Велікодная нядзеля, год С (27.03.2016)

У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. Тады пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!» Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў услед за ім Сымон Пётр і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых (Ян 20, 1–9).
 

Адзіная мэта

Кожны чалавек жыве для таго, каб падрыхтавацца да здзяйснення сваёй асабістай Пасхі — пераходу ў вечнасць. А Касцёл існуе толькі для таго, каб падрыхтаваць чалавека да гэтага пераходу. Іншай мэты ні ў чалавека, ні ў Касцёла няма! Усе часовыя мэты, якія мы сабе ставім, маюць сэнс толькі ў гэтым кантэксце, і дапушчальныя, калі прынамсі не супярэчаць асноўнай мэце, а лепш за ўсё — калі з’яўляюцца чарговымі крокамі ў яе кірунку, этапамі на шляху да яе дасягнення. 

Праўда, многія не адразу разумеюць гэта. А зразумеўшы, не заўсёды могуць вызначыць, што дапамагае, а што перашкаджае такой падрыхтоўцы. І гэта не дзіўна, нават Апосталы, як запісана ў Евангеллі, «яшчэ не разумелі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых». Таму і спадзяванні на Езуса ў іх былі далёкія ад узгаданай мэты: палітыка (вызваленне і вяртанне Валадарства Ізраэля), эканоміка (наталенне голаду), медыцына (аздараўленне хворых) і г.д. Як жа гэта знаёма! 

Трэба было ўбачыць пустую плашчаніцу, каб паверыць, што загорнуты ў яе Езус, які цудоўным чынам прайшоў праз тканіну, не абмежаваны законамі прыроды, паводле якіх нам даводзіцца жыць. А значыць, не для задавальнення нашых больш ці менш узнёслых, але звычайных натуральных патрэбаў здзейсніў Ён свой Пераход, пазначаны пакутамі і Крыжам… І боль сведчыць пра тое, што чалавеку вельмі цяжка адарвацца ад таго, што дыктуе яму натура, тым больш, аслабленая першародным грахом. 

Аднак гэтаму трэба вучыцца, бо рана ці позна ўсё давядзецца пакінуць… каб атрымаць штосьці нашмат больш каштоўнае — вечнае звышнатуральнае жыццё. 

Вельмі шкада, усё ж, што многія прыходзяць у Касцёл не для таго, каб вучыцца ў ім прыняць гэты бясцэнны дар, а каб нечым запоўніць зямны час: сустрэчамі са знаёмымі і сябрамі, цікавымі мерапрыемствамі, карыснымі заняткамі ці проста чымсьці незвычайным. У выніку, такія вернікі ператвараюць Касцёл са сродка збаўлення, які ставіць неабходныя для пераадольвання натуральных схільнасцяў вымаганні, у адну з грамадскіх арганізацый, якую можна паводле свайго жадання змяняць або падпарадкоўваць сучасным поглядам і веянням, не задумваючыся, ці наблізіць гэтая перамена чалавека да лепшага разумення адзінай мэты, ці ўмацуе на шляху да яе…

Пасха Хрыстовая — гэта радаснае свята. Але яе радасць не мае нічога агульнага з пачуццёвай эйфарыяй, якая ўзнікае пры ажыццяўленні зямных чаканняў ці пры добрым самаадчуванні. Гэта ціхая, светлая і спакойная радасць, што вынікае з веры ў перамогу Збаўцы і ў Яго вернасць абяцанням, з надзеі на сустрэчу з тымі, з кім яднае нас сапраўдная любоў, якая, нягледзячы на ўсе цяжкасці, імкнецца ўсіх прывесці да крыніцы вечнага жыцця і незямнога шчасця… 

Менавіта такой радасці хочацца ў гэты дзень пажадаць усім, бо толькі яна здольная ўзняць чалавека з ягоных смуткаў і праблем і заахвоціць да плённага супрацоўніцтва з ласкаю ўваскрослага Хрыста ў дасягненні мэты!

Айцец Міхал Ермашкевіч OP

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней