Трэцяя Велікодная нядзеля, год C (10.04.2016)
Пасля гэтага Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так. Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Зэбэдэя і двое іншых з вучняў Ягоных. Сымон Пётр сказаў ім: «Іду лавіць рыбу». Яны адказалі яму: «І мы пойдзем з табою». Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі.
Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. Сказаў ім Езус: «Дзеці, ці маеце што з’есці?» Яны адказалі Яму: «Не». А Ён сказаў ім: «Закіньце сетку з правага боку чоўна, і знойдзеце». Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы. Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: «Гэта Пан!» Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора. А іншыя вучні прыплылі на чоўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, цягнучы сетку з рыбай.
Калі ж выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб. І сказаў ім Езус: «Прынясіце рыбы, што цяпер налавілі». Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзясят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася. Сказаў ім Езус: «Хадзіце ж, снедайце». Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Пан.
Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, і таксама рыбу. Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.
Калі ж яны паснедалі, Езус сказаў Сымону Пятру: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» Той адказаў Яму: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі ягнят Маіх». Зноў сказаў яму другі раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Ён адказаў: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе?» Езус сказаў яму: «Пасі авечак Маіх». І сказаў яму трэці раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці любіш ты Мяне?», і сказаў: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус сказаў яму: «Пасі авечак Маіх. Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш». А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў сказаў яму: «Ідзі за Мной».
(Ян 21, 1–19)
Любоў, якая дае
У тую ноч Пётр і яго таварышы нічога не злавілі… Гэтак жа, як і мы, яны перажывалі цяжкасці, паразы, жыццёвыя перыпетыі. Аднак жа яны давяралі Езусу і закінулі сеткі з правага боку чоўна. Улоў пераўзышоў іх самыя смелыя чаканні. Пан у адно імгненне перамяніў усё.
Гэтая гісторыя напоўненая сімваламі. Евангеліст арыгінальна спалучае цудоўны ўлоў з велікодным пасілкам. Гэтыя два такія важныя здарэнні, што адбываюцца на самым пачатку паклікання Пятра, надаюць сэнс яго пасланніцтву. У сваім змаганні ён не адзін. Разам з ім, у самым сэрцы яго слабасцяў, ёсць Хрыстус.
Магчыма, яшчэ важнейшым за цудоўны ўлоў з’яўляецца тое, што адбываецца праз хвіліну. «Споведзь» першага Папы Рымскага, дыялог, які вядзе з ім Езус на беразе возера. Тры разы Ён задае пытанне пра любоў. У мове Бібліі лічба «тры» сімвалічная; тры разы Пётр выракаецца Езуса, тры разы ён кажа: «Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Перафразуючы, можна дадаць да гэтага адказу такія словы: «Ты ведаеш маё сэрца, і хоць у ім шмат страху, я давяраюся Табе». Гэта адзін з найпрыгажэйшых урыўкаў у Евангеллі.
Гэтая сцэна паказвае, што крыніцаю нашага паклікання з’яўляецца любоў Езуса. Гэта Ён першы выказаў сваю любоў да нас падчас Апошняй вячэры, а пасля пацвердзіў яе, памёршы на крыжы. І ў адносінах да Пятра, і ў адносінах да кожнага з нас заўжды актуальныя Яго словы: «Я папрасіў за цябе, каб не знікла твая вера. І ты, калі вернешся, умацуй братоў сваіх» (Лк 22, 32).
Хуан Уартэ Асакар OP
Па матэрыялах часопіса «W drodze»