Некалькі словаў пра альбом, прысвечаны 25-годдзю Гродзенскай дыяцэзіі
Юбілейны Год Божай Міласэрнасці сімвалічна супаў з іншымі важнымі юбілейнымі датамі ў Касцёле на Беларусі. Менавіта да адной з іх прымеркаваны выхад кнігі, назва якой гаворыць сама за сябе: «25-годдзе Гродзенскай дыяцэзіі і біскупскага служэння біскупа Аляксандра Кашкевіча. 1991–2016» (выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі Рыма-Каталіцкага Касцёла). У кнігу, распачатую ўступным словам пастыра гэтага мясцовага Касцёла, увайшлі «Кароткі нарыс гісторыі Гродзенскай дыяцэзіі» і блок фотаздымкаў, прысвечаных найбольш значным момантам з яе жыцця — урачыстасцям, святарскім і біскупскім пасвячэнням, пілігрымкам і важным пастырскім сустрэчам.
Усе тэксты ў альбоме падаюцца на беларускай, польскай і англійскай мовах. Ён стане добраю памяткаю для кожнага верніка Гродзенскай дыяцэзіі або яе госця, таму што звесткі, змешчаныя ў ім, як і кожны фотаздымак, маюць гістарычную значнасць для ўсяго беларускага народа і ўсяго Касцёла.