19 сакавіка, у дзень урачыстасці святога Юзафа, у памяшканні культурна-рэлігійнага цэнтра парафіі віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага адбыўся прэм’ерны паказ спектакля «Мой паламаны Хрыстус». Ажыццёўлены намаганнямі нядаўна створанай парафіяльнай тэатральнай трупы і яго кіраўнічкі сястры Ёнашы, ён прыцягнуў увагу гледачоў і добрым узроўнем выканання галоўных роляў, і адмысловымі дэкарацыямі, і, галоўнае, – глыбінёю творчае задумы, цікавымі формамі яе ажыццяўлення.
Восем юных актораў паспрабавалі данесці да аўдыторыі гісторыі людзей, якія так ці іначай сутыкнуліся (і некаторыя ўпершыню) з тым, што называецца Божым Провідам, вераю, міласэрнасцю. А найперш – з неабходнасцю даць недвухсэнсоўны адказ на пытанне: «Што патрабуе ад кожнага з нас Езус?». І хоць адказ гучыць на сцэне з вуснаў самога Езуса, шлях кожнага з персанажаў да яго ўсведамлення зусім няпросты.
«Хачу, каб ты быў Маім плячом. Каб ты і ўсе ахрышчаныя сталі Маімі рукамі. Ты Мне патрэбны. Вы ўсе Мне патрэбныя», – такі лейтматыў спектакля, які так хораша гучаў у цішыні напоўненага чаканнем свята Уваскрасення Пана дзякуючы старанням актораў-пачаткоўцаў Ганны і Сашы Абламунцоў, Ванды і Ядзі Асіпенкаў, Уладзіслава Каржанеўскага, Пятра Образава, Ягора Мінца, Вольгі Багданавай.
{gallery}2016-03-1{/gallery}
Пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ксёндз Андрэй Аніскевіч ад імя парафіяльнай супольнасці падзякаваў удзельнікам імпрэзы за цудоўны падарунак парафіянам да свята Вялікадня і выказаў спадзяванне, што гэты спектакль станецца пачаткам новых творчых дасягненняў маладога тэатральнага калектыву.
Францішак Дубраўскі.
Фота Анатоля Бандарчука-Вошлава.