Дзеля памяці і міласэрнасці

2 красавіка ў культурна-рэлігійным цэнтры віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага адбылося чарговае спатканне пад назваю «Кожны талент ад Бога». Умоўна яно складалася з дзвюх частак. Падчас першай, прымеркаванай да тыдня Божай міласэрнасці, выступіў дырэктар Віцебскага дыяцэзіяльнага аддзялення «Карытаса», ад нядаўняга часу пробашч парафіі кс. Андрэй Аніскевіч. Ён падзяліўся ўражаннямі ад сваёй працы ў Італіі і на Лепельшчыне, распавёў пра штодзённыя дабрачынныя справы Касцёла на карысць людзям, якім патрэбна дапамога. Аповед кс. Андрэя выклікаў жывую зацікаўленасць удзельнікаў імпрэзы, аб чым сведчыла вялікая колькасць пытанняў да яго. 

Другая частка спаткання прайшла пад знакам памяці нядаўна спачылага народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, чые палымяныя, прасякнутыя высокім грамадзянскім пафасам творы неаднойчы друкаваліся на старонках каталіцкіх выданняў. Ушанаваўшы памяць знакамітага суайчынніка хвілінаю маўчання, прысутныя ўзгадалі ролю паэта ў айчыннай літаратуры, паслухалі яго творы ў выкананні пастаяннай удзельніцы спатканняў, выкладчыцы польскай мовы Анэлі Зайцавай. Загадчыца літаратурнай часткі віцебскага тэатра «Лялька», паэтка Людміла Сіманёнак, прадэкламавала ў гонар Ніла Гілевіча нізку сваіх уласных вершаў. Гучалі таксама творы Максіма Багдановіча, Анатоля Канапелькі, іншых беларускіх і замежных паэтаў.

{gallery}2016-04-2{/gallery}

Як заўсёды, уразілі музычныя выканаўцы, навучэнцы Віцебскага музычнага каледжа імя І. Салярцінскага — Мірон Галецкі (скрыпка), Канстанцін Аганоўскі (гітара), Марыя Кашкур (скрыпка). Як сведчанне таго, што, нягледзячы на выклікі і катаклізмы сучаснага свету, жыве ў моладзі прага прыгожага, успрымалі людзі старэйшага веку чыстыя гукі твораў вялікіх кампазітараў мінуўшчыны ды радаваліся, што ёсць каму захаваць іх у памяці і памножыць, і перадаць у спадчыну наступным пакаленням.

Францішак Дубраўскі.

Фота Анатоля Бандарчука-Вошлава.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней