«Не так, як дае свет»

Шостая велікодная нядзеля, год С (01.05.2016)

Езус сказаў сваім вучням: «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго. Хто не любіць Мяне, той не захоўвае слоў Маіх. А слова, якое вы чуеце, не Маё, а Айца, які паслаў Мяне. Я сказаў вам гэта, будучы з вамі. А Суцяшыцель, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам. Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца. Вы чулі, што Я сказаў вам: адыходжу і прыйду да вас. Калі б вы Мяне любілі, то радаваліся б, што Я іду да Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне. І цяпер Я сказаў вам, перш чым гэта станецца, каб вы паверылі, калі гэта станецца»

 (Ян 14, 23–29)

«Не так, як дае свет»

Гэтая нядзеля спалучае ў сабе шмат важных творчых асацыяцый. Мы перажываем Велікодны перыяд, браты праваслаўныя святкуюць сёння Пасху. Літургія Вялікадня абуджае ў чалавеку ўдзячнасць Богу за найбольшы дадзены нам дар, за Езуса Хрыста. Першага траўня мы звычайна ўзгадваем святога Юзафа, узор працуючых. Прыгожы квітнеючы травень — гэта месяц, прысвечаны Марыі. 

Атрымліваецца, што мы ўзгадваем усю Святую Сям’ю: Езуса, Марыю і Юзафа. Магчыма, вам ужо трапіла ў рукі новая адгартацыя папы Францішка, плён руплівай працы апошніх двух Сінодаў біскупаў: «Amoris Laeticia», аб любові ў сям’і. У Евангеллі, што чытаецца сёння падчас святой Імшы, ёсць словы: «Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю». У дзвюх кнігах, якія чытаю ў апошні час, я знайшоў думкі на тэму сям’і, пра тое, што варта не шукаць спакою, які прапануе свет, а імкнуцца быць адкрытымі Хрыстоваму спакою. Найперш, гэта словы з катэхізіса, падрыхтаванага да Сусветнай сустрэчы сем’яў у Філадэльфіі: «Cпасылаючыся на словы святога Аўгустына, мы сцвердзілі, што мець дзяцей трэба не толькі для таго, каб працягваць род або ствараць грамадскую супольнасць, а таксама для таго, каб напаўняць нябесны горад радасцю новага жыцця» (Любоў — нашае пакліканне.  Сям’я, якая жыве ў паўнаце: Падрыхтоўчы катэхізіс да Сусветнай сустрэчы сем’яў, Філадэльфія,  22–27.09. 2015, № 96).

Яшчэ адна цытата — з інтэрв’ю з бацькамі Анджэя Дуды, новага прэзідэнта Польшчы. Спадар Ян Дуда, бацька прэзідэнта, кажа: «Адказны бацька перадусім марыць пра тое, каб яго дзіця пасля доўгага, добрага і шчаслівага жыцця было збаўленае. Мне гэта здаецца самым важным, бо як інакш? Каб дзіця перамагло ў конкурсе прыгажосці? Каб стала багатым? Гэта ўсё вельмі прывіднае, крохкае. Гэта прамінае. Калі нехта сур’ёзна ставіцца да Евангелля, ён нічога не можа жадаць для свайго дзіцяці так моцна, як збаўлення» (Бацькі прэзідэнта, Яніна Мілеўска Дуда, Ян Тадэвуш Дуда ў размове з Міленаю Кіндзюк. Выдавецтва Esprit, Кракаў, 2015, ст. 35).

Гэтыя дзве цудоўныя думкі мне хацелася б змясціць яшчэ ў адзін кантэкст. 29 красавіка Каталіцкі Касцёл адзначае свята святой Кацярыны Сіенскай, дамініканкі, Доктара Касцёла і апякункі Еўропы. Для нас вельмі незвычайным здаецца цяпер факт, што Кацярына была 24 з 25 дзяцей ў сям’і. Што за дзіва! Якая цудоўная плоднасць, што жадае «напоўніць неба дзецьмі» і адарыць іх такім чынам паўнатою жыцця. Як узрушваюць у гэтым кантэксце словы таты польскага прэзідэнта: «жадаць для дзяцей збаўлення». Няхай такая атмасфера пануе ў каталіцкіх сем’ях. Будзем жа маліцца ў траўні разам з Марыяй за сем’і, каб яны былі моцныя Богам і клапаціліся пра збаўленне дзяцей, напаўнялі горад Божы — Касцёл і неба — вялікаю колькасцю дзяцей. Такім чынам, не шукаючы спакою, які дае свет, яны стануць сведкамі Божага Валадарства і Езусавага спакою.

Айцец Раман Шульц OP

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней