Навучыцца дзякаваць, як св. Фаўстына

Чытаючы «Дзённік» св. сястры Фаўстыны, можна знайсці шмат радкоў, у якіх яна дзякуе Богу за тое, што перажывала ў сваім уласным жыцці. Напрыклад, яна дзякуе проста за тое, што з'яўляецца дзіцем Божым. «Сёння я жыву праслаўленнем Святой Тройцы. Я дзякую Богу, што Ён праз ласку пажадаў учыніць нас сваімі дзецьмі» (Дз. 1819).

Як любое дзіця, якое ведае, што бацькі любяць яго, пастаянна благаслаўляюць і абараняюць ад небяспекі, св. Фаўстына атрымлівае асалоду ад пастаяннага клопату Бога пра яе. Яна піша: «Пане, найперш я адкрываю каля Твайго падножжа сваё сэрца з яго водарам удзячнасці за столькі ласкаў і дабрадзействаў, якімі Ты нястомна абсыпаеш мяне, і нават калі б я захацела іх палічыць, гэта было б немагчыма. Я памятаю толькі адно — што не было ў маім жыцці моманту, калі б я не адчувала Тваёй апекі і дабрыні» (Дз. 1489).

Святая Фаўстына дзякавала Пану Богу за многія магчымасці, якія Ён даваў ёй, каб яна магла рабіць дабро іншым нават у простым служэнні ў якасці брамніцы кляштара: «О, як я рада, што настаяцельніцы далі мне такую працу. Я разумею, што міласэрнасць бывае самая розная; заўсёды і ўсюды, у любы час можна рабіць дабро. Гарачая любоў да Бога бачыць навокал пастаянную неабходнасць аддаваць сябе праз учынак, слова і малітву» (Дз. 1313).

Перш за ўсё яна дзякавала Пану за тое, што Ён збавіў свет і даў нам магчымасць дзяліцца пладамі адкуплення праз Эўхарыстыю: «У часе святой Імшы я дзякавала Пану Езусу за тое, што Ён пажадаў адкупіць нас і за гэты найвялікшы дар, а менавіта за тое, што Ён пажадаў нам даць сваю любоў у святой Камуніі, гэта значыць самога сябе. У тое самае імгненне я была ўзнесеная ва ўлонне Найсвяцейшай Тройцы і акунутая ў любоў Айца, Сына і Духа Святога. Гэтыя моманты цяжка апісаць» (Дз. 1670).

Мабыць, самым дзіўным было тое, што св. Фаўстына ўзносіла вялікую ўдзячнасць Пану нават за тыя шматлікія крыжы, ад якіх яна пакутавала, нават калі яна не разумела, чаму Ён дазволіў такому здарыцца з ёю і якую ролю гэта можа адыграць у Яго міласэрным плане адносна яе жыцця. Я поўны глыбокай павагі і здзіўлення, калі чытаю ўрывак 343 з «Дзённіка», а таксама пра ўсе пакуты, за якія св. Фаўстына дзякуе, цалкам давяраючы Езусу (сам я звычайна скарджуся, бурчу, нават адчайваюся, калі вымушаны пакутаваць ад падобных рэчаў!): «Дзякую Табе, Езу, за штодзённыя дробныя крыжыкі, за перашкоды ў маіх намерах, за цяжкасці супольнага жыцця, за дрэннае разуменне намераў, за прыніжэнне з боку іншых людзей, за насмешлівае абыходжанне з намі, за несправядлівыя абвінавачванні, за слабое здароўе і бяссілле, за адрачэнне ад сваёй волі, за прыніжэнне свайго „я“, за неразуменне ва ўсім, за разбурэнне ўсіх планаў. Дзякую Табе, Езу, за ўнутраныя цярпенні, за ачарсцвеласць душы, за трывогі, страхі і сумненні, за цемру і глыбокі ўнутраны змрок, за спакусы і розныя выпрабаванні, за мучэнні, якія цяжка выказаць, і асабліва за тыя, у якіх нас ніхто не зразумее, за гадзіну смерці, за цяжар барацьбы падчас яе, за ўсю яе горыч. Дзякую Табе, Езу, за тое, што першы выпіў гэты келіх горычы, а пасля менш горкі падаў мне... У Табе, Пане, усё добрае, што дае Тваё айцоўскае сэрца; я не аддаю перавагі радасцям над горыччу, ані горычы над радасцямі, але за ўсё дзякую Табе, Езу».

І, нарэшце, св. Фаустына дзякуе нашаму Пану за распаўсюджванне набажэнства да Яго міласэрнасці, якая ратуе столькі душаў ад граху і адчаю: «Пасля я ўступіла ва ўнутраную размову з Панам, дзякуючы Яму за тое, што Ён пажадаў даць мне такую ласку бачыць, як пашыраецца ўшанаванне Яго невычэрпнай міласэрнасці. Я засяродзілася на глыбокай малітве падзякі. О, якая вялікая Божая шчодрасць. Няхай будзе благаслаўлёны Пан, верны сваім абяцанням…» (Дз. 1300).

Калі вы хочаце навучыцца дзякаваць Богу так, як гэта рабіла св. Фаўстына, вось адзін са спосабаў зрабіць гэта. Раніцаю, прачнуўшыся, адкрыйце «Дзённік» і пачніце свой дзень, чытаючы яе вялікую песню хвалы нашаму Створцу ва ўрыўку 1750, дзе яна піша пра ўсю веліч і благаслаўленні, якія Ён даў нам у прыродзе: 

«Будзь праслаўлены, Створца наш і Пане.
Сусвет увесь, праслаўляй Пана ў пакоры...»

Потым, увечары, прачытайце ва ўрыўку 1286 яе вялікую песню падзякі за ўсе звышнатуральныя ласкі Бога, асабліва тыя, якія выліваюцца на нас праз сакрамэнты. Урывак гэты заканчваецца такімі словамі: 

«Дзякуй Табе, Тройца Святая, за гэтую безліч ласкаў,
Якімі Ты ўсё жыццё нястомна мяне абсыпаеш.
Мая ўдзячнасць памножыцца, калі святло вечнае завітае,
Калі я ўпершыню запяю на хвалу Тваю, Пане…»

 

Д-р Роберт Стэкпоўл, STD, 
дырэктар Інстытута Божай Міласэрнасці Яна Паўла ІІ

Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.

Паводле: http://www.thedivinemercy.org

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней