Другая Велікодная нядзеля, год С (03.04.2016)
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: «Спакой вам!» І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок.
Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».
Тамаш, адзін з Дванаццаці, якога звалі Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: «Мы бачылі Пана!» Але ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу».
І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: «Спакой вам!» Потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!» У адказ Тамаш сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!» Езус сказаў яму: «Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!» Шмат іншых знакаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.
(Ян 20, 19–31)
«Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!»
Калі вы яшчэ не чыталі «Дзённіка» святой Фаўстыны Кавальскай, то сёння, у Нядзелю Міласэрнасці, варта прыняць рашэнне на гэты 2016 год, Год Міласэрнасці, прачытаць гэтую вельмі важную для духоўнага жыцця кнігу. Праз святую Фаўстыну Пан Езус дае нам тры прылады сваёй міласэрнасці: навэнну, Вяночак і абраз Божай Міласэрнасці. Няхай сёння каментарам да Евангелля будуць два пункты з «Дзённіка» святой Фаўстыны аб тым, якою важнаю з’яўляецца малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці ў перспектыве нашага адыходу з гэтага свету.
«Тым, хто моліцца гэты вяночак, Мне прыемна даць усё, аб чым яны Мяне папросяць. Калі яго будуць маліцца закаранелыя грэшнікі, Я напоўню іх душы спакоем, а гадзіна іх смерці будзе шчаслівая. Напішы гэта для засмучаных душаў: калі душа ўбачыць і зразумее цяжар сваіх грахоў, калі адкрыецца перад вачыма яе душы ўся бездань мізэрнасці, у якой яна патанула, няхай яна не адчайваецца, але з даверам кідаецца ў абдымкі Маёй міласэрнасці, як дзіця ў абдымкі любай матулі. <…> Ніводная душа, якая заклікала Маю міласэрнасць, не падманулася і не спазнала сораму. Мне асабліва падабаецца душа, якая даверылася Маёй дабрыні. Напішы, што, калі гэты вяночак будуць маліцца каля паміраючых, Я стану паміж Айцом і паміраючаю душою не як справядлівы Суддзя, а як міласэрны Збаўца» (Дз. 1541).
«У гадзіну смерці Я абараняю кожную душу, як сваю хвалу, калі яна моліцца гэты вяночак. <…> Калі пры паміраючым моляцца гэты вяночак, уціхамірваецца гнеў Божы, неспасцігальная міласэрнасць атуляе душу» (Дз. 811).
Падрыхтаваў айцец Раман Шульц OP