканчваючы Ягонай смерцю і Ягоным уваскрасеннем. У першыя гады свайго святар­скага служэння я меў звычку даваць у падарунак Евангелле або кнігі, якія распавядаюць пра жыццё Езуса, бо мы павінны добра ведаць гісторыю Яго жыцця, так трымаць яе ўсю ў галаве і ў сэрцы, каб у любы момант, без ніякай кнігі, проста заплюшчыўшы вочы, мы маглі бачыць жыццё Хрыста як на кінастужцы; тады ў розных жыццёвых сітуацыях нам будуць прыходзіць на памяць словы і ўчынкі нашага Пана.

Так мы адчуем сябе паглыбленымі ў Яго жыццё. Бо справа не ў тым, каб проста думаць пра Езуса і ўяўляць тую ці іншую сцэну. Мы павінны цалкам увайсці ў іх як дзейныя асобы. Так блізка следаваць за Хрыстом, як святая Марыя, Яго Маці, як першыя дванаццаць вучняў, як святыя жанчыны, як тыя натоўпы, што збіраліся вакол Яго. Калі мы будзем паступаць такім чынам, калі не бу­дзем ствараць перашкодаў, словы Хрыста пранікнуць у глыбіні нашай душы і пераменяць нас. Таму што «слова Божае жывое і дзейснае, вастрэйшае за ўсялякі меч двусечны. Яно пранікае ажно да падзелу душы і духа, суставаў і шпіку і здольнае судзіць думкі і намеры сэрца»[19].

Калі мы хочам весці да Бога іншых людзей, трэба звярнуцца да Евангелля і сузіраць любоў Хрыста. Мы можам засяродзіцца на кульмінацыйных момантах Яго Мукі, бо, як казаў сам Хрыстус, «ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх»[20]. Але мы можам разважаць таксама над іншымі момантамі Яго жыцця, над Яго звычайнымі адносінамі з тымі, хто з Ім сустракаўся.

Хрыстус, дасканалы Бог і дасканалы Чалавек, жадаючы данесці да людзей сваё вучэнне аб збаўленні і аб’явіць ім Божую любоў, карыстаўся боскімі і чалавечымі спосабамі. Бог пайшоў насустрач чалавеку, без агаворак прыняў нашую натуру, за выключэннем граху.

Глыбокаю радасцю напаўняе мяне думка пра тое, што Хрыстус пажадаў стаць сапраўдным чалавекам, прыняць такое самае цела, як у нас. Мяне вельмі ўзрушвае кантэмпляцыя гэтага цуду — Бог, які любіць чалавечым сэрцам.

Сярод мноства момантаў з Хрыстовага жыцця, пра якія нам распавядаюць евангелісты, затрымаемся на не­каторых, каб паразважаць над імі. Пачнем з аповедаў пра тое, як Езус ставіўся да Дванаццаці. Апостал Ян, які ў сваім Евангеллі дзеліцца з намі ўсім досведам жыцця, распавядае пра адну з першых размоваў з Хрыстом з такім захапленнем, якое ўласцівае толькі таму, што немагчыма забыць. «„Раббі (што азначае ,настаўнік‘), дзе жывеш?“ Ён сказаў ім: „Ідзіце і ўбачыце“. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў той дзень»[21].

Гэта быў боскі і адначасова чалавечы дыялог, які перамяніў жыццё Яна і Андрэя, Пятра, Якуба і многіх іншых, падрыхтаваў іх сэрцы да таго, каб яны прынялі поўныя моцы словы, якія Езус скіраваў да вучняў на беразе Галілейскага мора. «Калі Езус праходзіў каля Галілей­скага мора, Ён убачыў двух братоў: Сымона, якога называлі Пятром, і ягонага брата Андрэя, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім: „Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей“. Яны ж адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім»[22].

На працягу трох наступных гадоў Езус жыве разам са сваімі вучнямі, пазнае іх, адказвае на іх пытанні, рассейвае іх сумненні. Так, Ён — Раббі, Настаўнік, які прамаўляе як Той, хто мае ўладу, пасланы Богам Месія. Але ў той жа час Ён дасягальны, блізкі. Аднойчы Езус адышоў, каб памаліцца; Яго вучні чакалі паблізу і, магчыма, назіралі за Ім, імкнучыся здагадацца, якія словы Ён кажа. Калі Хрыстус вярнуўся, адзін з вучняў папрасіў: Domine, doce nos orare, sicut docuit et Ioannes discipulos suos; «Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў»[23]. І Езус сказаў ім: «Калі моліцеся, кажыце: Ойча, няхай свяціцца імя Тваё...»[24]

З аўтарытэтам Бога і ў той жа час з сардэчнасцю чалавека Пан прымае Апосталаў, уражаных пладамі сваёй першай місіі, калі яны распавядаюць Яму пра пачатак свайго апостальства: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце»[25].

Падобная сцэна паўтараецца напрыканцы прабывання Хрыста на зямлі, незадоўга да ўнебаўшэсця. «Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. Сказаў ім Езус: „Дзеці, ці маеце што з’есці?“»[26] Той, які запытаў як чалавек, потым гаворыць як Бог: «„Закіньце сетку з правага боку чоўна і знойдзеце“. Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы. Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: „Гэта Пан!“»[27]

І Бог чакае іх на беразе: «Калі ж выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб. І сказаў ім Езус: „Прынясіце рыбы, што цяпер налавілі“. Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзясят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася. Сказаў ім Езус: „Ха­дзіце ж, снедайце“. Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: „Хто Ты?“, бо ведалі, што гэта Пан. Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, і таксама рыбу»[28].

Такую спагадлівасць і пяшчоту Езус дэманструе не толькі ў адносінах да малой групкі сваіх вучняў, але і да ўсіх людзей: да святых жанчын, да прадстаўнікоў Сінэдрыёну, такіх як Нікадэм, і да мытнікаў, такіх як Закхей, да хворых і да здаровых, да кніжнікаў і да язычнікаў, да асобных людзей і да цэлых натоўпаў.

Евангелісты распавядаюць нам, што Езусу не было дзе прыхіліць галавы, але кажуць таксама, што Ён меў сардэчных і блізкіх сяброў, якія ахвотна прымалі Хрыста ў сваім доме. Распавядаюць таксама пра Яго спачуванне да хворых, пра Ягоны боль за тых, хто блукае, прабываючы ў няведанні, пра Яго абурэнне на крывадушных. Езус плача, калі паведамілі пра смерць Лазара, Ён злуецца на гандляроў, якія апаганьваюць святыню, Яго сэрца ўзрушвае боль удавы з Наіна.

Кожны з гэтых чалавечых жэстаў з’яўляецца адначасова жэстам Бога. «Бо ў Ім цялесна жыве ўся паўната боскасці»[29]. Хрыстус — гэта Бог, які стаўся чалавекам, чалавекам дасканалым, чалавекам беззаганым. І менавіта ў чалавечым Ён дае нам пазнаць боскае.

Узгадваючы пра гэтую чалавечую далікатнасць Езуса, які выдаткоўвае сваё жыццё на служэнне іншым, мы бачым нашмат больш, чым проста адзін з магчымых спосабаў паводзінаў. Мы адкрываем Бога. Кожны ўчынак Хрыста мае трансцэндэнтальную вартасць: дазваляе нам пазнаваць Божае быццё, запрашае паверыць у любоў Бога, які стварыў нас і хоча наладзіць з намі блізкія адносіны. «Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі і Ты даў Мне іх, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе паходзіць»[30], — усклікае Езус у той доўгай ма­літве, словы якой захаваў для нас евангеліст Ян.

Такім чынам, адносіны Езуса да людзей не застаюцца на ўзроўні адных толькі словаў або павярхоўных дзеянняў. Езус сур’ёзна ставіцца да чалавека і хоча дапамагчы яму зразумець боскі сэнс ягонага жыцця. Езус умее быць патрабавальным, умее прымусіць кожнага павярнуцца тварам да сваіх абавязкаў, вырывае з выгодаў і канфармізму тых, хто Яго слухае, каб дапамагчы ім па­знаць тройчы Святога Бога. Езус узрушваецца, убачыўшы голад і боль, але перадусім тады, калі бачыць тых, хто прабывае ў няведанні. «Выйшаўшы [з чоўна, Езус] убачыў мноства людзей і змілаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра. І пачаў іх многаму вучыць»[31].

 

Дастасаванне да нашага штодзённага жыцця

Мы звярнуліся да старонак Святога Евангелля, каб сузіраць Езуса ў Яго адносінах з людзьмі і навучыцца несці Яго нашым братам, становячыся самім Хрыстом. Выкарыстаем жа гэты ўрок, дастасоўваючы яго да нашага штодзённага жыцця, да ўласнага жыцця. Бо звычайнае і простае жыццё побач з іншымі людзьмі — гэта не нешта нікчэмнае або нязначнае. Пан хоча, каб пераважная большасць Яго дзяцей менавіта ў такіх абставінах дасягала святасці.

Неабходна зноў і зноў паўтараць, што Езус не звяртаўся да нейкай групы прывілеяваных асобаў, а прыйшоў, каб адкрыць нам паўсюдную Божую любоў. Усіх людзей Бог любіць і ад кожнага чакае любові, якімі б ні былі характар чалавека, умовы яго жыцця, грамадскае становішча, прафесія і праца. Звычайнае і простае жыццё — гэта не нейкая бязвартасная справа: усе зямныя шляхі могуць стаць месцам для сустрэчы з Хрыстом, які заклікае нас атаясаміцца з Ім, каб ажыццяўляць — там, дзе мы знаходзімся, — Яго боскую місію.

Бог кліча нас праз усё, што здараецца ў жыцці, праз цярпенні і радасці людзей, з якімі мы жывём, праз звычайныя людскія клопаты нашых сяброў, праз дробязі сямейнага жыцця. Бог кліча нас таксама праз вялікія праблемы, канфлікты і заданні, што характэрныя для кожнай гістарычнай эпохі і прыцягваюць да сябе намаганні і спадзяванні большай часткі людзей.

Добра можна зразумець нецярплівасць, смутак і трывогу тых, хто, маючы хрысціянскую па прыродзе душу[32], не адступае перад асабістай і грамадскай несправядлівасцю, на якую здольнае чалавечае сэрца. Шмат стагоддзяў людзі жывуць разам, і ўсё яшчэ існуе столькі нянавісці, столькі знішчэння, столькі фанатызму накоплена ў вачах, якія не хочуць бачыць, і ў сэрцах, якія не хочуць любіць.

Зямныя даброты падзеленыя паміж нямногімі, культурныя здабыткі застаюцца ў закрытых колах. А па-за імі пануе голад, недахоп хлеба і ведаў; там са святым — бо паходзіць ад Бога — чалавечым жыццём абыходзяцца як з нечым звычайным, як з лічбамі ў статыстыцы. Я разумею і падзяляю гэтую нецярплівасць; менавіта яна прымушае мяне ўглядацца ў Хрыста, які пастаянна заклікае нас ажыццяўляць гэтую новую запаведзь любові.

Усе сітуацыі, перад якімі ставіць нас жыццё, нясуць у сабе боскае пасланне, патрабуюць, каб мы адказвалі іншым людзям любоўю і адданасцю. «Калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. I сабраныя будуць перад Ім усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч, а казлоў — леваруч. Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: „Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне“. Тады адкажуць Яму справядлівыя: „Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?“ I Валадар скажа ім у адказ: „Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі“»[33].

Трэба распазнаць Хрыста, які выходзіць нам насустрач, у нашых братах і сёстрах, іншых людзях. Ніводнае чалавечае жыццё не адасобленае ад іншых, а пераплеценае з імі. Ніводзін чалавек не з’яўляецца асобным вершам, усе мы — частка адной боскай паэмы, якую Бог піша пры садзейнічанні нашай свабоднай волі.

Няма нічога, што было б чужое Хрыстоваму клопату. Давайце паразважаем катэгорыямі тэалогіі, не абмяжоўваючыся прывычным разуменнем рэчаў; кажучы строга, нельга сцвярджаць, нібыта існуе рэчаіснасць — ні добрая, ні высакародная, ані нават пасрэдная — якая была б выключна свецкаю, з таго моманту як Слова Бога знай­шло сабе жытло сярод сыноў чалавечых, цярпела голад і смагу, працавала ўласнымі рукамі, зведала сяброўства і паслухмянасць, цярпенне і смерць. «Бо спадабалася [Богу], каб у Ім жыла ўся паўната і каб праз Яго прымі­рыць з сабою ўсё, і зямное, і нябеснае, усталяваўшы спакой праз кроў Ягонага крыжа»[34].

Мы павінны любіць свет, працу, чалавечую рэчаіснасць. Бо свет — добры; гэта грэх Адама парушыў боскую гармонію стварэння, але Бог Айцец паслаў свайго Адзінароднага Сына, каб Ён зноў усталяваў мір. Каб мы, прыняўшы Духа ўсынаўлення, маглі вызваліць стварэнне ад разладу, прымірыць усё ў Богу.

Кожная сітуацыя чалавечага жыцця непаўторная; гэта плод пэўнага ўнікальнага паклікання, якое трэба ажыццявіць з запалам, рэалізуючы ў ім дух Хрыста. Так, жывучы па-хрысціянску сярод падобных да нас людзей — звычайна, але адпаведна нашай веры, — мы станем Хрыстом, прысутным сярод людзей.

Думкі пра вялікую годнасць місіі, да якой кліча нас Пан, могуць узбудзіць у чалавечай душы ганарыстасць, пыху. Але мы няправільна разумеем хрысціянскае па­кліканне, калі гэта асляпляе нас, калі мы забываем, што злепленыя з гліны, што з’яўляемся пылам і мізэрнасцю; што зло не проста жыве ў свеце, вакол нас, але ёсць таксама ўнутры нас, гняздзіцца ў самым сэрцы, робячы нас здольнымі на подласць і эгаізм. Толькі Божая ласка з’яўляецца цвёрдаю скалою, а мы — пясок, зыбкі пясок.

Калі кінуць позірк на гісторыю чалавецтва або на цяперашнюю сітуацыю ў свеце, становіцца балюча ад таго, што пасля дваццаці стагоддзяў так мала людзей называюць сябе хрысціянамі, а тыя, хто носіць гэтае імя, так часта няверныя свайму пакліканню. Шмат гадоў таму адзін чалавек, у сэрцы якога не было зла, але не было і веры, паказваючы на мапу свету, сказаў мне: «Гэта крах Хрыста. Столькі стагоддзяў робяцца намаганні, каб укласці ў чалавечыя душы Яго вучэнне, і вось вам вынік: няма хрысціянаў».

І цяпер няма недахопу ў тых, хто так думае. Але Хрыстус не пацярпеў паразы: Яго слова і Яго жыццё няспынна чыняць гэты свет жыватворным. Справа Хрыста, тое заданне, якое даверыў Яму Ягоны Айцец, пастаянна здзяйсняецца; Яго сіла пранізвае гісторыю, несучы сапраўднае жыццё; «калі ж усё будзе Яму падпарадкавана, тады і сам Сын падпарадкуецца Таму, хто падпарадкаваў Яму ўсё, каб Бог быў усё ва ўсім»[35].

Бог пажадаў, каб у гэтай справе, якая працягвае ажыццяўляцца ў свеце, мы былі Ягонымі супрацоўнікамі, пажадаў пайсці на рызыку, звязаную з нашай свабодаю. Мяне да глыбіні душы ўзрушвае кантэмпляцыя нованароджанага Дзіцяткі Езуса ў Бэтлееме — слабога, безабароннага немаўляці, няздольнага да якога-небудзь супраціву. Бог аддае сябе ў рукі людзей, набліжае сябе і спускаецца да нашага ўзроўню.

«Езус Хрыстус, будучы ў постаці Бога, не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі»[36]. Бог згаджаецца на нашую свабоду, на нашую недасканаласць, на нашыя слабасці. Ён дазваляе, каб боскія скарбы захоўваліся ў гліняных начыннях, каб мы, злучаючы нашыя чалавечыя недахопы з Яго Божаю сілаю, давалі магчымасць іншым людзям убачыць гэтыя скарбы.

Такім чынам, досвед граху не павінен прымушаць нас сумнявацца ў нашай місіі. Зразумела, з прычыны нашых грахоў бывае цяжка распазнаць у нас Хрыста. Таму мы павінны супрацьстаяць сваім асабістым слабасцям, шукаць ачышчэння. Аднак трэба ведаць, што Бог не абяцаў нам у гэтым жыцці поўнай перамогі над злом, але патрабуе ад нас барацьбы. Sufficit tibi gratia mea; «хопіць табе Маёй ласкі»[37], — так Пан Бог адказаў Паўлу, які прасіў вызваліць яго ад джала, што прыніжала Апостала.

Моц Бога выяўляецца ў нашай слабасці, пабуджае нас змагацца, весці бітву супраць сваіх недахопаў, нават калі ведаем, што на працягу зямнога пілігрымавання мы ніколі не атрымаем поўнай перамогі. Жыць па-хрысціянску — значыць пастаянна распачынаць і пачынаць нанова гэтае змаганне, значыць аднаўляцца кожны дзень.

Хрыстус уваскрасае ў нас, калі мы становімся са­ў­дзельнікамі Ягонага крыжа і Ягонай смерці. Трэба палюбіць крыж, пасвячэнне сябе іншым, самаўтайма­ванне. Хрысціянскі аптымізм — гэта не прыкра салодкі аптымізм і не легкадумная чалавечая ўпэўненасць, што ўсё будзе добра. Гэта аптымізм, укаранёны ва ўсведамленні свабоды, у даверы Богу і веры ў Божую ласку; аптымізм, які чыніць так, што мы становімся патрабавальнымі да саміх сябе, што прыкладаем намаганні, каб годна адказаць на Божы заклік.

Так, ужо не насуперак нашай мізэрнасці, але пэўным чынам праз нашую мізэрнасць, праз нашае жыццё звычайных людзей з цела і крыві, аб’яўляе сябе Хрыстус: у нашых намаганнях стаць лепшымі, жыць любоўю, якая прагне быць чыстаю, у намаганнях апаноўваць эгаізм і цалкам аддаваць сябе іншым, чынячы са свайго жыцця няспыннае служэнне.

На заканчэнне хацелася б падзяліцца з вамі яшчэ адною думкаю. Хрысціянін, робячы, каб Хрыстус быў прысутным сярод людзей праз тое, што ён сам з’яўляецца ipse Christus, самім Хрыстом, не толькі стараецца жыць у любові, але і праз гэтую сваю чалавечую любоў імкнецца паказаць іншым людзям любоў Божую.

Езус успрымаў усё сваё жыццё як аб’яўленне гэтай любові: «Філіпе, — адказаў Ён аднаму са сваіх вучняў, — хто бачыў Мяне, бачыў Айца»[38]. Кіруючыся гэтым, святы Ян заклікае хрысціянаў, якія самі ўжо спазналі Божую любоў, праяўляць яе ў сваіх учынках: «Умілаваныя, бу­дзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога. Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў. Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго. У тым праявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго як уміласціўленне за грахі нашыя. Калі Бог так палюбіў нас, дык і мы павінны любіць адзін аднаго»[39].

Такім чынам, трэба, каб нашая вера была жывою, каб яна сапраўды дапамагала нам давяраць Богу і пастаянна весці з Ім дыялог. Хрысціянскае жыццё павінна стаць жыццём, поўным няспыннай малітвы, імкнення заставацца ў Божай прысутнасці з ранку да вечара і з вечара да ранку. Хрысціянін ніколі не бывае самотным чалавекам, бо жыве, пастаянна падтрымліваючы адносіны з Богам, які прабывае побач з намі і ў нябёсах.

Sine intermissione orate, — заклікае Апостал, — «ня­спынна маліцеся»[40]. І, узгадваючы гэты апостальскі наказ, Клімэнт Александрыйскі піша: «Нам наказана праслаўляць і ўшаноўваць Слова, якое мы ведаем як Збаўцу і Валадара; і праз Яго ўзвялічваць Айца не ў выбраныя дні, як чыняць іншыя, але няспынна: на працягу ўсяго жыцця і ўсімі магчымымі спосабамі»[41].

Сярод штодзённых заняткаў, у моманты пераадолення схільнасці да эгаізму, адчуваючы радасць сяброўства з іншымі людзьмі — у кожнае імгненне хрысціянін павінен нанова адкрываць Бога. Праз Хрыста і ў Духу Святым хрысціянін мае доступ да блізкіх адносінаў з Богам Айцом і праходзіць свой шлях у пошуках таго Валадар­ства, якое не належыць гэтаму свету, але распачынаецца і рыхтуецца ў гэтым свеце.

Трэба падтрымліваць адносіны з Хрыстом у слове і ў Хлебе, у Эўхарыстыі і ў малітве. І звяртацца да Яго як да сябра, размаўляць з Ім як з рэальнаю і жывою істотаю, якою і з’яўляецца Хрыстус, бо Ён уваскрос. У Пасланні да Габрэяў чытаем: «Святарства Езуса не прамінае, бо Ён трывае навекі. Таму і можа Ён ва ўсе часы збаўляць тых, хто прыходзіць праз Яго да Бога, будучы заўсёды жывым, каб заступацца за іх»[42].

Хрыстус, Хрыстус уваскрослы — гэта Прыяцель, Сябра. Прыяцель, якога можна заўважыць толькі ў змроку, але Ягоная рэальнасць напаўняе ўсё нашае жыццё і чыніць так, што мы імкнемся прабываць з Ім бясконца. «А Дух і нявеста кажуць: „Прыйдзі!“ І хто чуе, няхай скажа: „Прыйдзі!“ І хто прагне, няхай прыйдзе, і хто хоча, няхай возьме ваду жыцця дарма»[43]. Возьме вечную радасць. «Той, хто сведчыць пра гэта, кажа: „Так, хутка прыйду“. „Амэн. Прыйдзі, Пане Езу!“»[44]

 

Святы Хосэмарыя Эскрыва.
 
Гамілія, прамоўленая 26 сакавіка 1967 года, у Велікодную нядзелю.
 


[1]  Мк 16, 6.

[2] Пс 118 (117), 24.

[3] Іс 49, 15.

[4] Пар. Прып 8, 31.

[5] Ян 16, 7.

[6] 1 Кар 15, 20–22.

[7] Ян 14, 23.

[8] Гал 2, 20.

[9] Пар. Гбр 13, 8.

[10] Пар. Ап 21, 6.

[11] Эф 1, 10.

[12] Ян 12, 32.

[13] Лк 24, 32.

[14] Пар. 2 Кар 2, 15.

[15] Ян 20, 29.

[16] Св. Грыгорый Вялікі. In Evangelia homiliae, 26, 9 // PL 76, 1202.

[17] 1 Цім 2, 4.

[18] 1 Ян 2, 7–10.

[19] Гбр 4, 12.

[20] Ян 15, 13.

[21] Ян 1, 38–39.

[22] Мц 4, 18–20.

[23] Лк 11, 1.

[24] Лк 11, 2.

[25] Мк 6, 31.

[26] Ян 21, 4–5.

[27] Ян 21, 6–7.

[28] Ян 21, 9–13.

[29] Клс 2, 9.

[30] Ян 17, 6–7.

[31] Мк 6, 34.

[32] Пар. Тэртуліян. Apologeticus, 17 // PL 1, 375.

[33] Мц 25, 31–40.

[34] Клс 1, 19–20.

[35] 1 Кар 15, 28.

[36] Флп 2, 6–7.

[37] 2 Кар 12, 9.

[38] Ян 14, 9.

[39] 1 Ян 4, 7–11.

[40] 1 Тэс 5, 17.

[41] Св. Клімэнт Александрыйскі. Stromata, 7, 7, 35 // PG 9, 450.

[42] Гбр 7, 24–25.

[43] Ап 22, 17.

[44] Ап 22, 20.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней